Ёсць каманда, а дзе Цімур?

502 Перш чым распачаць гаворку пра цімураўцаў, мушу нагадаць, хто яны такія, бо, магчыма, сёння хтосьці з маладых і ўвогуле не чуў пра Цімура… Цікава, а што аб гэтым пішуць у інтэрнэце, якому моладзь давярае стапрацэнтна? Вось як трактуе гэтае паняцце Вікіпедыя: «Цімуравец – паняцце савецкіх часоў, што абазначае ўзорнага піянера, які бескарысліва здзяйсняе добрыя ўчынкі… Паходзіць з кнігі Аркадзя Гайдара «Цімур і яго каманда», герой, Цімур, арганізаваў атрад падлеткаў, які тайна дапамагаў сем’ям франтавікоў, пажылым і хворым людзям… Пасля паяўлення кнігі пачаў зараджацца нефармальны цімураўскі рух. Цімураўцы сталі часткаю савецкай ідэалагічнай сістэмы, захаваўшы пры гэтым некаторы дух валанцёрства.. Першая цімураўская каманда была створана ў  падмаскоўным горадзе Клін… складалася з шасці цімураўцаў…  У гады Вялікай Айчыннай вайны… цімураўскія каманды і атрады дзейнічалі ў школах, дзіцячых дамах, пры палацах і дамах піянераў… яны шэфствавалі над шпіталямі, сем’ямі салдатаў і афіцэраў Савецкай Арміі, дзіцячымі дамамі, садамі, дапамагалі збіраць ураджай, працавалі ў фонд абароны».

Трэба дадаць, што кніга Гайдара чыталася вельмі лёгка і цікава. Напрыклад, мы ў дзяцінстве перачытвалі яе па некалькі разоў. Сапраўды захапляліся гордым, смелым і добрым Цімурам, які з’яўляўся для нас сапраўдным прыкладам для пераймання.

А ці ведаюць сённяшнія піянеры пра Цімура і што пра яго думаюць? Гэтае пытанне задаю педагогу-арганізатару  гімназіі Вікторыі Быкавай, якая непасрэдна апякуецца піянерскім рухам навучальнай установы.

— Вы чыталі з дзецьмі кніжку пра Цімура?

— Арганізаванага чытання кніжкі не было, хаця яна ёсць у школьнай бібліятэцы, і кожны можа ўзяць ды пачытаць. Аднак мы паказвалі кінафільм пра сучасных цімураўцаў. Сюжэт прыкладна такі: бацькі вырашылі адправіць у вёску да бабулі сына. Там ён пазнаёміўся з равеснікамі і ім разам давялося дзейнічаць, стаўшы на абарону вёскі…

— І якое ўражанне аказаў фільм на дзяцей?

— А ведаеце, рознае. Колькі дзяцей, столькі і думак.

— Усё ж хацелася б пабачыць іх стаўленне і да таго, гайдараўскага, Цімура, і да яго спраў.

503 Зрэшты, напэўна б, эмоцыі былі станоўчымі, бо дзеці ў гімназіі даволі ахвотна адгукаюцца на добрыя справы і ідуць іх рабіць бескарысліва. Праўда, дзеля справядлівасці трэба заўважыць, што робяць яны гэта не з уласнай ініцыятывы, а па падказцы дарослых. Магчыма, па гэтай прычыне сучасны цімураўскі рух крыху зафармалізаваны. І гэта не толькі тычыцца гімназіі. Шмат у якіх навучальных установах існуюць піянерскія цімураўскія атрады. У іх даволі цікавыя задачы і планы. Вось толькі яркіх лідараў з падлеткаў, падобных гайдараўскаму Цімуру, неяк не бачыў… Памятаеце, як дзейнічаў Цімур са сваёй камандай? Таямніча, азартна, з рамантыкай. То ціхенька бабульцы вады наносяць — і тая лье з вядра ўжо ў поўную бочку, то Нюрчынай (маленькай дзяўчынцы) казе бірку павесяць: «А кто Нюрку будет бить, тому худо будет жить!»  Дзецям патрэбна рамантычная гульня-легенда, якую б яны стварылі самі, нават без удзелу дарослых. Вось тады, думаю, цімураўцы ХХІ стагоддзя паказалі б сябе ніколькі не горшымі за іх гераічных папярэднікаў.

На жаль, без дарослых не атрымліваецца. Мажліва, сённяшнім падлеткам, змарынаваным высокімі вучэбнымі нагрузкамі, віртуальнай прасторай, не хапае жывінкі, рухавасці, ініцыятывы. Ну а пад камандаю дарослых цімураўскі рух, на мой погляд, выглядае прэснаватым, малацікавым, ён суцэльна зліваецца са справамі піянерскімі і кладзецца ў рэчышча розных традыцыйных акцый, месячнікаў, грамадска-карысных мерапрыемстваў.

У гімназіі арганізаваны атрад «ЦімКА» з вучняў шостых-дзясятых класаў. У атрадзе дзяцей не так шмат. Можа, чалавек дзесяць. Гэта і добра, не колькасцю, а якасцю. Затое самыя актыўныя. Праўда, на жаль, большасць дзяўчат. Нядаўна цімураўцы з гімназіі хадзілі ў Жарцы да ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Уладзіміра Вераб’ёва. Падлогу падмялі, дроў прынеслі, папрацавалі на агародзе. Таму нават было няёмка, у яго ёсць каму завіхацца на гаспадарцы. Увогуле зараз ветэраны, іншыя пажылыя людзі часцей адмаўляюцца ад дапамогі піянераў, бо дапамога фізічная ім, як правіла, не патрэбна. А вось маральная – справа іншая. Падтрымаць пажылога чалавека, уважліва яго выслухаць, даць выгаварыцца і адчуць сябе запатрабаваным – хто ж ад такога адмовіцца?

За ветэранамі ў гімназіі замацаваны класы, дзеці шэфствуюць над пяццю ветэранамі, інвалідам Вялікай Айчыннай і проста над састарэлым адзінокім чалавекам.

А яшчэ цімураўскі клопат, як я ўжо казаў, заключаецца ў актыўным удзеле ў розных піянерскіх акцыях. Скажам, да Дня маці зрабілі ў школьным холе стэнд «Для мамы». Да Новага году, як правіла, рыхтуюць канцэрт для інвалідаў, сірот і г.д. Усю вясну збіралі макулатуру і пералічылі дзвесце трыццаць тысяч рублёў на рэканструкцыю помніка Марату Казею ў Мінску.

Асаблівасцю сучаснага цімураўскага руху з’яўляецца яго цеснае спляценне з рухам валанцёрскім. Валанцёрскі атрад гімназіі называецца «Волатам». З красавіка па верасень займаліся папяровымі жураўлікамі. Дарылі іх прахожым і гасцям, ускладалі, абвязаўшы гелевымі шарыкамі, да помнікаў воінам-вызваліцелям і воінам-інтэрнацыяналістам. Збіралі для малодшых школьнікаў з сацыяльных сем’яў і для прытулку канцылярскія прыналежнасці. Крыху раней наведалі састарэлых у каменскай «Святліцы». Адным словам, спраў і ў сучасных цімураўцаў шмат. Адно што ў ХХІ стагоддзі гэты рух крыху асіміляваны да новага светапогляду сучасных падлеткаў, ускладнены іх раннім прагматызмам і пазбаўлены таго духу рамантычна-гераічнага авантурызму, які быў характэрны для персанажаў вядомай гайдараўскай аповесці.Гэта і зразумела, бо яны з’яўляліся “прадуктам” сваёй, гераічнай эпохі.

Уладзімір МІХНО.

На здымку: цімураўцы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>