Каб не трапіць пад лёд…

Набліжаецца час першых марозікаў, на рэках і азёрах з’яўляецца першы лёд. Аднак не трэба забываць, што ён тоіць у сабе вялі­кую небяспеку.

Штогод тонкі лёд становіцца прычынай гібелі людзей. Сярод загі­нулых часцей за ўсё аказваюцца дзеці і рыбакі. Нярэдка прычынамі гібелі з’яўляюцца ўжыванне алкаголю і няведанне асноўных прычын правілаў паводзін на лёдзе. Таму хацелася б звярнуць увагу жыхароў на правілы бяспечных паводзін на вадаёмах менавіта ў перыяд ледаставу. Вывучыўшы іх, трэба абавязкова пагаварыць з дзецьмі і ў гульнёвай форме расказаць ім, да чаго могуць прывесці гульні на вадаёмах.

Жыццё пацярпелага залежыць ад кемлівасці і хуткасці дзеянняў выратавальнікаў.

Каб пазбегнуць трагедыі, забараняецца выходзіць на лёд у стане алкагольнага ап’янення, скакаць і бегаць па лёдзе, збірацца вялікай колькасцю людзей у адной кропцы. Нельга выходзіць на тонкі лёд, які ўтварыўся на рэках з хуткім цячэннем.

Калі ж вы трапілі пад лёд, не трэба панікаваць, рабіць рэзкія рухі, лепш стабілізаваць дыханне. Неабходна шырока раскінуць рукі ў бакі і пастарацца зачапіцца за беражок лёду, каб не трапіць у ваду з галавой. Па магчымасці трэба перабрацца да таго краю праталі­ны, дзе цячэнне не цягне пад лёд. Неабходна паспрабаваць асцярожна, не абломваючы беражок, без рэзкіх рухаў, напаўзаючы грудзьмі, легчы на край лёду і закінуць на яго адну, а затым і другую нагу. Калі лёд вытрымаў, трэба хутка адкаціцца ад беражка і паўзці да берага. Рухацца трэба ў той бок, адкуль прыйшлі, паколькі там лёд ужо правераны на трываласць.

Чалавеку, які праваліўся пад лёд, неабходна ўмець  у кароткі тэрмін правільна аказаць дапамогу. Трэба ўзброіцца любой доўгай палкай, дошкай, шастом або вяроўкай. Можна звязаць разам шалікі, рамяні або адзенне. Пацярпеламу трэба паведаміць крыкам, што ідзяце на дапамогу. Гэта надасць яму сілы і ўпэўненасці. Трэба падкласці пад сябе лыжы, фанеру або дошку, каб павялічыць плошчу апоры і на іх паўзці. Падпаўзаць да праталіны трэба вельмі асцярожна, шырока раскінуўшы рукі. Падаваць пацярпеламу руку небяспечна, паколькі пры набліжэнні да праталіны павялічваецца нагрузка на лёд, і выратавальнік не толькі не зможа дапамагчы, а і сам рызыкуе праваліцца. За тры-чатыры метры трэба працягнуць пацярпеламу шост, дошку, кінуць вяроўку, шалік або іншую падобную рэч. Неабходна асцярожна выцягнуць чалавека на лёд і разам з ім паўзком выбірацца з небяспечнай зоны. У самы кароткі тэрмін пацярпелага трэба даставіць у цёплае памяшканне, якое ацяпляецца. Патрэбна таксама аказаць яму дапамогу: зняць і адціснуць усё адзенне, па магчымасці пераапрануць яго ў сухое і захінуць поліэтыленам (узнікне эфект парніка). Затым трэба выклікаць хуткую дапамогу.

Калі ў дыхальныя шляхі трапіла вадкасць, пацярпеламу неабходна ачысціць поласць роту, пакласці яго жыватом на калена так, каб галава звісала да зямлі і, энергічна націскаючы на грудзі і спіну, выдаліць ваду са страўніка і лёгкіх. Потым трэба прыступіць да выканання штучнага дыхання і выклікаць хуткую медыцынскую дапамогу.

Ігар МІХНО,

начальнік аддзела аховы правапарадку

і прафілактыкі Лепельскага РАУС.

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>