“Я і дрэва”

Хто быў у луцэ, утворанай ракой Свядзіцай насупраць высачэзнага пясчанага баравога абрыву, на недалёкіх адтуль лясных азёрах Вялікі і Малы Гогалі, той абавязкова натхніцца ўзяць у рукі пяро, пэндзаль ці разец, каб увасобіць атрыманае ўражанне ад лепельскай прыроды ў твор мастацтва. Няхай дылетанцкі, няхай прафесійны, няхай аматарскі, але ён атрымаецца. Работы Дзяніса Дзёмкі — плён працы прафесійнай думкі і ўмелай рукі.

 — Дзяніс, чаго цябе цягне ў тыя мясціны?

 — Люблю той бок Лепельшчыны, куды ў даўніну хадзілі лепельскія арганаўты на выганку лесу, калі верыць гісторыку і даследчыку нашай зямлі Івану Гарбачэўскаму, таму што тая зямля дала жыццё маім продкам: па бацьку Дзёмкам — Верабкі, па маці Садоўскім — Цярэшкі. Сам жа адтуль — разумець павінен.

 — Таму і задаў такое пытанне, каб пачуць тое, што пачуў.

 Такая размова адбылася з пяцікурснікам Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці “Настаўнік фізкультуры, менеджар спорту і турызму” Дзянісам Дзёмкам, жыхаром вуліцы Кветкавай, на вернісажы яго персанальнай выставы “Я і дрэва”.

 На які твор ні зірні — вачэй не адарваць. Так і хочацца ўхіліцца ад узмаху пышнага хваста вялізнага мульцяшнага ката Фунціка. Рука цягнецца пагладзіць стракатую рыбіну, якую так і хочацца назваць акунём з Вялікага Гогаля. Дык жа падміргвае лясун кожнаму цікаўнаму воку! Так і хоча ашчэрыцца зношаны дапатопны чаравік, але час наканаваў яму яшчэ некалькі дзён жыцця. Танцоўшчыцы запрашаюць у скокі, вабяць умела падабранымі акварэлямі, якімі Дзяніс пацягнуў разьбу. Лыжкі самі ў рот просяцца.

 — Колькі часу забірае разьба?

 — Лыжка — хвілінаў 30 — 40. Але і таго не стае за вучобай. Скончу ўнівер, нашмат болей часу буду прысвячаць любімай справе.

 Вернісаж праходзіў у “Скарбонцы”. Паўнапраўным гаспадаром на мерапрыемстве мог па праве лічыць сябе кіраўнік гуртка дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва цэнтра дзіцячай творчасці Пётр Кажарскі, які сціпла любаваўся работамі свайго выхаванца. Гэта ён загітаваў трэця­класніка Дзяніску Дзёмку, як і дзясяткі яго равеснікаў, у свой гурток, каб тыя ў вольны ад вучобы час бязмэтна не туляліся па завуголлі. Спрацавала агітацыя настаўніка! Многія яго выхаванцы сталі майстрамі.

 Пётр Пятровіч доўга не выпускае з рук чарапашку. Любуецца першай работай вучня, менавіта з якой і пачаўся шлях хлопчыка ў вялікае мастацтва.

 — Пакрыўдзілася на Дзяніса, калі ён, запрашаючы на выставу, спытаў, ці памятаю я такога, — казала яго настаўніца біялогіі трэцяй школы Таццяна Торшына. — Як я магла забыцца на свайго любімага вучня? Ды я яго ўсё жыццё памятаць буду і іншым за прыклад прыводзіць.

 Шчаслівай выглядала былая настаўніца малявання  Валянціна Ганчар, пачуўшы, што яе ўрок ці не галоўным штуршком у мастацтва стаў для майстра.

 Заслужана ацанілі творчасць хлопца вядомыя мастакі Іван Будзіч і Ігар Будрэвіч. Яны разьбяры, і таму з павагай назвалі Дзяніса сваім канкурэнтам.

 — Не чакала, што выстаўленыя работы настолькі крануць мяне вытанчанасцю выканання, — захаплялася творамі дырэктар Дома рамёстваў Алена Барадзейка.

 Мерапрыемства згарнулася — экскурсія з Санкт-Пецярбурга чакала, каб наведвальнікі вызвалілі выстаўную залу. Аднак вернісаж нечакана прадоўжыўся. Група піцерцаў акружыла куток, які займала выстава “Я і дрэва”.  З усіх бакоў аглядалі госці работы.

 — У Піцер бы іх, — шчыра сказаў хтосьці.

 — Твая наступная тэма? — спытаў на развітанне Дзяніса.

 — Выразаць Цмока, — сур’­ёзна адказаў той.

 Уладзімір ШУШКЕВІЧ.

  На здымку: Дзяніс Дзёмка і яго работы.

 Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>