Шлюбы і нараджэнні
— У 2010 годзе зарэгістравана 330 нараджэнняў, — паведаміла начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама Алена Бельская. – Памерла на 87 чалавек меней, чым у 2009 годзе, хаця смерцяў у мінулым годзе і было зарэгістравана нямала — 575.
— Якімі найбольш папулярнымі былі ўласныя імёны, што давалі бацькі сваім дзецям пры іх нараджэнні?
— Хлопчыкі часцей за ўсё атрымлівалі імёны Арцём, Максім, Станіслаў, Мікіта, Кірыл, Ілья, а дзяўчынкі – Анастасія, Дар’я, Ксенія, Паліна, Мілана і Кіра.
— Колькі заключана шлюбаў?
— У 2010 годзе назіраўся рост колькасці заключаных шлюбаў: зарэгістравана 282, што на 43 больш мінулагодняга, у тым ліку ва ўрачыстай абстаноўцы — 169. Прытым, асабліва ўрачыста была праведзена рэгістрацыя чатырох залатых, трох сярэбраных, дыяментавага і рубінавага юбілеяў.
— Якія яшчэ рэгістраваліся акты грамадзянскага стану?
— Аформлены дакументы на перамену васьмі прозвішчаў, а таксама 45 выпадкаў устанаўлення бацькоўства і аднаго ўсынаўлення.
— Колькі заключана шлюбаў з іншаземцамі?
— Адзінаццаць, у тым ліку сем – з грамадзянамі Расійскай Федэрацыі і па аднаму – Германіі, Украіны, Грузіі, Казахстана.
— А як абстаялі справы са скасаваннем шлюбаў?
— Летась зроблена 148 адзнак аб скасаванні шлюбу.
— Якое было ўзаемадзеянне з органамі юстыцыі замежных дзяржаў?
— Паступіла 45 запытаў аб аказанні прававой дапамогі ў прадастаўленні дакументаў аб актах грамадзянскага стану ад органаў юстыцыі замежных дзяржаў. Болей усяго іх было атрымана з Расійскай Федэрацыі – 35, Украіны – шэсць, Казахстана – два, па аднаму – з Таджыкістана і Грузіі.
45 нашых просьб аб аказанні прававой дапамогі ў выдачы дакументаў аб актах грамадзянскага стану былі накіраваны ў іншыя дзяржавы. Сярод іх найбольшая колькасць была адрасавана ў Расійскую Федэрацыю – 31, Украіну – сем, Казахстан – чатыры, па аднаму – ва Узбекістан, Грузію і Азербайджан.
— Колькі ў 2010 годзе спагнана дзяржаўнай пошліны за рэгістрацыю актаў грамадзянскага стану?
— 14315 тысяч рублёў. Акрамя таго, аддзелам ЗАГС аказваюцца дадатковыя платныя паслугі, за якія атрымана яшчэ амаль два з палавінай мільёны рублёў.
Мікалай ГАРБАЧОЎ.