Россып “Белых Росаў”

Раённы фестываль мала­дзёжнай творчасці “Белыя Росы”, які сёлета праводзіўся ў сямнаццаты раз, ужо даўно заваяваў папулярнасць сярод жыхароў Лепельшчыны, шматлікіх прыхільнікаў самадзейнай творчасці. Менавіта гэты фестываль стаў зорнай га­дзінай для пачынаючых вакалістаў і здольных майстроў. Колішнія лаўрэаты фестывалю звязалі сваё жыццё з творчасцю і праславілі наш раён не толькі на ўзроўні вобласці, а і рэспублікі.

У свой час захапіла гасцей “Белых Росаў” сваім сцэнічным майстэрствам Алеся Дымнікава, якая затым стала лаўрэатам тэлеві­зійнага конкурсу “Фэст маладых” у 2007 годзе, уладальніцай Гран-Пры конкурсу “Еўропа плюс”, пераможцай міжнароднага конкурсу “Афгані­стан баліць у душы маёй”, стыпендыяткай Прэзідэнцкага Фонду па падтрымцы таленавітай моладзі, а зараз з’яўляецца салісткай Дзяржаўнага Нацыянальнага хору імя Цітовіча. Пераможцай конкурсу маладых эстрадных выканаўцаў “Белыя Росы” ў свой час была мясцовая спявачка Алёна Дабрыднева і іншыя вакалісты.

З цягам часу фестываль набывае ўсё большую асаблівасць. Арганізатары “Белых Росаў” — работнікі арганізацыйна-метадычнага цэнтра аддзела культуры — у рамках фестывалю праводзяць запамінальныя конкурсы-выставы, нікога не пакідаюць раўнадушным выступленні ўдзельнікаў аматарскіх аб’­яднанняў.

Па традыцыі фестываль праходзіў на жывапісным узбярэжжы возера Шчыбат у вёсцы Бароўка і як заўсёды сабраў шмат гасцей. Перад адкрыццём адбыўся шашачны турнір “Раз… і ў дамкі”. Гледачы з цікавасцю сачылі за гульнёй шашыстаў, паміж якімі ўсё больш разгаралася ўпартая барацьба. Усе ігракі аказаліся даволі вопытныя, таму і шлях да перамогі быў складаны. Нарэшце, паспяхова прайшоўшы некалькі тураў, лідарам турніру стаў прадстаўнік Стайскага сельскага Дома культуры Павел Смажэўскі.

Вядома, што ў творчай скарбонцы кожнага сельскага Дома культуры ёсць нямала запамінальных конкурсаў, гульняў і тэматычных вечароў. Усе яны становяцца яркімі падзеямі для вяскоўцаў і таму маюць сваю адметнасць. Яркая мазаіка незабыўных канцэртных выступленняў, адлюстраваных на фота­здымках, была прадстаўлена гледачам на конкурсе-выставе “Хвіліна славы”.

…Ціха і павольна ліюцца гукі народнай песні ў выкананні вакальнага гурта Горскага сельскага клуба “Белая Русь”, а затым пад лірычныя акорды музыкі выходзяць на сцэну вядучыя конкурсу Вольга Шкіранда і Дзмітрый Міхно. Яны цёпла прывіталі ўсіх гасцей і прадставілі маладых вакалістаў — удзельнікаў конкурсу маладых эстрадных выканаўцаў “Цяпло і радасць песня дорыць нам”. Так, аграгарадок Чарэйшчына на фестывалі прадставіла Кацярына Куртава, Вялікі Поўсвіж — Віталія Кавальчук, вёску Бароўка — Вікторыя Кафанава. Кацярына Конышава прыехала на фестываль з аграгарадка Камень, Алеся Юніцкая — са Стай, Крысціна Хвошч прадставіла на фестывалі вёску Юркоўшчына, а Эдуард Падабед — вёску Домжарыцы.

Ад душы прывітала гасцей фестывалю і выказала найлепшыя пажаданні ў адрас маладых артыстаў старшыня Бароўскага сельвыканкама Вольга Пятрова. Шчодрымі апладысментамі гледачы сустрэлі выступленне мясцовага выканаўцы Валерыя Кляшторнага.

Кожнаму з канкурсантаў неабходна было выканаць дзве песні, адна з якіх абавязкова павінна быць на беларускай мове або беларускага аўтара. Быццам ціхая павольная плынь, паліліся мілагучныя спевы выканаўцаў, прысвечаныя велічы і незвычайнай прыгажосці роднай Беларусі, яе прыродным таямніцам. Усе песні маюць розныя назвы, але ўсіх іх аб’ядноўвае адна тэма — захапленне родным краем, блізкасцю і чысцінёй родных мясцін. Кожны з канкурсантаў не толькі голасам, а і сэрцам перадаў сваю любоў да сінявокай Беларусі.

Пакуль маладыя артысты рыхтаваліся да другога аддзялення конкурсу, на сцэну выйшлі гумарысты маладзёжнага аматарскага аб’­яднання “Сталкер” Баброўскага сельскага Дома культуры з праграмай “Маладзёжная тусоўка”. Гледачы не маглі стрымаць смех, калі з прывітаннем да іх звярнулася галоўная гераіня папулярнай украінскай камедыі “За двума зайцамі” Проня Пракопаўна. Як адзначыла сама Проня, яна атрымала выдатную адукацыю ў пансіянаце высакародных дзяўчат, а асабліва яна схільная да навукі абыхо­джання з мужчынамі. Прывітала гледачоў са сцэны і служанка Проні Хімка. Пад бадзёрыя апладысменты гледачоў Проня паднесла свой падарунак — “склюзіўную” калекцыю моднага адзення “Пронеманія-2011”. Непаўторныя сукенкі, створаныя з CD-дыскаў, бліскучай паперы і іншых матэрыялаў, пакінулі яркія ўражанні ў гасцей.

Праз некаторы час у госці да Проні Пракопаўны зайшоў пан Галахвастаў, які мае “цырульню за канаваю”. Ён і прапанаваў Проні і ўсім гледачам ацаніць яго старанні. На сцэну выйшлі дзяўчаты, якія захапілі гледачоў арыгінальнымі прычоскамі.

Шчаслівыя і незабыўныя гады маладосці, першага кахання займаюць асаблівае месца ў жыцці кожнага чалавека. Гэтыя тэмы заўсёды цесна звязаныя паміж сабой. Ім і было прысвечана другое аддзяленне конкурсу эстрадных выканаўцаў. Гледачы пачулі як сучасныя песні, так і творы мінулых гадоў, якія з цягам часу не страцілі сваёй папулярнасці. “Адзін толькі раз”,  “Для яе”, “Лісты”, “Сінія лебедзі”, “Крылы”, “Я з табой”, “Я люблю цябе да слёз”… Пранікнёныя матывы песень зліліся ў адзі­ную непарыўную гаму, якая заваражыла гледачоў і многім падарыла прыемныя ўспаміны.

Хутка наваколле атуліў вячэрні паўзмрок, а фестываль ператварыўся ў сапраўднае свята. Атрымаўся яркі калейдаскоп музыкі, спеваў і шчырай весялосці. Усім узнялі настрой выступленні папулярных мясцовых спевакоў Іны Шалак, Дзіны Грынь, Святланы Ткачэнкі, Аляксандра і Дзмітрыя Міхно.

І вось наступае доўгачаканы і хвалюючы момант падвядзення вынікаў фестывалю.

Дырэктар арганізацыйна-метадычнага цэнтра аддзела культуры Нона Сездзіна ўручыла Дыплом фестывалю і памятны падарунак пераможцу шашачнага турніру Паўлу Смажэўскаму са Стайскага сельскага Дома культуры. У конкурсе-выставе “Хвіліна славы” лідарам стаў Бароўскі цэнтр культуры і вольнага часу. Гледачы не маглі стрымаць станоўчыя эмоцыі, калі былі абвешчаны імёны пераможцаў конкурсу эстрадных выканаўцаў. Імі сталі Алеся Юніцкая з аграгарадка Стаі і Эдуард Падабед з Домжарыц. Маладыя вакалісты таксама атрымалі Дыпломы і памятныя падарункі.

Гучыць гімн фестывалю, і ў такт бадзёрым акордам апладзіруюць і дарослыя, і дзеці. У гэты цудоўны летні вечар на творчым небасхіле Лепельшчыны загарэліся новыя імёны творцаў.

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>