На востраве страуса Гошы

Востраў на Лепельскім возеры ўсё ж такі больш пра­вільна назваць паўвостравам, інакш бы мы не прымчалі туды папросту на легкавушцы, а, напэўна, давялося б скарыстацца лодкай ці катамаранам. На востраў вядзе дарога па вузкім перашыйку, да якога, праўда, вада падступае ўшчыльную, ледзьве не сціскаючы яго ў абдымках свежай прахалоды, што вельмі прыемна надзвычай спякотным  днём.

Востраў сустракае нас… бэтээрам і іншай ваеннай тэхні­кай старога, яшчэ сацыялістычнай эпохі, узору. Чаго яна тут, даведаемся крыху пазней. А пакуль… можна падумаць, што трапілі на ваенізаваны аб’ект, тым болей, што далей, на прыстані, прад нашымі вачыма прадстане хлапчук з аўтаматам у руках і з сур’ёзным, зусім не дзіцячым выразам твару.

Мы з вадзіцелем Мікалаем — у пансіянаце “ЛАДЭ”. Збочваем крыху направа з бойкай дарогі і трапляем на гаспадарчы двор з усімі яго атрыбутамі – канюшнямі, сенам, дрывамі, козамі, што пасуцца на заліўным лужку ля копанкі. Колы нашай легкавушкі злёгку пачалі прабуксоўваць, нібы папярэджвалі – далей лепей не ехаць. І мы павярнулі назад, на бойкую дарогу. А вось і першыя домікі – драўляныя вясковыя хаты. Звычайнымі іх, праўда, не назавеш. Хутчэй гэта стылізаваныя пад узор сялянскага быту, але тым не меней цалкам сучасныя пабудовы. Даўніной беларускай вёскі мінулых стагоддзяў патыхае ад самой вуліцы з некалькіх такіх хацін. Крытыя саломаю дахі, фрагменты плеценай агароджы з лазы ці то арэшніку, каміны, ад якіх, здаецца, вось-вось павее дымком.

— Зімою так яно і бывае, — расказвае Алег Лаўрыновіч, намеснік дырэктара пансіяната, які падахвоціўся стаць нашым правадніком і гідам, — палім у печках, бачылі ж, колькі дроў назапасілі. А летам, самі разумееце, у печы паліць не будзеш. Усяго ў нас дваццаць два домікі. З іх два пабудавалі сёлета.

— Але яны як бы не зусім пад даўніну, — заўважаю я, — нечым усё ж апрацаваныя.

— Толькі звонку, каб не падгнівалі, — кажа Алег Піліпавіч, — усярэдзіне ўсё з натуральнага дрэва і сцены не паклеены. Большасці нашых наведвальнікаў менавіта так падабаецца.

Адпачываюць у прыватным пансіянаце людзі розных прафесій і ўзростаў. Пераважна гэта мінчане, а таксама расіяне. Мясцовых, прама скажам, небагата. Акрамя ветэранаў вайны, якія кожны год адпачываюць па бясплатных пуцёўках. Іх традыцыйна рады тут бачыць.Чаму так? Напэўна, іншых насцярожваюць цэны. А можа, і няведанне сутнасці справы. Прынята лічыць, што пансіянат “ЛАДЭ” даступны адным толькі “крутым” ды таўстасумам з тугімі кашалькамі. Так, ніхто і не кажа, што тут сацыяльны прытулак.

Спускаемся на прыстань. На пляжы гуляюць дзеці, прагульваюцца дарослыя. Гульні арганізаваныя. Тут працуюць двое штатных аніматараў, Маргарыта Воранава і Сяргей Александроў. Яны і займаюцца арганізацыяй пляжнага адпачынку. Гутарым з Маргарытай. Маладая, рухавая, ініцыятыўная дзяўчына. Вучыцца ў гімназіі, летам вырашыла вось такім чынам падзарабіць, тым болей, што ў свой час закончыла тэатральнае аддзяленне школы мастацтваў, так што мае творчы падыход, не пазбаўлена камунікабельнасці, якая тут вельмі патрэбна. Бо з кожным адпачываючым трэба па-свойму размаўляць, да кожнага сваю сцежку трэба знайсці. Дарэчы, мясцовай вучнёўскай моладзі ў “ЛАДЭ” хапае, падзарабляюць летам на розных падсобных работах.

З альтанкі, што прыгожа паўстае над вадою, не без цікавасці пазірае на нас хлопчык гадоў шасці з аўтаматам наперавес. Падыходзім. Знаёмімся. Зброя, вядома ж цацачная. Аўтамат падарыў Славіку – так завуць хлопчыка – дзядуля, дарэчы, вядомы беларускі пісьменнік Міхась Пазнякоў. Славік жыве ў Мінску і вось ужо колькі гадоў запар прыязджае адпачыць з бацькамі на востраў, на Лепельскае возера. Тут Славі­ку вельмі падабаецца – сонца, вада, жоўты пясочак на пляжы, катамараны, лодкі і, вядома, сябры. Яшчэ двое Славікаў, вялікі і маленькі, яго новыя сябры, гуляюць непадалёк.

— У нас ёсць чатыры катамараны, шэсць лодак, — тлумачыць наш праваднік, — а таксама вялікі прагулачны катар.

— А што за баявая тэхніка пільнуе пры ўваходзе? – пытаюся.

— Гаспадар пансіяната марыць стварыць музей старой баявой тэхнікі, — адказвае Алег Піліпавіч, — пакуль падшукваюць месца ў горадзе.

— Наведваемся ў мясцовы рэстаранчык, невялічкі і вельмі ўтульны. Тут чысценька, абрусамі пакрытыя столікі. За стойкаю бара з рознымі напоямі маладая бармэнка Ганна пільнуе вялікае страусі­нае яйка.

— Ого! – не хаваю свайго захаплення. – Вось гэта сняданак! Таксама прадаецца? І колькі ж такая штуковіна каштуе?

— Паўсотні тысяч, — усміхаецца Алег Піліпавіч, — гэта крыху болей, чым сутачны рацыён у рэстаранчыку. Але ж і амлет з яго атрымаецца няйначай на дзесяць персонаў. Кажуць, у Мінску такое на ўсю сотню пацягне.

— Яйка тут, а дзе яго вытворцы?

І мы кіруем у госці да страусаў. На адзінай “вясковай вуліцы” пансіяната па-вясковаму ж і нешматлюдна. Спякота. Хтосьці схаваўся прычакаць вечара ў домікі, моладзь, больш рызыкоўная, гуляе ў валейбол. Сёй-той катаецца на лодцы, плавае. Па дарозе сустрэлі пенсіянера, выкладчыка з Белдзяржуніверсітэта. Разгаварыліся. Апошнія гады ён пастаянна адпачывае ў “ЛАДЭ”. Падабаецца надзвычай свежае паветра, змешаны лес на востраве, магчымасць паблукаць, пазбіраць грыбкоў. А найбольш падабаецца персанал пансіяната. Да слова, пансіянат абслугоўвае сорак чалавек, сямнаццаць з іх працуюць у рэстаране. Навуковец кажа:  “Лю­дзі тут пастаянныя, вельмі зычлівыя, ніхто не загінае пальцаў, не кідае пантоў. Папрасіў на днях дзяўчат грыбкі сабраныя падсмажыць – калі ласка, ніякіх праблемаў. Ёсць у пансіянаце саўна, куды можна наведвацца групамі, атрымліваецца не так дорага”.

Грыбнікам тут раздолле. Каля пятнаццаці гектараў плошча самога вострава, чатыры з паловай з іх займае лес, на трох гектарах размясцілася наймаляўнічая копанка. Пакуль жа падыходзім да альтанкі, што на самым крутым і дзікім беразе вострава. З альтанкі адкрываецца панарама нашага горада, які віднеецца на процілеглым беразе, і з берагавой кручы надзвычай добра бачны.

Адсюль – прамая дарога да страусаў, рысакоў і паўліна. Двое рысакоў, Андрамеда і Манашка, вольна пасуцца на лузе. Прыгожыя, грацыёзныя, на ногі хуткія. Андрамеда – кабыла радавітая, завезеная адмыслова з конегадоўчага комплексу. Колькі ні спрабавалі мы наблізіцца да рысакоў з фотаапаратам — дарэмна. Яны шпарчэй за нас. Пры ахвоце, за пэўную плату, на конях можна пакатацца  і вярхом. Ахвотнікаў верхавой язды хапае.

Затое страусы, у адрозненне ад рысакоў, да нашай фотасесіі паставілі­ся станоўча. Страус Гоша і фарсістая яго сяброўка важна разгульваюць за агароджаю і ахвотна падстаўляюць доўгія шыі пад аб’ектыў фотаапарата. Магчыма, думаюць, што мы прынеслі ім ласунак. Але ж карміць іх з рук катэгарычна забараняецца. Існуе спецыяльны рацыён для птушак, якога строга тут прытрымліваюцца.

Распусціў свой пышны хвост і паўлін Пятруша. Перадаць на словах усю паўлінаву прыгажосць бадай немагчына. Гэта суквецце колераў, перад якім меркне нават вясёлка, трэба бачыць!

Зрабіўшы круг па востраве, сцежкаю, якая вядзе да “Ведзьмінай копанкі”, вяртаемся да нашай легкавушкі. Копанка – яшчэ адзін рукатворны цуд вострава на Лепельскім возеры. Тут непаўторныя краяві­ды, якімі так багатая прырода нашага краю. Тут жывуць карасі, бабры і нават чаплі.

Пабачыўшы такі дзівосны цуд, прыродны і рукатворны, не хочаш з ім развітвацца, але час ехаць. Мы з Мікалаем разварочваем машыну і падаемся ў тлумны пякельны горад, каб яшчэ доўга ўспамінаць чароўны востраў страуса Гошы сярод маляўні­чага Лепельскага возера.

Уладзімір МІХНО.

  На здымках: бармэнка Ганна са страусі­ным яйкам, якое накорміць амлетам шмат гурманаў.

  Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>