Госці ў Лепельскім тэрытарыяльным цэнтры

559 Нядаўна наш раён наведалі намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Аляксандр Румак і старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Хрыстафораў.

Пасля нарады ў райвыканкаме госці разам са старшынёй райвыканкама Барысам Яфрэмавым наведалі тэрытарыяльны цэнтр, азнаёміліся з яго структурай і, прынамсі, з аддзяленнем кругласутачнага знаходжання.

У структуры раённага тэрытарыяльнага цэнтра дзевяць аддзяленняў, сем з якіх знаходзяцца ў горадзе і два — у сельскай мясцовасці. Гэта аддзяленне дзённага знаходжання для пажылых людзей, якое адкрылася ў Бароўцы ў снежні мінулага года. Зараз яго наведвае сорак восем чалавек. А таксама аддзяленне кругласутачнага знаходжання «Святліца» ў аграгарадку Камень. Сорак шэсць пажылых людзей знаходзяцца тут у гэты час.

Высокапастаўленыя госці завіталі ў «Святліцу». У той час там працавала выстава работ дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, на якой экспанаваліся сувенірная прадукцыя, вырабы з бісеру і г.д. Вясёлымі, шчырымі спевамі сустрэў музычна-тэатральны гурток «Сударынькі». Да музычнага рэпертуару валанцёраў з Лепеля Тамары Селістроўскай, Таісіі Хацкевіч, Тамары Іванцовай далучыліся заўсёднікі са «Святліцы» Валянціна Аўсіевіч, Марыя Пугач, Ніна Юхнавец і Дзмітрый Старынскі. Хораша, з несхаванай настальгіяй, ад душы спявалі пажылыя людзі песні свайго юнацтва і маладосці. Галіна Іванова прачытала вершы.

А затым пачалася зацікаўленая гутарка, жыхары «Святліцы» распавядалі пра ўмовы жыцця ў аддзяленні, пра свае будні, пра арганізацыю адпачынку і г.д. Былі прадэманстраваны  сучасныя цепласістэма і геліяўстаноўка цеплапункта, праца якіх заснавана на прыродных фактарах, што дазваляе зэканоміць энергарэсурсы.

560 У Лепелі госці цікавіліся працаю аддзялення дзённага знаходжання пажылых людзей і інвалідаў. Ім прадэманстравалі персанальныя выставы работ Надзеі Шайтар і Алены Жарнасек, фітабар «Улётны», які абслугоўвалі пілот Ігар Манькоўскі, валанцёры Ірына Ісаковіч і Дар’я Чыжова. Зноў жа, працавала выстава работ дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і персанальная выстава паясоў Валянціны Кісель. Азнаёміліся з работай кабінета фізічнай рэабілітацыі, дзе праходзяць фізхвілінкі, гадзіны рэкрэацыі з фізічнымі заняткамі для інвалідаў, наведалі камп’ютарны клас і зону рэлаксацыі з зорным дажджом, ароматэрапіяй, музыкатэрапіяй, арттэрапіяй, куток для інвалідаў па зроку, дзе ўстаноўлены адмысловы тэлевізар з відэапавелічальнікам, камп’ютар з праграмай «Джаус», працуюць аўдыёчасопісы для праслухоўвання, ёсць азбука Брайля, тактыльныя кіі і г.д.

А затым наведвальнікі аддзялення паказалі невялікую пастаноўку паводле легенды-казкі «Белы востраў». Тэкст і сцэнар пастаноўкі напісала валанцёр Тамара Лісічонак. Выступілі ансамбль «Мятліца» і музычны гурт гармонія пад кіраўніцтвам Аляксандра Балотніка.

Знаёмствам з працаю тэрытарыяльнага цэнтра госці засталіся задаволеныя і адзначылі высокі ўзровень яго функцыянавання.

 Віктар ЛЯШЧЫНА.

 На здымках: азнаямленне са структураю тэрытарыяльнага цэнтра; хораша спяваюць у «Святліцы».

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>