Як у школе грошы зарабіць: досвед лепяльчан

У СШ №3 працягваецца капітальны рамонт. Як у яго ўмовах функцыянуе навучальная ўстанова, як зарабляе і расходуе школа пазабюджэтныя грошы — пра гэта і іншае гутарым з дырэктарам Аляксандрам Бруцкім-Сцямпкоўскім.
— Аляксандр Мікалаевіч, на якім этапе знаходзіцца рамонт? Ці зроблена палова намечанага?
— Так адразу і не адкажаш. Завершаны рамонт у харчблоку, спартыўнай зале, адрамантаваны правы корпус, зараз ідзе рэканструкцыя ў левым, на першым, другім паверхах. Вядуцца аддзелачныя работы на фасадзе. Наперадзе яшчэ шмат працы.
— Хутка рамонт закончыцца?
— Усё будзе залежаць ад своечасовасці фінансавання.
— Вось на бытавым, абывацельскім узроўні існуе меркаванне, нібыта школа вядзе такі вялікі рамонт ледзьве не за грошы, якія ахвяруюць ёй бацькі. Як бы вы гэта пракаментавалі?
— Абсалютны абсурд. У гэтага рамонту свой каштарыс. Мы, вядома, просім бацькоў дапамагчы набыць тое ці іншае абсталяванне для свайго класа. Скажам, сёлета прасілі бацькоў ахвяраваць на школьныя патрэбы ў цэлым за год тысяч па дзвесце. Атрымалі, праўда, пакуль недзе палову гэтай сумы. Усе добраахвотныя ахвяраванні праходзяць праз апякунскі савет. Расходы строга дакументуюцца. Квітанцыі на ўсё набытае падшываем.
— І што вы набылі на гэтыя сродкі?
— У мінулым навучальным годзе — сорак дзве жалюзі на суму сорак адзін мільён рублёў, сто семдзесят шэсць кілаграмаў фарбы, шэсць дошак вучнёўскіх і г.д. Акрамя таго, нам дапамагаюць спонсары. Скажам, дзяржстрах закупіў інтэрактыўную дошку і праектар, электрамеханічны завод дапамог зрабіць невялікі рамонт у санвузле. Па лініі цэнтра занятасці набылі мэблю — сталы вучэбныя і стулы, сто шэсцьдзясят штук. Таксама мы паклалі плітку ў гароднесховішчы і г.д. Часткова на добраахвотныя ахвяраванні, часткова — на спонсарскую дапамогу.
— А сама школа зарабляе грошы?
— Здаём макулатуру, металалом. Металалому летась здалі пяць тон, сёлета, праўда, пакуль не здавалі. Каля дзесяці мільёнаў за год зарабляем на макулатуры.
— Якім чынам можна на такую суму макулатуры здаць? Яна ж вельмі танная, гэта столькі тон трэба! Дзе браць?
— Ну не ведаю, мой сын таксама вучыцца, мы з ім знаходзім — старыя газеты, сшыткі і г.д. Увогуле, мы зараз не складзіруем макулатуру ў школе, магчымасці няма. Дзеці проста прыносяць даведкі і грошы.
— А што, калі не прынясуць?
— Нічога, санкцыі не прадугледжаны. Лепшых здатчыкаў заахвочваем, падводзім вынікі на лінейцы ў канцы года, уручаем грамату.
— Якія яшчэ крыніцы папаўнення пазабюджэтных сродкаў?
— Платныя адукацыйныя паслугі па асобных прадметах.
— Якія менавіта і колькі зарабілі?
— У пачатковых класах карыстаецца папулярнасцю платная паслуга па вывучэнні англійскай мовы. У пятых — дзявятых арганізаваны падтрымліваючыя заняткі па шэрагу прадметаў, у дзясятых — адзінаццатых — падрыхтоўка да цэнтралізаванага тэставання па фізіцы, матэматыцы, біялогіі, рускай і беларускай мовах. Працуе восем груп. Плацяць па дзевяноста тысяч у месяц. Скажу адразу, што прыбытак школе з гэтай сумы складае прыкладна дзесяць працэнтаў.
— Платная адукацыя ў школе ёсць, а ці ёсць платны адпачынак?
— Праводзім дыскатэкі. Па новых расцэнках плата за ўваход складзе пятнаццаць тысяч рублёў з чалавека.
— Заняткі ў спартыўнай зале па вечарах бясплатныя?
— Так. Хіба што тройчы на тыдзень арандуюць нашу спартыўную залу для заняткаў па таэквандо. Колькі гадоў таму спрабавалі арганізаваць такія заняткі для лыжнікаў. Зараз жа зімы пайшлі бясснежныя. А ўвогуле перспектыва платных спартыўных заняткаў цалкам магчымая. Чаму б і не?
— Ці вырошчвалі сёлета расаду?
— Не, у сувязі з рамонтам няма такой магчымасці. Ды і расада, калі шчыра сказаць, не акупляе затрат, тым болей, што попыт у апошні час на яе зменшыўся.
— Рамонт нейкім чынам паўплываў на магчымасці пазабюджэтнай дзейнасці?
— І не толькі. Ёсць шмат бытавых праблем, аднак разумеем, што яны непазбежныя і часовыя. У выніку ж будзем спадзявацца на лепшае. Бо пасля рамонту будзем мець энергазберагальнае электраабсталяванне, шчыльныя вокны і дзверы і г.д., што дазволіць таксама эканоміць сродкі. Не зэканоміш — не пражывеш.
Гутарыў Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>