Шлях у нікуды

Памятаю застольныя гутаркі дарослых аб вайне. Як правіла, завязваліся разлютаваныя спрэчкі: хто мае рацыю, а хто вінаваты. То былі адгалоскі трагічнага перыяду ў гісторыі Беларусі: на тэрыторыі Лепельскага раёна ў перыяд акупацыі схвоснуліся ў крывавай бойні два процілеглыя лагеры — партызаны і народнікі.

 Аб партызанах напісана і распаведзена шмат, а вось хто такія былі народнікі — вельмі скупа. На Лепельшчыне іх у асноўным прадстаўляла Руская вызваленчая народная армія (РВНА). Найбольш поўна яе гісторыя прадстаўлена ў даследаванні расійскіх ваенных гісторыкаў Д. Жукава і І. Коўтуна.

Я хацеў бы на падставе архіўных матэрыялаў некалькі пашырыць «лепельскі перыяд» гэтай арміі.

Як вядома, РВНА, а па-іншаму, ка­мінцы, з’явілася ў Лепельскім раёне летам 1943 года. Яна нібы прымала эстафету ад іншага калабарацыйнага фарміравання — 1-й рускай нацыянальнай брыгады СС Гіль-Радзівонава, якая, наткнуўшыся на супраціў народных мсціўцаў на берагах Бярэзіны, у поўным складзе, пры ўсёй амуніцыі, перайшла на бок партызанаў.

 Лепель быў абраны апорным пунктам камінцаў пасля іх уцёкаў пад націскам Чырвонай Арміі з Лакоцкай акругі Арлоўскай (цяпер Бранскай) вобласці. У трэцяй дэкадзе жніўня эшалоны з салдатамі РВНА і іх сем’ямі сталі прыбываць у Віцебск, а адтуль пешымі калонамі пацягнуліся ў Лепель. Іх баявыя падраздзяленні налічвалі прыкладна 7000 чалавек, а разам з жонкамі і дзецьмі — каля 30000. Можна сабе ўявіць, якая нагрузка лягла на плечы мясцовых сялян, якія ўжо знаходзіліся пад прэсам канфіскацыі прадуктаў для патрэб акупантаў. Да пачатку 1944 года, узгадвалі мае бацькі-верабцы, вытраслі ўсё, што было. Вяскоўцы шукалі ежу сярод першых парасткаў вясновай травы…

 Партызанскім атрадам было загадана атакаваць камінцаў ужо па дарозе да месцаў раскватаравання, і паліцаі РВНА неслі вялікія страты. Адзін з ­удзельнікаў таго «маршу» Н. Біндасаў пасля ўцёк у лес і распавядаў партызанам: “Калі мы выязджалі з Лакоцкай акругі, у батальёне было 500 з лішнім чалавек. У Лепель прыбыло толькі 260“.

 У Лепелі, у Доме саветаў, размясціў­ся штаб Камінскага, а прыкрываў яго 1-ы полк колькасцю 1000 чалавек з апорнымі пунктамі па Віцебскай шашы. На адной з вуліц, паблізу каменнай царквы, быў склад боезапасу, у ваенным гарадку — прадуктовая база і бензасховішча. У Лепелі таксама кватараваў 4-ы полк і асобны батальён. Астатнія падраздзяленні размяшчаліся ў акрузе — у Бачэйкаве, Бешанковічах, Чашніках, Сянне.

 Гэта была даволі вялікая сіла з пяці баявых палкоў. У кожным палку мелася па чатыры батальёны, у сваю чаргу батальён складаўся з чатырох рот. У роце — каля ста чалавек, у кожнага вінтоўка і 100 патронаў, дадаткова ручныя і станкавыя кулямёты і мінамёты. Асобна існавалі бронебатальён (12 танкаў савецкай вытворчасці, у тым ліку восем Т-34, тры бронемашыны і тры танкеткі) і артдывізіён (12 гармат і адна зенітка). Служылі ў войску Камінскага і добраахвотнікі, і мабілізаваныя. Контрразведку брыгады ўзначальваў узбек Пастка, штаб у гвар­дзейскім батальёне — грузін Багатур, ваенным следчым працаваў Працюк — украінец. Касцяк арміі складалі вайскоўцы — былыя афіцэры Чырвонай Арміі, паланёныя немцамі, якія па розных прычынах пагадзіліся супрацоўнічаць з Камінскім. Гэта былы маёр РКЧА, начальнік разведкі брыгады Кастэнка і начальнік мабілізацыйнага аддзела Нікіцінскі, былыя капітаны — начальнік штаба брыгады Шавыкін і начальнік аператыўнага аддзела Фралоў. Сам Камінскі ваеннай адукацыі не меў, хаця служыў шараговым чырвонаармейцам у гады грамадзянскай вайны. Па спецыяльнасці быў хімікам-тэхнолагам, працаваў інжынерам на Лакоцкім бровары, куды ўладкаваўся пасля датэрміновага вызвалення з лагераў, дзе адбываў тэрмін за адкрытую крытыку ста­лінскага партыйнага курсу. За гэта быў выключаны з шэрагаў ВКП(б). Родам Камінскі быў з сяла Добржынь (Добрунь) Полацкага павета, бацька яго быў палякам, а маці Ева — абруселай немкай. Вось як яго знешнасць апісваў на допыце Н. Біндасаў: «Гадоў 45; маецца сівізна, твар даўгаваты, белы, на левай шчацэ западзіна, быццам ад раны; калі гаворыць, трохі крывіць рот; рост сярэдні…»

*   *   *

 Камінцам недвухсэнсоўна прапаноўвалася сыходзіць у лясы і ваяваць на народным баку, не на карысць чужакоў-захопнікаў. Была нават падрыхтаваная новая назва брыгады — 2-я Антыфашысцкая па прыкладзе Гіль-Радзівонаўскай, а афіцэрам абяцалі захаванне званняў і зарплаты. І ўцёкі былі. У вёсцы Верабкі старажылы памятаюць выпадак, калі М. Міснік прывёў у партызанскую брыгаду 10 “народнікаў» (праўда, за гэта атрымаў кулю ў спіну). 15 верасня перайшла ў поўным складзе рота з абозам і ўзбраеннем.

 Сыходзілі і па адным. У асноўным тыя, хто не адчуваў за сабой віны за зробленае. Скажам, вышэйназваны Н. Біндасаў быў мабілізаваны ў войска РВНА паліцыяй Лакоцкай акругі і правёў у вучэбнай роце з год. Калі ахоўваў палоннага ўзводнага з брыгады Лабанка, пазнаёміўся з ім, і той развеяў навязанае прапагандысцкае меркаванне, што «партызаны выколваюць вочы, адразаюць вушы, збіваюць». Даведаўся маршрут, па якім можна трапіць у лес. 13 лютага 1944 года яго ўзяў з сабой на возера начальнік аператыўнага аддзела брыгады Фралоў глушыць рыбу. Калі рыбу нарыхтавалі, Фралоў паслаў яго па свайго каня ў Зялёнку. Біндасаў не стаў гнаць каня, а сышоў на Завідзічы-Занькі, і апынуўся ў партызанах. Рашэнне прыйшло не спантанна. З пратаколу допыту ў партызанах: «Пытанне: — Чаму Вы вырашылі здзейсніць пераход? Адказ: — Лепш загінуць на сваёй зямлі, чым ісці далей у Польшчу … »

 Салдаты разумелі: народ не дапусціць чужынскага гаспадарання на сваёй зямлі, рана ці позна прагоніць заваёўнікаў. Аднак Камінскі рашуча забараніў выпадкі панікёрства. Калі нямецкаму камандаванню данеслі, што 2-і полк РВНА пад камандаваннем маёра Тарасава рыхтуецца ачысціць Сянно ад немцаў і ў поўным складзе сысці ў лес, Камінскі прыбыў у размяшчэнне палка і навёў парадак — па ўскосных звестках асабіста перад строем задушыў Тарасава. Праўда, у наступную ноч сышло да партызанаў 27 байцоў. Затым — яшчэ 126, а 25 верасня збеглі з бронебатальёна 30 танкістаў.

*   *   *

 Вядома, не ўсе перабежчыкі сыходзілі з ідэйных меркаванняў, змяняючы светапогляд. Былі сярод іх засланыя чырвоным камандаваннем агенты. Зараз вядома, што НКУС планаваў фізічнае знішчэнне Б. Камінскага. Быў распрацаваны спецыяльны план аперацыі, выкананне якога ўскладалася на капітана дзяржбяспекі Д. Фралова. Яму даручалася ўсталяваць месцажыхарства Камінскага, сістэму і колькасць аховы як у рабочай абстаноўцы, так і ў хатняй, яго сувязі і абслуговы персанал. Непасрэдна для правядзення дыверсійнага акта Фралоў павінен быў самастойна падабраць выканаўцаў і правесці іх вярбоўку. У дапамогу Фралову былі закінутыя некалькі аператыўных чэкісцкіх груп. Сам ён у якасці камандзіра спецгрупы «Дружныя» (3 чалавекі) з 12 кастрычні­ка 1943 гады асталяваўся ў лагеры партызанскай брыгады імя Сталіна, у Лабанка.

 Вызначаліся два варыянты тэракта — падарваць здрадніка ў доме пражывання ці захапіць з дапамогай завербаваных асоб.

 Як вядома, аперацыя не ўдалася: Камінскі працягнуў сваю дзейнасць на карысць захопнікаў. Хоць намаганні “Дружных” бясследна не прайшлі, яны дзейнічалі ў Лепельскім раёне да злучэння з часцямі Чырвонай Арміі. Дзякуючы іх працы па разлажэнні народні­каў, на бок партызанаў перайшло 400 камінцаў.

 Быў падрыхтаваны другі варыянт аперацыі. Закінулі чарговую спецгрупу, у склад якой увайшла завербаваная органамі НКУС сястра Камінскага. Свое­асаблівай вярбовачнай «бомбай» станавіліся спадчынныя дакументы сястры. З іх вынікала, што Камінскі з 1937 года з’яўляўся таемным інфарматарам Крамля. Аднак Камінскі, мабыць, перадаў дакументы германскай контрразведцы і здолеў пераканаць немцаў у беспадстаўнасці факту або ў тым, што даўно парваў са сталінскімі спецслужбамі. Хутчэй за ўсё так і было, таму што ў 2002 годзе ўсплыла даведка, якую выявіў бранскі карэспандэнт Аляксандр Фядосаў. У ёй адзначалася: «28 сакавіка 1940 г. Шадрынскім НКУС Камінскі быў завербаваны сакрэтным супрацоўнікам пад мянушкай Ультрамарын для распрацоўкі ссыльных трацкістаў… У перыяд знаходжання ў пасёлку Лакоць … па распрацоўцы лейтэнанта Гурава агент да працы ставіўся нядобрасумленна, на яўкі з’яўляўся неакуратна, заданні дакладна не выконваў».

 Цяпер ужо цяжка сказаць, як адрэагавалі немцы на падкінутую «бомбу», і якую канкрэтна карысць спрабавалі атрымаць як адзін, так і іншы бок. Можа, вялася своеасаблівая гульня: хто каго? Неяк дзіўна выглядае схема няздзейсненага тэракта. Гаўляйтара Беларусі Вільгельма Кубэ падарвалі, а Браніслава Уладзіслававіча нічога не брала, хоць здраднікаў у яго шэрагах, як бачым, налічвалася сотні, спробы ліквідацыі былі неаднаразовыя. Дзіўнымі былі таксама партызанскія намеры авалодаць месцам дыслакацыі «народнай» брыгады. Двойчы дабіраліся да цэнтра Лепеля і вярталіся назад. Нейкім дзіўным чынам апраўдваліся, што не знаходзілі агульнай мовы і ўзаемаразумення. Узнікае пытанне: а ці не чакаў Камінскі ад сваіх ранейшых гаспадароў умоўнага сігналу ў гадзіну «Х», каб выступіць рашуча і беспаваротна на іх баку? Такім часам мог стаць момант узяцця Полацка, для авалодання якім сцягваліся ва Ушацкі лес вялізныя сілы партызанаў. Магчыма, што брыгада Камінскага павінна была поўным складам у зручны момант ударыць у спіну немцам, як гэта зрабілі гіль-радзівонаўцы ў перыяд пуску чыгункі з таямнічай назвай «Venus». На думкі наводзіць і загадкавая смерць «народнага» камбрыга. Забягаючы наперад, скажу, што апошнія гадзіны жыцця Камінскага пакрытыя таямніцай. Знаходзячыся ўжо на тэрыторыі Польшчы, ён нібыта быў выкліканы да нямецкага камандавання, аднак не даехаў…

*   *   *

 Як вядома, план авалодання Полацкам быў сарваны. Наадварот, партызаны, сцягнутыя ў квадрат паміж Лепелем і Полацкам, апынуліся ў пастцы — іх абклалі фашысцкія карныя часці. А што ж брыгада Камінскага? Камбрыгу было загадана ў снежні 1943 года ва ўзаемадзеянні з буйной групоўкай нямецкіх войскаў зноў авалодаць дарогай Лепель — Докшыцы і ачысціць яе для бяспечнага прасоўвання калон. А ў студзені тры палкі брыгады ўвайшлі ў склад баявой групы обергрупэнфюрара СС фон Готберга для карных дзеянняў ля Докшыц.

 Усё ж той дакумент аб супрацоўніцтве Камінскага з НКУС, мабыць, сыграў нейкую ролю. Таму што поўнага даверу ў немцаў ён ужо, мяркуючы па ўсім, не меў. Толькі асобныя часткі РВНА прынялі непасрэдны ўдзел у заключнай стадыі ачышчэння лепельска-ўшацкіх лясоў ад народных мсціўцаў Fruhlingsfest («Вясновае свята»). Асноўную іх масу яшчэ ў другой палове лютага 1944 г. разам з сем’ямі пачалі паступова выводзіць з Лепеля.

 У сакавіку да партызанаў збег В. Пучкоў. Ён быў адукаваны чалавек, скончыў Кіеўскую ваенна-фельчарскую школу, у РВНА трапіў з партызанаў Браншчыны: брыгадны лекар Плота ўзяў яго на парукі, калі той апынуўся ў палоне ў адным з начных баёў, і даверыў яму працу ў РВНА спачатку фельчарам, а затым начальнікам аптэкі. Пучкоў выдатна ведаў настрой салдатаў і афіцэраў, камінцаў: “Пытанне: “Чаму РВНА эвакуіруецца з Лепеля і куды?” Адказ: “Прычына выезду, са слоў Камінскага, для перафарміравання ў дывізію СС”. Пытанне: “А як Вы думаеце?” Адказ: “… Немцы, бачачы, што РВНА можа разбегчыся з набліжэннем фронту, эвакуіруюць яе. Месца прызначэння — м. Дзятлава Баранавіцкай вобласці…” Пытанне: “Які настрой салдатаў і камандзіраў брыгады РВНА?” Адказ: “Настрой салдатаў нядобры… І ёсць таксама каман­дзіры, незадаволеныя тым, што ваююць супраць сваіх”. Пытанне: “Чаму ж яны не пераходзяць на бок партызанаў?” Адказ: “Мне даводзілася размаўляць з многімі салдатамі і камандзірамі. Яны выключна спасылаюцца на сямейнае становішча. Сем’і падвяргаюцца расстрэлу і павешанню…”

 У ліпені 44-га брыгаду перайменавалі ў 29-ю грэнадзёрскую дывізію СС (рускую №1), і зводны полк кінулі на падаўленне польскага паўстання. Але працэс разлажэння знутры падточваў брыгаду. У Варшаве пачаліся адкрытыя рабаванні і марадзёрства. Па сведчанні былых афіцэраў РВНА, «у кожнага байца пасля вяртання з Варшаўскай аперацыі можна было знайсці да 15 — 20 залатых гадзіннікаў». Былі выпадкі адкрытай стральбы па сваіх гаспадарах — немцах, у сутычцы загінулі трое немцаў і пяцёра камінцаў. 18 жніўня была падбітая нямецкая машына, якая, заблытаўшыся, выехала за пярэдні край абароны, загінулі нямецкі маёр, капітан і шафёр. Абурэнням германскіх уладаў не было мяжы. Вырашана было вывесці народнікаў з Варшавы.

 Камінскі быў выкліканы для тлумачэння да германскага кіраўніцтва. Але па дарозе туды машына была абстраляная, і ўсе ў ёй нібыта былі забітыя. Разам з Камінскім загінулі начальнік штаба І. Шавыкін, лекар Ф. Забора, перакладчык Г. Садоўскі і асабісты шафёр. Хто канкрэтна здзейсніў напад, невядома. Версій шмат. Самая распаўсюджаная — самі немцы ціха ўстаранілі камбрыга. Пісьменнік С. Вяроўкін лічыць, што машыну Камінскага расстраляла тая ж чэкісцкая група Д. Фралова — дастала ўсё-такі. А былы народнік Р. Рэдліх у матэрыялах па гісторыі Рускага вызвольнага руху адзначае, што Камінскага яшчэ да пачатку Варшаўскага паўстання выклікалі немцы, і ён бясследна знік, а потым пайшлі чуткі аб яго расстрэле. Можа Камінскага сапраўды, што называецца, вывелі з гульні, бо ён сваю працу зрабіў? Падазрона выглядае склад яго «дэлегацыі» ў нямецкую штаб-кватэру: ад’ютант, лекар, перакладчык і шафёр — як быццам бос сабраўся ў працяглую камандзіроўку…

 Ва ўсякім выпадку целаў загінулых ніхто не бачыў. Афіцэрам брыгады немцы паказалі толькі зрашэчаную кулямі машыну…

Васіль АЗАРОНАК,

журналіст.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>