Кніга і літара

IMG_8252 Пасля рэканструкцыі ў Лепелі на вуліцы Ленінскай адчынілася новая крама — кнігарня “Літара”. Раней на яе месцы быў “Глобус” раённага аддзялення прадпрыемства “Віцебскаблсаюздрук”. Рэканструкцыя была праведзена надзіва хутка, менш як за два тыдні. І вось урачысты першы дзень працы.

Замест старых драўляных вокнаў з металічнымі кратамі ўстаўлены сучасныя пластыкавыя шклопакеты. Звонку на іх нанесена палімерная плёнка з выявай старажытнай гравюры з малюнкам друкарні. Паказана, як у часы Францыска Скарыны вырабляліся кнігі.

Унутры ўсё непазнавальна змянілася: новы прылавак, паліцы для кніг, а са столі звісае вялі­кая стылізаваная сярэднявечная літара “А”. Праз закрытыя палімернай плёнкай вокны святло не пранікае, затое атрыманыя нішы выкарыстаны па-мастацку, там размешчаны карціны, выявы, скульптуры кніг і літар. Менавіта Кніга і Літара — галоўныя героі ў абноўленай краме. Задаю пытанне прадаўшчыцы Таццяне Кандыбайла:

— Як з’явілася ідэя перафарматаваць краму “Глобус” у кнігарню “Літара”?

— Гэтую ідэю ўпершыню выказала дырэктар прадпрыемства “Віцебск­аблсаюздрук” Людміла Гайдук. “Глобус” — гэта фірмовая назва усіх крамаў прадпрыемства “Белсаюздрук”, “Глобусы” працуюць амаль ва ўсіх райцэнтрах рэспублікі. Людміла Віктараўна выказала ідэю, што нам трэба вылучыцца, зарабіць сабе новае імя, якое б адлюстроўвала нашы асаблівасці і разам з тым далучала да вечных, класічных каштоўнасцяў. Менавіта такімі з’яўляюцца Кніга і Літара. Дарэчы, кнігарня “Літара” пакуль што існуе толькі адна — у Лепелі.

— Як зменіцца асартымент?

— Увесь асартыментны пералік застанецца ранейшым: перыядычныя выданні, газеты, часопісы, канцылярскія тавары, бытавая электраапаратура, вопратка і іншыя тавары штодзённага ўжытку. Аднак больш будзе прадавацца кніг, асабліва дзіцячай літаратуры. Як толькі зойдуць маленькія пакупнікі са сваімі маці і татамі, адразу могуць убачыць кніжкі-маляванкі, зборнікі казак і вершаў народных і аўтарскіх, беларускіх і савецкіх пісьменнікаў. Прычым дзіцячыя кніжкі выкладзены на ніжніх паліцах, каб дзеці мелі магчымасць узяць іх у рукі, разгарнуць, ацаніць.

— Апошнім часам чую нараканні, што сучасная моладзь не жадае чытаць, не цікавіцца кнігамі…

— Не згодна з вамі. Да дзевяці-дзесяці гадоў дзеці вельмі ахвотна цягнуцца да кніжак. Спачатку фарбамі і алоўкамі размалёўваюць маляванкі, а калі падрастуць, чытаюць казкі, апавяданні. З іншага боку, гэтаму спрыяе тое, што бацькі да гэтага ўзросту не дужа дазваляюць дзецям захапляцца камп’ютарамі і інтэрнэтам. Аднак пасля дзесяцігадовага ўзросту забароны і кантроль з боку бацькоў аслабляюцца, у падлеткаў захапленні мяняюцца.

— Дарэчы, хто прыдумаў такое арыгінальнае ўбранства кнігарні?

— Людміла Гайдук прапанавала, што гэтую справу абавязкова трэба даверыць прафе­сіяналу. Унутраным афармленнем занялася Марына Варахопка, дызайнер з Мінска. Яна некалькі разоў прыязджала ў Лепель, сама вырабіла некаторыя элементы ўпрыгажэння. Вынік можаце ацаніць самі. У кнігарні светла, утульна, прычым вельмі эканомна. А аконныя нішы зрабіліся прасторай для інсталяцый, там змешчаны мастацкія творы.

Васіль

МАТЫРКА.

На здымку: прадаўцы крамы Таццяна Лобкіс і Таццяна Кандыбайла.

Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>