Забытыя старонкі гісторыі Лепельшчыны: школа ў Верабках

506 Яшчэ колькі дзесяцігоддзяў таму нават у самых аддаленых ад райцэнтра  вёсачках дзіцячым гоманам напаўняліся класы  пачатковых школ.  Па меры скарачэння вясковага насельніцтва, прынамсі, дзяцей,  паступова закрываліся і невялічкія школы. Адна з такіх навучальных устаноў амаль стагоддзе працавала ў Верабках.

Школьны будынак пад старымі разгалістымі бярозамі добра захаваўся да нашага часу. А па суседству, на гарышчы старой бабулінай хаты, Васіль Хацкевіч зберагае вялікую шкляную шыльду, што некалі красавалася  над уваходам у Верабскую пачатковую школу.

Гісторыя  школы датуецца 1911 годам, калі ў вёсцы было адчынена адна­класнае земскае вучылі­шча. Знаходзілася яно ў наёмным памяшканні. З усталяваннем савецкай улады вучылішча было пераўтворана ў школу першай ступені, дзе на працягу чатырох гадоў вучні атрымлівалі пачатковую адукацыю.

У 1922 годзе  настаўнічаў у Верабскай школе шаснаццацігадовы Аляксандр Шыёнак, які паспеў скончыць школу другой ступені (сямігодку).  Праз тры гады  яго змяніла Вольга Рыгораўна Садоўская. У 1927 годзе ў школе навучалася сорак дзяцей, большасцю хлопчыкі.

У 1933 годзе настаўнікам  прыслалі ўраджэнца Старога Лепеля  дваццацітрохгадовага Міхаіла Хацкевіча. Хлопец завочна вучыўся ў Лепельскім педвучылішчы, якое скончыў праз год. Свайго памяшкання школа тады яшчэ не мела, дзеці вучыліся ў хаце Пракопа Шкіранды ў дзве змены. Настаўнікі вымушаны былі таксама туліцца па кватэрах. Магчыма з-за гэтага яны не затрымліваліся ў школе.

Справілі наваселле ў 1937 годзе ў перавезеным з Юркоўшчыны будынку. Дзеля гэтага абралі высокае месца ў цэнтры вёскі на правым беразе Верабскага канала. Сюды было зручна дабірацца дзецям з самых аддаленых завулкаў вёскі, якая раскінулася па абодва бакі воднай сістэмы. Адзін са школьных пакояў прыстасавалі пад жыллё, у ім разам з маладой жонкай, верабчанкай Зосяй, і асталяваўся Міхаіл Хацкевіч.

З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны школа спыніла сваю працу. “Канікулы” зацягнуліся на тры доўгія гады нямецкай акупацыі. Міхаіл Хацкевіч, якога не забралі на вайну па стане здароўя, разам  з жонкай,  як і раней, тулі­ліся ў школьнай бакоўцы. Яшчэ да прыходу немцаў прадбачлівы настаўнік закапаў у зямлю ашчадна запакаваныя партрэты савецкіх партыйных лідараў на чале са Сталіным. Праўда, пасля вайны тыя партрэты так і не здолелі адшукаць.

Аднавіла дзейнасць школа ў верасні 1944 года, калі за парты разам з дзецьмі, якія да гэтага часу дасягнулі школьнага ўзросту, селі і падлеткі-пераросткі. З імпэтам узяўся за аднаўленне навучальнага працэсу Міхаіл Хацкевіч, аднак хворае сэрца не вытрымала цяжкіх нагрузак. У 1946 годзе ён памёр.

У гэтым жа годзе настаўнікам прызначаюць верабчаніна Івана Міхно, былога партызана брыгады імя Сталіна, які яшчэ да вайны скончыў Лепельскае педвучылішча. Верным спадарожнікам па жыцці і ў прафесіі была жонка Анастасія Галінская. Так і настаўнічалі яны на пару цягам не аднаго дзясятка гадоў.

Верабская школа Пасля  працавала ў Верабскай пачатковай школе Марыя Маркаўна Дзёмка. У 1988 го­дзе яна пайшла на пенсію,  саступіўшы месца маладой настаўніцы Вользе Дзёмка. У той час школа лічылася ўжо малакамплектнай. У трох класах навучалася сямёра дзяцей. Таму Вольга адна паспяхова спраўлялася з вучэбным працэсам.

Настаўнікам даводзілася вырашаць і на­дзённыя гаспадарчыя справы. Трэба было дбаць пра рамонт класаў,  штодня клапаціцца, каб дзеці былі накормленыя, на зіму нарыхтаваць дроў. А ў штаце, акрамя педагагічнага, была толькі адна адзін­ка тэхперсаналу. Паўнамоцтвы тэхнічкі былі даволі шырокія, ад вымытай у класах падлогі да прыгатаванага абеду, ад  напаленых печаў да наведзенага на прышкольным двары “марафету”. Працяглы час тэхнічкай працавала Зося Хацкевіч. Жанчына пасля смерці мужа-настаўніка вымушана была  вызваліць школьнае памяшканне і жыла ў доме па суседству.

Зачынілі Верабскую школу ў 1990 годзе. З тае пары і стаяла яна атуленая старымі дрэвамі да нядаўняга часу, пакуль не аблюбаваў яе мясцовы фермер. У хуткім часе засвецяцца сцены старога будынка свежай фарбай і зноў завіруе ў ім жыццё.

Валерый ТУХТА.

 На здымку: Міхаіл Хацкевіч з жонкай Зосяй; колішні будынак Верабскай школы.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>