“Страказа” ў небе

Генадзь Даўгін нарадзіўся і вырас у Лепелі, аднак ужо даволі доўгі час жыве ў Санкт-Пецярбурзе. Часта прыязджае на малую радзіму наведаць радню, сяброў. У 90-ыя гады Генадзь заняўся бізнэсам, справы шпарка пайшлі ўгару, удалося сабраць пэўны капітал. Зараз ён адышоў ад спраў па стане здароўя, бізнэсам кіруюць давераныя асобы, а сам жыве на працэнты як ранцье.

Застаўшыся без справы, мужчына, каб чымсьці заняцца, захапіўся рыбнай лоўляй, тым больш, што бераг Фінскага заліва знаходзіцца ў 10 — 15 метрах ад яго дома. Як сам кажа, выціснуўшы з рыбнай лоўлі ўсё, што можна было, вылавіўшы ўсялякай рыбы, зноў засумаваў. Аднак з год таму зрабіў для сябе новае адкрыццё – верталётна-мадэльны спорт.

У маладыя гады Генадзь быў экстрэмалам, паспрабаваў сябе ў розных відах спорту, у тым ліку пілатаваў самалёты і верталёты. Цяпер самому сядаць за штурвал паветранай машыны не дазволіць здароўе — значыць, можна зрабіць мадэль і кіраваць ёю.

— Скажыце, чаму вы спынілі свой выбар менавіта на мадэлях верталётаў? Самалёты, на маю думку, лягчэй пілатаваць.

— Менавіта за складанасць і выбраў. З юнацтва любіў ставіць перад сабой складаныя задачы і дабівацца іх вырашэння.

— Чым адрозніваецца пілатаванне мадэляў самалёта і верталёта?

— Самалёт весці прасцей, больш зразумела дынаміка яго паводзінаў у паветры. Калі нават не завёўшы матор пусціць самалёт, то ён, дзякуючы сваёй аэрадынаміцы, можа праляцець пяць – дзесяць секунд, а потым, магчыма, і сядзе на зямлю непашкоджаным. У верталёта ж аэрадынаміка як у цагліны: пусціш яго з рук – тут жа бразнецца аб зямлю і што-небудзь зломіць. Таму пілатаваць мадэль верталёта цяжэй. Хаця, з іншага боку, нашмат цікавей, чым самалёт – маленькі верталёцік можа ў паветры выкруціць такія фігуры, якія ніколі не ўдасца зрабіць самалёту.

— Колькі каштуе такое захапленне?

— Адразу скажу – нямала. У прынцыпе, цацачную мадэльку верталёціка, так званую “страказу”, можна набыць долараў за сто – дзвесце. Аднак мадэлі прафесійныя, прыгодныя для ўдзелу ў чэмпіянатах, каштуюць на некалькі парадкаў даражэй, ад тысячы долараў і вышэй.

Звычайна такі верталёт уяўляе сабой канструктар “зрабі сам”, спартсмен купляе, падганяе розныя камплектуючыя, дабіваючыся найлепшай кіруемасці.

— Вы самі ўжо ўдзельнічалі ў якіх-небудзь чэмпіянатах?

— Хіба што ў якасці спонсара. Верталётным авіямадэлізмам я займаюся адносна нядаўна, таму не напрацаваў неабходных уменняў і навыкаў. Гляджу цвяроза, у сілу ўзросту ўжо ніколі не дасягну чэмпіёнскага ўзроўню. Тут справа такая: чым раней пачнеш займацца, тым большых вынікаў дасягнеш.

Таму заўважыў двух, на мой погляд, вельмі перспектыўных юнакоў і ўзяўся іх спансіраваць, набываю неабходныя камплектуючыя для таго, каб яны маглі спакойна трэніравацца і ўдала выступаць у чэмпіянатах.

— Чым гэтыя маладыя людзі ўразілі вас?

— Смеласцю. Праілюструю прыкладам. Выступае на чэмпіянаце хлопец. За свае грошы ён сабраў верталёт, запасных частак і камплектуючых у яго мала ці зусім няма, таму гэты спартсмен вядзе сваю “страказу” акуратна, нават асцярожна, баючыся пашкодзіць, па гэтай прычыне не адважваецца на рызыкоўную фігуру. А вось адзін мой хлопец, Дзіма, сходу, што называецца, бярэ быка за рогі, адразу ўзлятае рэзка і пачынае выпісваць фігуры самыя мудрагелістыя і небяспечныя.

На апошнім чэмпіянаце, які праходзіў пад Санкт-Пецярбургам другога і трэцяга ліпеня, прысутнічаў і выступаў Гвіда з Італіі, адзін з найлепшых у Еўропе і свеце авіятараў-верталётамадэлістаў. Аб’яўляюць чарговага спартсмена, Гвіда толькі гляне, як той узлятае, і губляе ўсялякую цікавасць – няма смеласці. А як толькі ўзляцеў Дзіма, італьянец сачыў не адрываючыся за выступленнем, а пасля падбег і горача абняў.

— Чым жа Дзіма так уразіў мэтра?

— Хлопец так смела кідаў машыну з фігуры ў фігуру, што тая развалілася ў паветры.

— Як так?

— Як вядома, на лятальны апарат у палёце ўздзейнічаюць перагрузкі. Натуральна, што тэхніка, асабліва вялікія грузавыя крылатыя і вінтакрылыя машыны, цяжка іх пераносяць. Уявіце сабе, у якія віражы хлопец накіраваў “страказу”, што яе разарвала ў паветры! З аднаго боку можна падумаць, што гэта паражэнне, аднак бачылі б вы, як успрынялі ўбачанае гледачы, асабліва Гвіда. Яны высока ацанілі смеласць юнага мадэліста!

— А вы на тым чэмпіянаце выступілі ў якасці спонсара?

— Адным са спонсараў. Нас было некалькі чалавек, якія пагадзіліся падтрымаць верталётны авіямадэльны спорт. Гэта адразу дало станоўчыя вынікі. Калі раней арганізатарам ледзь-ледзь удавалася набраць грошай на мізэрныя прызавыя, то сёлета падарункі за прызавыя месцы былі багатыя.

— Можа правядзеце ў Лепелі адзін – два палёты мадэляў верталётаў?

— Калісьці ў нашым горадзе быў авіямадэльны гурток, там, сярод іншых, вучыў дзяцей і падлеткаў Леанід Тумашкоў. На вялікі жаль, у апошнія гады авіямадэльны спорт на Лепельшчыне заціх. А я магу паказаць палёт верталёта хоць зараз.

Пасля гэтага Аляксандр дастаў з багажніка сваёй машыны маленькую мадэль і мы пайшлі ў цэнтр двара. Тут жа сабралася кампанія цікаўных суседзяў. Электраматорчык раскруціў вінты, і машына ўзляцела. Зрабіўшы за тры хвіліны некалькі піруэтаў, паслухмяная камандам з пульта, зноў села ў цэнтр двара. Мужчыны і жанчыны дружна сталі хваліць пілота.

— Дзе можна купіць падобны апарат, каб павучыцца пілатаванню?

— Чарговасць задач пастаўлена няправільна: спачатку трэба навучыцца пілатаваць, а потым, узважыўшы і ацаніўшы свае здольнасці, можна задумвацца пра набыццё “страказы”. Навучыцца ж кіраваць падобным лятальным апаратам аптымальна з дапамогай камп’ютарнай праграмы-стымулятара. У праграме мадэлюецца палёт “страказы” пэўнай мадэлі — ты вучышся ёю кіраваць. Падобную праграму я прывёз Лёню Тумашкову, загрузіў у адзін з камп’ютараў яго клуба.

Васіль МАТЫРКА.

 На здымку: Генадзь Даўгін рыхтуе мадэль да запуску.

Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>