Два лёсы — адна дарога

 Гэтыя цудоўныя радкі з папулярнай песні ўспамінаюцца кожны раз, калі на Лепельшчыну прыязджаюць нашы расійскія суседзі. Жыхароў Беларусі і Расіі — дзвюх самастойных дзяржаў — аб’ядноўваюць адна слаўная гісторыя, агульныя звычаі і традыцыі. Разам, пераадольваючы ўсе цяжкасці і перашкоды, мы робім упэўненыя крокі ў будучыню. Паміж лепяльчанамі і жыхарамі Мелякескага раёна Ульянаўскай вобласці ўжо не першы год вя­дзецца цеснае супрацоўніцтва.

Лепельшчына ўжо неаднаразова прымала паважаных гасцей — удзельнікаў расійскай дэлегацыі, жыхароў Мелякескага раёна Ульянаўскай вобласці. Прадстаўнікі мясцовай улады абменьваюцца вопытам работы. Нашы расійскія госці неаднаразова наведвалі Лепельскі ваенны санаторый, рэспубліканскі дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр “Жамчужына”, пазнаёміліся з арганізацыяй лячэбнага працэсу ва ўстановах аховы здароўя. Лепельскія артысты захапілі нашых расійскіх суседзяў яркімі канцэртнымі выступленнямі. Прыязджалі з гастролямі да нас і ўдзельнікі самадзейных калектываў з Расіі.

Важнай падзеяй для нашага раёна стаў прыезд Дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы Паўла Барадзіна. Адным з асноўных накірункаў дзейнасці Паўла Паўлавіча з’яўляецца ўсебаковая пад­трымка, дапамога прыёмным і шматдзетным сем’ям. Дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы з 1975 года займаецца праблемамі сацыяльнага сіроцтва. У цяперашні час пад яго апекай знаходзіцца 25 дзіцячых дамоў у Расіі і пяць — у Беларусі. Для дзетак, якія засталіся без увагі бацькоў, набываюцца аўтобусы, камп’ютары, абсталяванне, штогод аказваецца фінансавая дапамога. Лёс дзяцей-сірот прасочваецца нават тады, калі яны становяцца дарослымі. Дзецям аказваецца дапамога ў набыцці прафесіі, работы і жылля.

Урачыстая сустрэча Дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы і прадстаўнікоў ра­сійскай дэлегацыі адбылася ў рэспубліканскім дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры “Жамчужына”. Першым расійскіх гасцей прывітаў старшыня райвыканкама Пётр Шыкшнян. Удзельнікі вакальнай групы “Аколіца” Бароўскага цэнтра культуры і вольнага часу выканалі ў гонар гасцей беларускую народную песню. Па добрай традыцыі ім былі ўручаны хлеб-соль. Дырэктару аздараўленчага цэнтра “Жамчужына” Веры Закрэўскай былі падораны прыгожыя кветкі. Павел Барадзін уручыў шчодрыя падарункі і дзіцячаму рэабілітацыйна-аздараўленчаму цэнтру “Жамчужына” — 15 мільёнаў рублёў, а таксама кнігі “10 год Саюзнай дзяржаве” і “Адра­джэнне Крамля”. Вера Іванаўна Закрэўская з вялікай удзячнасцю прыняла падарункі і адзначыла, што за падораныя грошы будуць набыты кнігі для бібліятэкі цэнтра.

Павел Барадзін, усе прадстаўнікі расійскай дэлегацыі былі запрошаны ў канферэнц-залу. Хлопчыкі і дзяўчынкі, якія праходзяць аздараўленне ў “Жамчужыне”, атрымалі магчымасць пагутарыць з паважаным госцем і задаць яму хвалюючыя пытанні. Так, адзін з хлопцаў, які ў будучым го­дзе заканчвае Жлобінскую сярэднюю школу і збіраецца паступаць у навучальную ўстанову Расіі, пацікавіўся, ці будуць улічвацца пры паступленні вынікі тэсціравання, пройдзенага ў Беларусі.

— Вядома, — адзначыў Павел Паўлавіч. — Мы многае зрабілі для таго, каб дабіцца роўных правоў для беларусаў і расіян не толькі ў навучанні, а і ў падаткаабкладанні, іншых пытаннях. У Саюзнай дзяржаве ўсе маюць аднолькавыя правы!

Павел Паўлавіч расказаў юным суразмоўцам аб сваім дзяцінстве, далейшым жыццёвым шляху, рабоце па аказанні дапамогі прыёмным і шматдзетным сем’ям. Большую частку сваёй заработнай платы Павел Паўлавіч затрачвае на дабрачыннасць. Як адзначыў старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Аляксандр Ацясаў, за апошнія 11 гадоў Павел Паўлавіч пабываў у кожным дзіцячым доме Віцебскай вобласці. І ўсюды ёсць яго падарункі. У мінулым годзе наведаў дзетак-сірот у Сянно і Лётцах, а сёлета дзіцячым установам будуць уручаны аўтобусы і па 15 тысяч долараў на абсталяванне.

Прыемны сюрпрыз для Паўла Барадзіна быў падрыхтаваны і ад аздараўленчага цэнтра “Жамчужына”. Пад шчырыя апладысменты прысутных на памяць аб лепельскай зямлі дзеткі ўручылі Дзяржсакратару драўляную скульптуру мядзведзя.

Пасля гэтага прадстаўнікі расійскай дэлегацыі атрымалі магчымасць пазнаёміцца з арганізацыяй лячэбнага працэсу ў “Жамчужыне”. Госці наведалі кабінеты, дзе праводзяцца разнастайныя працэдуры, пабывалі ў стаматала­гічным кабінеце, салянай пячоры, ля басейна і прыйшлі да высновы, што лячэнне дзяцей арганізавана на высокім узроўні.

Наступным пунктам наведвання Паўла Барадзіна, прадстаўнікоў расійскай дэлегацыі сталі дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, размешчаныя ў Лепелі па вуліцы Чуйкова. З лютага гэтага года ў новых дамах, пабудаваных па рэспубліканскай праграме “Дзеці Беларусі”, жывуць дзве прыёмныя сям’і — Уладзіміра і Наталлі Міхайлавых, а таксама Людмілы Шнітко. У кожнай з іх выхоўваецца сямёра дзяцей. Так распарадзіўся лёс, што ў свой час дзеткі заста­ліся без увагі таты і мамы. Прыёмныя бацькі сталі для іх самымі дарагімі і блізкімі людзьмі.

Дзеткі разам са сваімі бацькамі сустрэлі гасцей хлебам-соллю. Хлопчыкі і дзяўчынкі прывіталі ра­сійскую дэлегацыю цёплымі вершамі. Павел Барадзін падрыхтаваў шчодрыя падарункі і прыёмным сем’ям. Кожнай з іх падораны сучасны камп’ютар і 15 мільёнаў рублёў.

Расійскія госці пабывалі ва ўтульных дамах, пазнаёміліся з умовамі пражывання дзетак у прыёмных сем’ях. Хлопчыкі і дзяўчынкі ў вершаванай форме расказалі пра сваіх бацькоў, брацікаў і сястрычак, аб сваіх захапленнях. У кожным доме для паважаных гасцей быў накрыты стол.

— Гэта ўзор сапраўднай сям’і, дзе дзеці адчуваюць з боку бацькоў клопат, увагу і цёплую падтрымку, — адзначыў Павел Барадзін пасля наведвання дамоў сямейнага тыпу. — Мы ж у сваю чаргу павінны зрабіць усё магчымае для таго, каб гэтыя хлопчыкі і дзяўчынкі ні ў чым не адчувалі патрэбу, мелі добрыя ўмовы для навучання, развіцця сваіх здольнасцей і знайшлі правільную дарогу ў жыцці. Упэўнены, што гэтыя дзеткі стануць для бацькоў па жыцці надзейнай апорай і падтрымкай. Яны — наша светлая будучыня.

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.         

  На здымку: Павел Барадзін прымае хлеб-соль ад лепельскай зямлі.

Фота аўтара.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>