Да ранішняй расы

Камбайн КЗС-1218 убачылі з Аршанкі. Рухаўся ён па вялікім збожжавым полі ў воблаку пылу – дзень быў сухі, бязветраны. Збочылі на жвіроўку ў Двор-Людчыцы, з’ехалі на поле.

— Зараз пад’едзе сюды, — праінфармаваў дырэктар сельскагаспадарчай установы “Лепельская сортавыпрабавальная станцыя” Сяргей Матвееў.

Спецыяльна ехалі да старшага камбайнера Анатоля Жылінскага, каб павіншаваць з працоўнай перамогай – толькі што ён другім у раёне (пасля Аляксандра Буйніцкага з сельгасфіліяла “Заазер’е”) намалаціў тысячную тону збожжа.

Нечаканасцю такі рэкорд не быў. Анатоль ужо чатыры гады запар “біў” яго, а двойчы намалочваў больш за паўтары тысячы тон. Так што сёлетняе дасягненне чакалі як нешта абавязковае, само сабой зразумелае. Нават, паразважаўшы, дзіўна рабілася. Каб тысячу тон намалаціў хтосьці ўпершыню, гэта выглядала б больш сенсацыйна. А Жылінскі проста не мог не зрабіць гэта. Вось так часам працоўны подзвіг незаслужана пераходзіць у шэраг звычайнага.

У чаканні падыходу камбайна ўзгадалі, як аднойчы на жніве ў адну ноч спаборнічалі паміж сабой за першынство раёна па намалоце тысячы тон збожжа Анатоль Жылінскі і Аляксандр Жарнасек з “Заазер’я”. Тады, не дачакаўшыся мужа дахаты, на поле прыйшла жонка Анатоля Жылінскага, перакусіць прынесла, бо ён на абед у сталоўку не паехаў, каб за тыя хвіліны не згубіць першынство. І ўначы еў жончын “тармазок”, на хаду, за рулём, каб той сапраўды не стаў тормазам на шляху да працоўнай перамогі. Тады так і не вызначылі рэкард­смена  —  і Анатоль, і Аляксандр намалацілі тысячную тону прыкладна адначасова. Ушаноў­валі дваіх.

Вялізнай чырвонай махінай насунуўся камбайн. Захапіўшы апошнія грыўкі збажыны, матавіла спынілася. Матор заглух. З кабіны выйшаў Анатоль Жылінскі.

Старшыня райвыканкама Пётр Шыкшнян уручыў камбайнеру Дыплом і канверт з заслужанай прэміяй, пажадаў далейшых поспехаў і працоўных перамог. Старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў аграпрамысловага комплексу Сяргей Марціновіч уручыў традыцыйныя дыплом, майку, кепку, вымпел, канверт.

— А мы пазней выплацім прэмію, у зарплату, — сказаў дырэктар сартастанцыі Сяргей Матвееў. — Ужо налічылі пяцьсот тысяч рублёў.

— Анатоль, на табе новая майка пераможцы, якую атрымаў за леташнюю тысячу тон. Ты што, не насіў яе?

— Спецыяльна бярог для сёлетняй перамогі. А гэтую апрану на налетні штурм тысячнай тоны.

— Чаму заўсёды працуеш без памочніка?

— Добрага падабраць складана, а абы-які толькі замінаць будзе. Тыя гады збожжа ад майго камбайна адвозіў сын Юрый. Дык ён часова за штурвал сядаў, каб я крыху адпачыў. Цяпер ён вось ужо год дэсантнікам у Віцебску служыць. Вернецца, зноў дапамагаць стане.

— На хаду не зліпаюцца вочы ад перанапружання?

— Тады спыніўся б на адпачынак.

— Ды ён па тры гадзіны ў суткі спіць, — уступіў у размову Сяргей Матвееў. — Мы не прымушаем уначы працаваць. Сам поле не пакідае, пакуль раса не сядзе на збажыну. А здараецца гэта ўжо на досвітку.

— Скажы, Анатоль, адолееш сёлета паўтары тысячы тон?

— Не сумняваюся. І пастараюся зрабіць гэта першым у раёне.

Камбайнер, які намалоціць паўтары тысячы тон збожжа, абавязкова трапляе на абласныя “Дажынкі”.

 Уладзімір ШУШКЕВІЧ.

 На здымку: старшыня райвыканкама Пётр Шыкшнян віншуе Анатоля Жылінскага з намалотам тысячы тон збожжа.

Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>