У Бароўцы вучацца тыповыя прадстаўнікі «пакалення Next»

568 Даўно збіраўся пазнаёміцца з Антонам Кавалёвым. Шмат чуў пра яго ў моладзевым асяродку. Як-ніяк, другая асоба ў Маладзёжнай палаце. Шмат расказвала пра яго першы сакратар ГА «БРСМ» Таццяна Шчэрбач, ды і ўвогуле, якія б маладзёжныя навіны ні паступалі з Бароўскай школы, амаль усюды прысутнічала прозвішча Кавалёва. Як тут не зацікавіцца.

І вось я ў Бароўцы, ёсць магчымасць сустрэцца. На сустрэчу, аднак, Антон прыйшоў не адзін, а з аднакласнікам Косцем Сарамбаевым. Напачатку я быў здзіўлены і нават заінтрыгаваны, але ўжо хвілін праз дзесяць размовы здзіўлення і след прастыў. Зразумеў, што Антона без Косці проста не бывае, як, зрэшты, не бывае і Косці без Антона.

І вось перада мною два бароўскія інтэлектуалы з адзінаццатага класа, двое маладых людзей, пра якіх смела можна казаць: “зЗ гэткімі – будучыня”.

Неяк “УКантакце” трапілася мне песня, лёгкая такая, прыгожая, светлая. Называецца «У друзей нет выходных». Скачаў яе на сваю старонку і падмацаваў фотаздымкам, «левым», проста з інтэрнэту. Цяпер буду ведаць, пра каго менавіта гэта песня, і, магчыма, нават памяняю фота. Ну, вядома ж, яна пра Кавалёва і Сарамбаева з Бароўкі. Спецыяльна для іх напісана.

Пасябравалі яшчэ ў другім класе, калі Антон прыехаў у Бароўку з-пад Смаленска. Зрэшты, дружба вырасла са здаровай канкурэнцыі. Абодва ж выдатнікі. Увесь час вялі негалосную спрэчку за першынство, пакуль урэшце не сталі адзін другога дапаўняць. Бліжэй пазнаёміліся за бяскрыўднымі дзіцячымі гульнямі. Калі раптам адзін зайграў на трубе – другому захацелася таксама. Потым Косця пачаў на гітары вучыцца іграць, Антон – на клавішах. Спортам займацца пачалі… Косця захапіўся веславаннем. Яны і зараз і самі іграюць, і іншую музыку слухаюць.

— Музыка таксама не павінна быць бяздумнай, — робіць філасофскае заключэнне акадэмічны Канстанцін.

Ніякіх Косцяў! У класе Сарамбаева завуць менавіта Канстанцінам.

— А я люблю, каб музыка “качала”, — дапаўняе сябра крыху авантурны Антон.

Менавіта дапаўняе. Яны не спрачаюцца. Спрачаліся хіба можа тады, калі былі маленькімі. Мінулі тыя часіны. Ніколі не варагавалі, ніколі не зайздросцілі адзін аднаму, хіба  што па-добраму, ніколі не стамляліся сябраваць. У дружбы не бывае выхадных…

Разам абодвух выбралі ў Маладзёжны парламент. Акрамя іх яшчэ дзяўчыну – Таццяну Матлаш. Разам былі на аўтапрабегу ў Домжарыцах – елі салдацкую кашу, ігралі ў «палкавым аркестры», ускладалі кветкі да свяшчэнных магілаў. Летась абодва ездзілі на абласную алімпіяду па інфарматыцы, сёлета зноў паедуць: Антон – па інфарматыцы, Косця – па фізіцы.

— Ведаеце, я да алімпіяднікаў, як і да «круглых» выдатнікаў, стаўлюся з пэўнай доляй насцярогі і нават іроніі. Канікулы. Дзеці павінны адпачываць. Дзе тыя санкі, лыжы? Няма снегу – ладна. Дзе тая трэнажорка, парк, дзяўчаты. Урэшце камп’ютар з вольным сецівам. І толькі «завучкі», утуліўшы галаву ў плечы, у вольны свой час едуць задачкі рашаць. Што вы на гэта скажаце?

— Не, — першым парыруе імпульсіўны Канстанцін. — Не кажыце. Алімпіяда – здорава. Ты вучышся і не ведаеш, на што ты варты, бо проста няма з кім паканкурыраваць, праявіць сябе. Алімпіяда дае такую магчымасць. Тым самым дае стымул да развіцця.

— Больш таго, — падхоплівае Антон, — пад час алімпіяды знаёмішся з новымі людзьмі, можна нават пасябраваць. А «завучак» мы бачылі таксама, з утуленымі, як вы кажаце, плячыма. Ёсць і такія, што нават за сабою не сочаць. Усё ад чалавека залежыць. Не хвалюйцеся, мы не з такіх,  галаву ў плечы ўтульваць не збіраемся. Між іншым, алімпіяда таксама вучыць уменню трымацца. Думаеце, у нас спачатку не было мандражу?

Прызнацца, падобнага «гімна» школьнаму алімпійскаму руху я пачуць не чакаў. Лішні доказ таго, што Антон з Косцем зусім не «шэранькія мышкі» ў сваім асяродку, а ўжо юныя асобы, думаюць яны неардынарна. Вось толькі б не заганарыліся ды нос не задралі.

За кароткую сустрэчу мы паспелі пагаварыць пра многае – пачалі з тых сцэнак, што класам рыхтуюць да навагодняга вечара, закончылі іх будучай прафесіяй. Яны нават у адзін універсітэт паступаць сабраліся – БДУІР, хіба што на розныя факультэты.

Ну а калі не атрымаецца… то ўсё роўна штосьці ды «выгарыць», яны па-любому знойдуць сабе прымяненне.

— Не люблю выпадковасць і несправядлівасць, — прызнаецца Канстанцін.

— Люблю, калі ў жыцці ўсё ідзе сваім шляхам, без вагання ў розныя бакі і рэзкіх рухаў, — як заўсёды, дапаўняе яго сябра.

Праз колькі дзён Антон апране кажух Дзеда Мароза, а Косця прымерыць на сабе мантыю іншых сцэнічных персанажаў вясёлай навародняй казкі. Будзе прыкольна. Яны ж яшчэ і прыкалісты са школьнага клуба вясёлых і знаходлівых. Але гэта ўжо іншае амплуа. Новы год прынясе сябрам новыя клопаты. Спадзяюся, прыемныя, школа закончыцца, але працягнецца шлях у самастойнае жыццё. Хочацца верыць, што ён будзе невыпадковым, без рэзкіх рухаў і ваганняў і ў кожнага – свой.

Уладзімір МІХНО.

На здымку:Антон Кавалёў і Канстанцін Сарамбаеў сябры па школе і па жыцці.

 Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>