Навуковая канферэнцыя

Раз на два гады ў раённым краязнаўчым музеі праводзіцца навукова-практычная канферэнцыя “Лепельскія чытанні”. Першая канферэнцыя была арганізавана ў 2004 годзе і прысвячалася 565-годдзю нашага горада. На ёй выступілі з дакладамі трынаццаць навукоўцаў. Выступленні тычыліся галоўным чынам археалогіі і этналогіі.

Паступова пашыралася кола праблем і колькасць дакладчыкаў. Ужо ў наступнай канферэнцыі ўзялі ўдзел дваццаць чалавек. А ў трэціх “Лепельскіх чытаннях” удзельнічалі дваццаць шэсць даследчыкаў, якія прадставілі каля трыццаці работ. Пашырыўся гістарычны накірунак даследаванняў. Гасцямі канферэнцыі былі навуковыя супрацоўнікі з Акадэміі навук Беларусі, з архіваў рада гарадоў.

Чацвёртыя “Лепельскія чытанні” восенню мінулага года годна працягнулі добрую традыцыю. А нядаўна ў сталічным выдавецтве “Медысонт” выйшаў зборнік, у які ўвайшлі матэрыялы леташняй навукова-практычнай канферэнцыі. Каля трох дзясяткаў даследчыкаў у сваіх навуковых і краязнаўчых працах даюць вычарпальныя адказы на шэраг пытанняў па прыродзе, гісторыі і культуры Лепельшчыны. Матэрыял гэты, відавочна, спатрэбіцца не толькі навукоўцам, выкладчыкам і студэнтам, але і кожнаму неабыякаваму да гісторыі нашай маленькай радзімы чалавеку.

Даклады ўдзельнікаў канферэнцыі ахопліваюць вялікі гістарычны перыяд – ад старажытнасці да нашага часу. Напрыклад, А. Седзін даследуе эпоху ранняга сярэднявечча, помнікі якога – гарадзішчы – захаваліся ля Кастрыцы і Бораўна, Каменя і Азерцаў, селішчы і курганы – ля Ворані і г.д. Матэрыяламі раскопак гарадзішча ля Бораўна карыстаецца ў сваім даследаванні З. Харытановіч. Даецца падрабязнае апісанне гарадзішча, прыводзіцца яго план. Расказваецца пра знаходкі археолагаў у працы С. Ліневіч. Прынамсі, пра каменныя свідравальныя сякеры. Э. Ляшкевіч апавядае пра першабытнае рыбалоўства на Лепельшчыне.

У зборніку прыведзены звесткі пра жаночыя пахавальныя ўборы Х—ХІІ стагоддзяў. Апавядаецца пра фарміраванне і развіццё лепельскага воднага шляху. Даследчык А. Кіштымаў прасочвае водныя шляхі Беларусі перыяду Першай сусветнай вайны. А. Баранава яскрава апісвае асветніцкія погляды Яна Чачота, чалавека надзвычай шматграннага ў сваіх пошукавых памкненнях. Ён і навуковец, і фалькларыст, ён і практык – быў сакратаром у інжынерным упраўленні на будаўніцтве Бярэзінскага канала ў Лепелі, ён і абаронца маральнасці, добры настаўнік для моладзі.

А. Фірыновіч умела падае малюнак паўстання 1863—1864 гадоў на Лепельшчыне на прыкладзе гісторыі сям’і памешчыкаў Сталыгва.

Далей ідзе апісанне гістарычнага перыяду першых паслярэвалюцыйных гадоў. Даследуецца арганізацыя культуры Лепельшчыны 1917—1930 гадоў, рэлігійныя асаблівасці і каштоўнасці нашага краю. Аўтары Г. Якаўлева, В. Шырма, К. Карпекін, Н. Сергіенка і інш.

Значная частка матэрыялаў зборніка прысвечана перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Тут добра папрацавалі даследчыкі Е. Грэбень, В. Тухта, А. Стэльмах. Падаюцца ўспаміны жыхароў Лепельшчыны пра нацысцкі акупацыйны рэжым. Падрабязна распавядаецца пра карную аперацыю супраць партызан вясной—летам 1944 года ў раёне возера Палік, а таксама пра дзейнасць на тэрыторыі раёна партызанскай брыгады “Чэкіст”, акрэслены накірункі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна ў першыя гады пасля вызвалення.

Шмат увагі ў матэрыялах чацвёртых “Лепельскіх чытанняў” надаецца народнаму фальклору: вясельным абрадам, тлумачэнням сноў, памінанню памерлых. гэтыя накірункі даследуюць У. Аўсейчык, П. Мішын, В. Мішына ды іншыя.

Завяршаюць зборнік даследаванні Лепельшчыны на сучасным этапе А. Дулава, а таксама матэрыялы прыродазнаўчага характару розных аўтараў.

Безумоўна, збіранню і выданню кніжкі паспрыялі калектыўныя намаганні супрацоўнікаў раённага краязнаўчага музея пад кіраўніцтвам дырэктара Аліны Стэльмах, дзякуючы каму мы маем карысны сістэмны зборнік, чарговы з серыі “Лепельскія чытанні”.

  Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>