Абліў бензінам і падпаліў

44b8e294b797b5cf0e8d4bc59cfd40e3_XL Ад бяды ніхто не застрахаваны, як і жыхарка вёскі Бораўна (прозвішчы не будзем называць па этычных прычынах, умоўна імя ёй дадзім Кацярына, а яму — Аляксей). Жыла яна з сужыцелем Аляксеем. Да пары да часу нічога звышнатуральнага не адбывалася ў сям’і. Да сакавіка сёлетняга года.

Дык што ж такога трывожнага адбылося веснавым ранкам? Аляксей быў тады, мусіць, у гуморы, спраўляўся па гаспадарцы. Адначасова спажываў спіртныя напоі. Чорныя хмары згусціліся каля 17.00. Вокамгненна, нібы сухая лучына, успыхнула паміж сужыцелямі спрэчка. І прычына, здаецца, не маштабная, дробязная. Трапіўся на вуліцы мабільны тэлефон. Мажліва, уладальніка не знайшлі, ці наогул пошукамі яго не займаліся. А вось падзяліць знойдзенае неяк не ўдалося. Да кампрамісу не прыйшлі, каму валодаць мабільнікам. Спрэчка запалала буйным канфліктам.

Са слоў пацярпелай Кацярыны, Аляксей сказаў, што пойдзе жыць да бацькоў, запатрабаваў свае рэчы. Кацярына не згадзілася на такі разрыў сямейных адносін.

— Не аддасі, падпалю хату з усім набыткам! — пагрозліва вымавіў сужыцель.

Грозны выклік. Кацярына спачатку не паверыла. Мала што можа сказаць у запале чалавек нападпітку.

А падзеі разгортваліся імкліва, па сцэнарыі Аляксея. Той выхапіў з тумбачкі на кухні запалкі, у гаспадарчай прыбудове знайшоў літровую бутэльку з бензінам. Правы вугал дома абліў гаручай вадкасцю. Успыхнула жудаснае полымя.

Сам падпальшчык агонь не ўтаймоўваў. Навошта, п’янаму мора па калена. Прыхапіў бензапілу, сеў на веласіпед і пакаціў па сваіх справах.

Тым часам гаспадыня саматужна кінулася тушыць узгаранне. Пашанцавала, уласнымі сіламі ліквідавала магчымую бяду. Драўляная канструкцыя, праўда, засталася куродымнай.

Выклікала міліцыю.

Супрацоўнік інспекцыі нагляду і прафілактыкі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях агледзеў ачаг загарання. У правым вуглу дома з тыльнага боку сцяна была часткова куродымная. Слядоў апальвання і прагарын не назіралася. Істотных пашкоджанняў жылая пабудова не атрымала.

Сітуацыя магла ж наогул выйсці з-пад кантролю. Выратавалі маёмасць аператыўныя дзеянні пацярпелай. Своечасова выявіла падпал. Тым жа часам след падпальшчыка прастыў, як кажуць. Зрабіў чорную справу — і ўцёк.

Ды ад Феміды не ўцячэш. Адказваць трэба па законе. Суд раёна вызначыў падпальшчыку заслужаную меру пакарання — тры гады з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Паводле амністыі ў сувязі з 70-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне ён вызвалены ад пакарання часткова тэрмінам на адзін год.

Жыццё — рэч непрадказальная. Часам пад­кідвае такія галаваломкі, што нават блізкія людзі так грозна варагуюць паміж сабою. На што спадзяваўся наш “герой”? Цяжка сказаць. Ці задумваўся мужчына аб магчымых наступствах? Алкаголь затуманіў розум…

 Алег НЕСЦЯРОНАК,

пракурор раёна.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>