Лясныя дарункі ў халадзільніку жыхаркі лядненскай Слабодкі на Лепельшчыне

26 кастрычніка 009 Ала Шкіндзер не хавае свайго ўзросту. А што тут хаваць, калі ёй ганарыцца можна сваім здароўем і выглядам. Па пашпарце — семдзесят восем. Скажаце, перабольшваю? Зірніце, як яна ў лес на сваім “мерсе” шпарыць.

— Мой “мерседэс” на двух колах, — жартуе Ала Мацвееўна. — Па любой дарозе праедзе.

Жыве Ала Шкіндзер у лядненскай Слабодцы. Дакладней, не жыве, а перабывае, бо кватэра яе ў Полацку, там жа сын і ўнучка. А тут, у Слабодцы, засталася бацькоўская хата, а дакладней — яшчэ дзедава, настальгія па дзяцінстве і памяць пра маці, якая памерла гады са два таму. Маці пажыла — дай Бог кожнаму, двух месяцаў не дацягнула да ста гадоў. Так што ў Алы Мацвееўны добрая генетыка. У спалучэнні са здаровым аптымізмам яна дазваляе і ў немаладыя гады жыць актыўна, быць лёгкай на пад’ём. А калі так жывецца, то і жыць хочацца.

Суразмоўца вядзе мяне ў другую, халаднейшую, палову хаты, адчыняе шафу. Проста не верыцца! Усё запоўнена слоікамі. Агуркі ды памідоры, марынаваныя ды пасоленыя грыбы.

Трэба ўмудрыцца такой негрыбной восенню гэтулькі грыбоў назапасіць. У лес Ала Шкіндзер усю восень ездзі­ла як на працу. Ледзьве не ўвесь лес у хату перанесла. Вось і зараз, здавалася б, ужо і марозікам зямлю кранула, а для яе грыбоў хапае — зелянушкі, пішчолкі.

І так увесь час. Не ў лесе, дык на агародзе, не на агародзе, дык… у тэатры, не ў тэатры, дык на возеры, на пікніку. Не ся­дзіцца ў хаце няўрымслівай яе душы. Пазвоніць, скажам, пляменніца з Лядна:

— Цёця Ала, ёсць магчымасць у тэатр з’ездзіць.

Тая на “мерседэс” — і пагнала ў аграгарадок. Хто прывык ездзіць на веласіпедзе, той і ў сталыя гады з яго не злазіць.

Памяці Алы Мацвееўны пазайздросціць любы малады. Можа пра сваю родную Слабодку цэлае дасье інфармацыі выдаць. І ўсё яна ведае, і ўсё ёй цікава. Памятае некаторыя эпі­зоды нават з ваеннага жыцця вёскі. Бацька быў старастам, але пад прыкрыццем сваёй пасады прымаў уначы партызанаў. Ала памятае, як маці пякла для партызанаў хлеб і насіла ў лес, як бацька хаваў нешта са зброі ў дрывотні. Дзяўчынка-падлетак бачыла ў хаце днём немцаў, а ўначы партызанаў і сцвярджае, што сам Уладзімір Елісеевіч Лабанок заходзіў да іх у хату.

Хата дзядулева. У Андрэя Сільвановіча было пяць сыноў і дзве дачкі. Мацвей — самы малодшы. Хаты братоў — Міхаліна, Ляксандра, Івана, Васіля (яе дзядзькаў) — стаялі побач. Ляксандра з Іванам мелі па восем дзяцей, у Міхаліна было пяцёра. Рознымі аказаліся лёсы братоў. Іван быў рэпрэсаваны, Міхаіл партызаніў, а затым апынуўся на Урале. У сорак чацвёртым забралі на фронт Мацвея. Ён дайшоў да Польшчы і загінуў ля сяла Брандкова Кракаўскага ваяводства. Пасля вайны на яго прыйшла пахавальная.

Сем класаў Ала закончыла ў Лядне, далей вучылася ў Бароўцы, рана выйшла замуж, сустрэўшы ірынпольскага хлопца Валодзю Шкіндзера. Той служыў у Заслонаве, пасля пераехалі ў Полацк. Спачатку Ала працавала на цагельным заводзе. Пасля закончыла курсы машыністак і ўладкавалася на працу ў гарадской бальніцы, а ў сямідзясятыя машыністкаю працавала ў штабе.

Мужа не стала ў дзевяноста другім, і праз год Ала вяртаецца ў Слабодку даглядаць састарэлую маці. Думалася, што часова, а выйшла так, што затрымалася ў вёсцы, у бацькоўскім гняздзе, на доўгія гады.

Вось ужо свае ўнукі выраслі і падрастаюць праўнучка ды праўнук. Сашы — дзевяць, Даніку — два гадкі. А яна ўсё не спяшаецца ў горад.

— Дроўцаў багата назапасіла, папаліць трэба, тады і паеду.

 Раённую газету выпісвае ўвесь час і чытае з задавальненнем.

 Уладзімір МІХНО.

 На здымку: Ала Мацвееўна Шкіндзер.

 Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>