На Купалле сонца грае

 Гэтыя цудоўныя вершаваныя радкі я ўспамінаю кожны раз напярэдадні святкавання таямнічага ліпеньскага свята — Купалле. Свята, якое мае свае карані ў далёкім мінулым, прайшло праз стагоддзі і зараз не забываецца ў народзе. Купалле з радасцю сустракаюць і моладзь, і людзі пажылога ўзросту. З даўніх часоў людзі вераць у цудадзейную сілу купальскай ночы, у тое, што вада ў рэках і азёрах здольная пазбавіць

ад усіх цяжкасцей і хвароб, а вогнішча дорыць гаючую энергію і праганяе злосць.

З вялікім захапленнем нашы бабулі ўспамінаюць пару сваёй маладосці, як на Купалле, на вечарыну збіралася разам вясковая моладзь. Хлопцы і дзяўчаты па парах танцавалі польку, падыспань, крутуху, усе дакладна ведалі словы песень, якія выконваюцца менавіта на Купалле. Потым усе разам выходзілі на вуліцу, запальвалі бяросту і ішлі са святочнымі спевамі да моладзі ў суседнюю вёску. Шчыра весяліліся ўсю ноч. Закаханыя парамі скакалі праз вогнішча. Калі ў час скачка іх рукі не разнімаліся, маладых чакала доўгае сумеснае жыццё. Дзяўчаты наладжвалі купальскую варажбу. Шукалі бліжэйшую рэчку або возера і кідалі ў ваду вянкі з палявых кветак. Чый вянок далучаўся да іншага, той хутчэй замуж пойдзе. А калі ён адзін да берага прыбіўся — доўга дзяўчыне незамужняй быць. Дайшла да нашых дзён і светлая легенда аб папараць-кветцы. Як сведчыць народнае паданне, самым шчаслівым стане той, хто ўбачыць гэту чароўную кветку ў лесе апоўначы. І кожны год да нас прыходзіць надзея, што светлая легенда ўсе ж такі здзейсніцца.

На Лепельшчыне стала традыцыяй святкаваць Купалле ля возера Святое. А дваццатай гадзіне вечара жыхароў Лепельшчыны, шматлікіх гасцей шчыра заклікалі на свята ба­дзёрыя спевы, звонкія гукі гармоніка. Падышоўшы да ўзбярэжжа возера, адразу апынулася ў святочным віры. Сюрпрызы былі падрыхтаваны і для дарослых, і для дзяцей. Малышы забаўляліся ля атракцыёнаў. Шмат дзетвары прымала ўдзел у гульнях, арганізаваных работнікамі цэнтра дзіцячай творчасці. Пад усплёскі далоняў хлопчыкі і дзяўчынкі адзін аднаму перадавалі купальскі вянок. Святочны прыз атрымліваў той з удзельнікаў, на кім усплёскі завяршаліся. З вялікім азартам юныя госці ўдзельнічалі ў гульні-конкурсе “Лепельскія чыгункі”, якую праводзілі работнікі арганізацыйна-метадычнага цэнтра аддзела культуры. Хлопчыкі і дзяўчынкі, апрануўшы на галаву чыгунок, павінны былі прайсці паласу перашкод і з завязанымі вачыма паставіць чыгунок у печ. Дзеткі атрымлівалі прызы. Для жадаючых праявіць свае вакальныя здольнасці працавала “Музычнае караоке”. Нямала ўдзельнікаў сабралася ля “Вясёлага дартсу”. Фізічную загартоўку і спрыт лепяльчане атрымалі магчымасць праявіць у спаборніцтвах па армрэслінгу, падняцці гіры. Работніцы цэнтральнай раённай бібліятэкі ў гэты святочны дзень сталі сапраўднымі цыганкамі і шчыра запрашалі ўсіх гасцей паваражыць на будучыню.

Шмат гледачоў сабралася ля сцэнічнай пляцоўкі. Работнікі раённага Дома культуры, прадстаўнікі самадзейных калектываў выступілі з тэматычнай канцэртнай праграмай “Ішла Купалка сялом…” Гледачоў захапілі сваім выступленнем удзельнікі інструментальнага трыа народнага фальклорнага клуба “Кругаверць”. Лірычны настрой падарылі гасцям удзельніцы фальклорнага калектыву “Спадчына” з вёскі Стаі. Гледачы не шкадавалі шчодрых апладысментаў у адрас узорнага калектыву “Сунічкі” Стайскай дзіцячай школы мастацтваў і традыцыйнай культуры. Усім падарылі цудоўны настрой спевы народнага ансамбля жартоўнай песні “Грымзолі” і ансамбля рускай песні “Забава”. Мноства яркіх уражанняў у гасцей пакінуў канцэрт у выкананні ансамбля народнай песні “Заманіха” Полацкага раёна. Спевы вакалістаў суправаджаліся радаснымі воклічамі і бадзёрымі падтанцоўкамі гасцей.

Артысты раённага Дома культуры падрыхтавалі яркае тэатралізаванае прадстаўленне “Купальская ночка маленькая”. Ад усёй душы прывіталі гледачоў Купаліш і Купалінка, ролі якіх выканалі Дзмітрый Міхно і Таццяна Канапелька. Прыгажуні-Купалінкі пажадалі паваражыць на будучыню, уразілі гасцей свята сваёй загадкавасцю Русалкі, якія выйшлі з вады. Ведзьма і Чорт спрабавалі замінаць святу, робячы разнастайныя перашкоды. Аднак іх удалося перамагчы, дзякуючы задорным спевам і танцам. У рэшце рэшт яны самі далучыліся да свята і весяліліся разам з гасцямі.

Паступова ўзбярэжжа возера атуліў паўзмрок, але свята набірала ўсё большую моц. Дзеткі каталіся на арэлях. Паўсюдна раскінуліся багатыя гандлёвыя рады прыватнага ўнітарнага прадпрыемства “Лепельскі каапгандаль”. Пакупнікам у шырокім асартыменце прапаноў­валіся мясныя, кулінарныя вырабы, ласункі і прахаладжальныя напіткі. Побач быў арганізаваны і прыватны гандаль.

А 22 гадзіне ўзбярэжжа возера ўпрыгожылі яркія агні купальскіх вогнішчаў, на якія любаваліся і дарослыя, і дзеці. Рытмы папулярных мелодый зараджалі гасцей станоўчай энергіяй. Сваю канцэртную праграму прадставіў гледачам прафесійны спявак Віталь Данілаў. У чарговы раз парадавалі гледачоў сваімі спевамі вядомыя лепельскія выканаўцы Валянціна Мянькова, Наталля Федарцова і многія іншыя.

Яркім завяршэннем святочнага вечара стала маладзёжная дыскатэка. Да позняй ночы весяліліся госці. Любоў да народнага фальклору, да слаўных звычаяў і традыцый аб’ядноўвае людзей. І вельмі хочацца, каб кожны ў сваім жыцці знайшоў гэту загадкавую і такую прыгожую папараць-кветку!

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.

 На здымках: яркія моманты свята.

Фота Леаніда Агурцова.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>