Лепельскі хлопец загінуў у Анголе

19 кастрычніка 067  Адна са старэйшых жыхароў невялікай вёскі Падымхі даўно ўжо размяняла дзявяты дзясятак. Сёлета Таццяне Жарнасек споўнілася восемдзесят сем гадоў. І век свой доўгі Таццяна Нічыпараўна пражыла ў працы. Можна сказаць, што за працаю і свету белага не бачыла. Цяжка ў полі рабіла. Лён рукамі рвалі, слалі, падымалі. Бульбачку капалі, каласок да каласка, збіралі жытнёвы ўраджай. А як па-іншаму! Трэба было зарабіць на хлеб. Хоць ведаем, як у калгасах пасля вайны зараблялі. Добра, калі на працадні мех жыта з гірсою перакінуць, а то і проста так, “за палачку”, рупішся.

Цяжка ў полі працавала ды дзяцей нараджала – такі жаночы сялянскі лёс. На пяці класах спачатку Забалацкай, а затым Поўсвіжскай школы закончылася яе адукацыя. А навошта было хлебаробу вучыцца? Там, у полі, была свая, не горшая школа жыцця.

У вайну ў Германію забіралі, ды партызаны ля Параф’янава цягніку дарогу перагарадзілі. Вярнулася ў Докшыцы, трапіла на будаўніцтва дарогі. І хто ведае, ці засталася б жыць, калі б не выпадак. Сустрэўся знаёмы, з народнікаў, якія вярталіся дадому. Прапанаваў падвезці да Лепеля. А ў Лепелі пайшла на базар і са сваімі ў Падымхі вярнулася.

Бацька за сувязь з партызанамі быў схоплены, трапіў у турму, а пасля і расстраляны. Сям’я засталася без кармільца і гаспадара. Маці давялося адной падымаць на ногі траіх дзяцей. Галадалі. І бульбачкі мёрзлай леташняй наеліся, і шчаўя пустога, без солі, і крапівы.

Замуж выйшла за хлопца з высланых. У таго бацькі дзвюх кароў трымалі, за што і паплаціліся. Міхаіл таксама ўсё жыццё ў калгасе працаваў. Нарадзілі шасцёра дзяцей.

Не ведала Таццяна, што дзеці стануць яе і боллю, і гордасцю, і горыччу, нязбыўнай бядой на ўсё астатняе жыццё.

Трох сыноў паклала гаротная маці ў труну. Як тры маладыя дубкі раслі-гадаваліся. Цешылася, радавалася.

Першую труну, цынкавую, прывезлі з Анголы. Міша яе ў вайскоўцы падаўся. Бабуля ўжо не памятае, дзе той вучыўся, а дзе працаваў. Добра, кніжку ёй падарылі пра воінаў-інтэрнацыяналістаў. Дык так дакладна пра яе сына напісана:

ЖАРНАСЕК МІХАІЛ МІХАЙЛАВІЧ. 1953-1985. Саветнік начальніка тылу пяхотнай брыгады, маёр. Нарадзіўся 29 кастрычніка 1953 года ў вёсцы Падымхі Лепельскага раёна Віцебскай вобласці. У 1970 годзе закончыў сярэднюю школу №3 у горадзе Лепель. У жніўні 1970 года паступіў у Вольскае вышэйшае ваеннае вучылішча тылу імя Ленінскага камсамола. Пасля заканчэння вучылішча да 1979 года служыў у Закаўказскай ваеннай акрузе ў вайсковай часці 33454 на пасадзе намесніка камандзіра па забеспячэнні. У 1982 годзе закончыў камандны факультэт тылу Ваеннай акадэміі тылу і транспарту. Служыў у Беларускай ваеннай акрузе (горад Брэст, 50-я гвардзейская мотастралковая дывізія) на пасадзе намесніка камандзіра па тылу.

 У верасні 1985 года накіраваны ў Анголу ў якасці саветніка начальніка тылу пяхотнай брыгады.

 25 лістапада 1985 года маёр М.М. Жарнасек загінуў пад час вядзення баявых дзеянняў у Анголе.

 Пахаваны ў вёсцы Поўсвіж Лепельскага раёна Віцебскай вобласці”.

19 кастрычніка 062 19 кастрычніка 065 — Прыйшла з далёкай Афрыкі труна — я і павалілася ў непрытомнасці, — успамінае старэйшая Мішава сястра, якая зараз жыве з маці ў Падымхах.

Шукае ў альбомах братавы фатаграфіі, а галоўнае – лісты, якія той прысылаў з Анголы. Ды ўсё дарэмна. Фатаграфія – вось яна, а лісты некуды зніклі. Жанчыне самой цяжка, перанесла інсульт. Так што ў састарэлай маці апекуном сын Уладзімір.

Не пажадаеш і ворагу таго лёсу, які напаткаў Таццяну Жарнасек. Сыны  Міша загінуў у Анголе ў трыццаць два гады. Коля, толькі вярнуўшыся з арміі, утапіўся на Кардзяцкім возеры,  а Лёша, зноў жа, утапіўся ў Кіеве, дзе жыў і працаваў зваршчыкам.

Прайшло шмат часу. Сёлета па Мішу ўжо трыццаць гадоў будзе, а сэрца матчына не гоіцца. І не загоіцца ніколі душэўная рана, нанесеная маці трагічнымі смерцямі трох яе сыноў. Гэта – наканаванне…

Уладзімір МІХНО.

На здымках: Таццяна Нічыпараўна Жарнасек; Міхаіл Жарнасек, загінулы ў Анголе.

 Фота аўтара і з сямейнага архіва Жарнасекаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>