Вяртанне чыстай вады

  Штодзённа наш горад ужывае больш за пяць тысяч кубаметраў вады. Вядома ж, гэта не азначае, што такі аб’ём вады мы ўласна выпіваем. Сюды ўваходзяць гаспадарчыя патрэбы насельніцтва, вытворчасць прадпрыемстваў і г.д. Куды дзяецца выкарыстаная і забруджаная ў выніку жыццядзейнасці чалавека вада? Трэба адзначыць, што ўся яна з каналізацыйных сістэм горада паступае ў раку Ула. Іншая справа, у якім выглядзе.

У прыгожым лясным масіве ў раёне Віцебскай шашы хаваецца сістэма ачышчальных збудаванняў, прызначэнне якой – не дапусціць выкідаў у раку забруджанай вады. Праектная магутнасць ачышчальных збудаванняў складае 5200 м3 вады ў суткі. За суткі сістэма здольна ачысціць такі аб’­ём вады.

Новая сістэма ачышчальных збудаванняў у нашым горадзе пачала будавацца роўна дваццаць гадоў таму, яшчэ пры сацыялізме. Да гэтага існавала старая сістэма. Аб’ект быў фактычна занядбаны і не мог выконваць усё болей узрастаючых патрабаванняў, якія прад’яўляліся службамі аховы навакольнага асяроддзя. Новыя ачышчальныя збудаванні былі ўведзены ў эксплуатацыю напрыканцы мінулага стагоддзя. Цікава, што многія з калектыву людзі, якія абслугоўваюць аб’ект, працуюць тут з часу яго адкрыцця. Скажам, вялікі стаж працы і грунтоўны досвед у машыністаў Мікалая Задарожнага і Георгія Градзюшкі. Усяго на абслугоўванні аб’екта  дванаццаць чалавек – чатыры машыністы і восем аператараў. На ачышчальных збудаваннях існуе свая хімлабараторыя, узначальвае якую аператар Таццяна Быстрыцкая.

Яна і пазнаёміла нас з прынцыпам работы сістэмы. Першая перашкода, якую сустракае на сваім шляху вада з сістэмы каналізацый горада, – прыёмная камера з рашоткамі. Рашоткі даволі буйныя, так што затрымліваюць яны толькі самае буйнагабарытнае смецце, кавалкі драўніны, паперу і інш. З далейшымі прымесямі дапамагаюць змагацца адмысловыя пескалоўкі. Яны прымушаюць асядаць увесь пясок, так што вада ў пярвічныя адстойнікі паступае ўжо без пясчаных адкладанняў. Ачышчэнне ў адстойніках адбываецца па прынцыпе адсорбцыі: што цяжэй вады – асядае, што лягчэй – усплывае на паверхню. Далей бяруцца за працу аэратэнкі – адмысловыя ёмістасці, у якіх вада ўступае ў кантакт з мікраарганізмамі актыўнага ілу. Вельмі цікавыя істоты. Гэтыя, можна сказаць, “разумныя” мікробы паядаюць розны бруд, ім харчуюцца, затым размнажаюцца і, зрабіў­шы сваю справу, адміраюць, застаецца толькі іх зліваць. Вядома ж, як і ўсе жывыя арганізмы, мікробы патрабуюць кіслароду. Кісларод увесь час падаецца ў ваду, а аператары пільна сочаць за параметрамі яго ўтрымання. Машыніст – за работай помпаў, якія падаюць ваду. Ачышчэнне другасных адстойнікаў адбываецца аўтаматычна спецыяльнымі службамі.

Мікраарганізмаў актыўнага ілу налічваецца недзе каля сотні відаў. Так што даводзіцца выбіраць, якія з іх найбольш дзейсныя. Праўда, яны ж і жыццястойкія. Дзякуючы таму, што самаўзнаўляюцца, няма патрэбы кожны раз іх мяняць. Адзін раз завезлі – яны і жывуць. Я спытаўся, ці былі выпадкі паморку мікробаў. Таццяна Яўгенаўна адказала, што за ўвесь час існавання сістэмы быў толькі адзін такі выпадак у выні­ку адключэння электрычнасці на працяглы час. Тады давялося ўзнаўляць мікраскапічных насельнікаў. Выручылі калегі з ачышчальных збудаванняў іншых раёнаў.

Далейшы шлях ачышчанай у аэратэнках вады ляжыць у біякопанкі. У двух каскадах з шасці такіх біякопанак вада яшчэ даачышчаецца перад тым, як паступіць у рэчку. Раней тут вадзілася шмат рыбы. Зараз яе значна паменела, асабліва пасля таго, як на ачышчальныя збудаванні пачалі паступаць адыходы вытворчасці з малаказавода. Малочнакі­слае асяроддзе рыбе не вельмі падабаецца. Да таго ж, копанкі даводзіцца цяпер часцей чысціць, і рыба проста не паспявае абжыцца. Праўда, водзяцца дзікія качкі, лятаюць чайкі, так што рыба ўсё ж ёсць.

Тым не менш, якая вада паступае ў рэчку? Ці магчыма пранікненне туды брудных прымесяў? Ці можна даць гарантыю, што яны не нашкодзяць рачным насельнікам? Таццяна Быстрыцкая запэўнівае, што такое немагчыма, бо кожны раз вада ў рэчцы Ула кантралюецца прыродаахоўнымі службамі па шаснаццаці паказчыках. Прычым замеры бяруцца на этапе як да паступлення вады ў рэчку, пры паступленні, так і ў самой рацэ.

— Цікава, а ці можна такую ваду… піць?

— Вядома ж, яе ніхто не п’е, — адказвае Таццяна Яўгенаўна, — але па некаторых паказчыках, напрыклад, па ўтрыманні цынку, яна нават пераўзыходзіць пітную ваду.

Што ж, ацэньваць “кулі­нарныя якасці” такой ачышчанай вады давя­дзецца рыбам. А мы ў сваю чаргу будзем ацэньваць якасць юшкі, прыгатаванай з той рыбы. Застаецца толькі дадаць, што сістэма ачышчальных збудаванняў з’яўляецца часткаю жыллёва-камунальнай гаспадаркі горада і адным з важнейшых яго звенняў.

  Уладзімір МІХНО.

  На здымках: у лабараторыі ідзе аналіз вады на ўтрыманне нітратаў пасля яе біялагічнай ачысткі.

  Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>