Творчая энергетыка

482 Хімлабараторыя жыллёва-камунальнай гаспадаркі «Лепель» знаходзіцца за горадам, побач з «галоўным фільтрам» Лепеля — ачышчальнымі збудаваннямі. Наталля Яско ўзначальвае калектыў, які складаецца з інжынера-хіміка Вольгі Нікалаенка і двух лабарантаў — Аксаны Яршовай і Алены Броўка. Праўда, побач, на ачышчальных, працуюць яшчэ чатыры змены аператараў па два чалавекі на кожнай, аднак гэта ўжо крыху іншая сфера.

Чым займаецца лабараторыя? Зрэшты, няхай дзяўчаты самі распавядуць пра сваю штодзённую працу.

— Праводзім аналітычны кантроль вады па горадзе і раёне, — коратка абагульняе інжынер-хімік.

Калегі дапаўняюць Вольгу:

— Выязджаем, бяром пробы вады са студняў, копанак, свідравін, азёр. Акрамя таго, правяраем ваду на ўваходзе і выхадзе з ачышчальных збудаванняў, там, дзе знаходзіцца актыўны глей і працякае біялагічны працэс.

— Вада правяраецца на якія характарыстыкі?

— Спачатку — на пах і смак, а затым — на хімічныя паказчыкі, напрыклад, на ўтрыманне сульфатаў, нітратаў, аміяку, хларыдаў, цяжкіх металаў (цынку, медзі, кадмію, свінцу), сінтэтычных паверхнева-актыўных рэчываў і г.д.

Цікава, а як гэта адбываецца насамрэч? Аказваецца, на кожны від даследавання існуе свой графік, згодна з якім і працуюць дзяўчаты. Здараецца, выязджаюць для забору проб па адной, аднак лепей гэта рабіць удзвюх, бо трэба адначасова весці і запісы ў журнале. Са студняў чэрпаюць ваду наўпрост тым вядром, якім карыстаюцца і спажыўцы. Цяжка паверыць, што ў нашым горадзе да гэтага часу функцыянуюць аж восемдзесят восем грамадскіх студняў. І сто пяцьдзясят шэсць студняў у карыстанні сельскіх жыхароў раёна. Толькі ў верасні работнікі хімлабараторыі праверылі васямнаццаць грамадскіх студняў.

— І які вынік?

— Ва ўсіх іх вада прыдатная для спажывання, — кажуць дзяўчаты, — адхіленняў ад нормы не зафіксавалі.

Акрамя таго, забіраюць для аналізу ваду з вода­праводаў і свідравін. У мінулым месяцы праверылі трыццаць дзевяць водаправодаў і сорак дзве свідравіны. У двух выпадках вада не адпавядала стандартам па мутнасці, у адным — па колеры. Здавалася б, гэтыя параметры можна праверыць і чыста візуальна, як, скажам, правяраюць ваду на пах і смак. Бо цяжка не заўважыць непразрыстай вады, тым болей «каляровай». Аднак і тут правяраюць з дапамогай спецыяльных прыбораў.

А яшчэ бяруць на аналіз ваду з гарачага водазабеспячэння. У горадзе вызначаны дванаццаць такіх кропак забору. Тут дапамагаюць слесары-сантэхнікі, якія маюць доступ у падвалы жылых дамоў.

Якія ж прыборы дапамагаюць лабарантам рабіць сваю справу? Фотаметр фотаэлектрычны, на якім правяраюць ваду на ўтрыманне азоту, жалеза, нітратаў, нітрытаў і г.д., аналізатар — для вызначэння цяжкіх металаў, нізкатэмпературны электрапрыбор, на якім акрамя ўзважвання рэчываў і сухога астатку зімою вядуць кантроль за высыханнем трэсак і дроў. На РН-метры вызначаюць актыўныя рэакцыі асяроддзя (кіслотная яна, шчолачная ці нейтральная). З дапамогаю холадатэрмастата аналізуюць ваду на ўтрыманне кіслароду. Робяць такія аналізы на ачышчальных збудаваннях, дзе жывуць розныя бактэрыі. Сёлета набылі за чатырнаццаць мільёнаў рублёў новы прыбор. Кандуктометр вызначае электраправоднасць вады.

Рэактывы лабаранты атрымліваюць у Мінску на фірме «Лабінвест». Часцей гэта таксічныя рэчывы, а таму захоўваюць іх у асобным пакоі, аснашчаным спецыяльнай мэбляю і абсталяваннем. А такія рэчывы, як ртуць, гідравокіс натрыю і іншыя — у эксікатары. А працуюць з імі пад выцяжкай і з прымяненнем індывідуальных сродкаў аховы.

Важна таксама таксічныя рэчывы правільна ўтылізаваць. Але для гэтага трэба ведаць элементарную хімію, якую кожны з нас вывучаў у школе. Кіслоты разбаўляюць вадою да пэўнай кансістэнцыі. А затым нейтралізуюць шчолачамі. Са шчолачамі паступаюць дакладна наадварот. Солі дастаткова проста разбавіць вадою да бяспечнай канцэнтрацыі і можна зліваць у каналізацыю.

484 Як бачым, справа вельмі патрэбная, адказная, патрабуе максімальнай засяроджанасці, не без рызыкі, нездарма ж яны атрымлі­ваюць малако за шкоднасць. Як-ніяк маюць справу з ядавітымі кіслотамі, ртуццю і г.д. Аднак атмасфера ў гэтым невялікім калектыве творчая, прыязная і лагодная — з жартамі і смехам, з узаемазамяняльнасцю і ўзаемавыручкай. Тут добрая энергетыка, з імі прыемна гутарыць, цікава іх распытваць. Напрыклад, Вольга Нікалаенка прыгадала адзін кур’ёзны выпадак, калі давялося даследаваць ваду на ўтрыманне… пер’я. Было гэта даўно ўжо. З адной вёскі паступіў сігнал, што з калонкі ідзе вада з… пер’ем. Прыехалі, разманціравалі калонку, а там… птушка. Якім чынам яна туды магла патрапіць, застаецца загадкаю.

Нязмушанасць атмасферы ў хімлабараторыі паспелі заўважыць і навучэнкі каледжа Святлана Грыгор’ева з Ганнай Дзмітрыевай, якія прахо­дзяць тут вытворчую практыку. Вядома, асаб­ліва адказных аналізаў ім рабіць не давяраюць пакуль, аднак дзяўчаты ўдзельнічаюць ва ўсім працэсе лабараторнага даследавання. Хто ведае, можа, праз пэўны час таксама прыйдуць сюды працаваць. Праўда, для гэтага ім спатрэбіцца яшчэ закончыць адпаведныя вышэйшыя навучальныя ўстановы.

Уладзімір МІХНО.

 На здымках: Наталля Яско ўзважвае хімрэактывы; Аксана Яршова праводзіць аналіз на хларыды.

 Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>