Таргі на востраве
Як вядома з гістарычных летапісаў, нашымі продкамі ў 1563 годзе на востраве возера Лепельскае было закладзена “месца”, якое паступова перарасло ў мястэчка Стары Лепель. У паніжанай, сярэдняй частцы вострава, больш прыдатнай для перавалкі грузаў, быў абсталяваны азёрны порт і праводзіўся базар, ішоў гандаль мясцовымі і прывезенымі водным шляхам з іншых краёў разнастайнымі таварамі.
Пазней для зручнасці жыхары ўсходняй прыбярэжнай вёскі Шунты па мелкаводнай частцы возера Лепельскае напрамкі пралажылі пешаходную кладку да вострава, каб не рабіць некалькі лішніх акружных вёрстаў для пераходу і хутчэй трапіць на местачковы базар у Старым Лепелі.
Востраў да канца XVI стагоддзя быў густа заселены. Свабодныя ад дамоў участкі зямлі тут на працягу стагоддзяў выкарыстоўваліся для вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, пастаянна апрацоўваліся. У месцах, дзе працяглы час жылі нашы продкі, знойдзены старажытныя манеты, якія пры шматлікім пераворванні сахой, плугам зямлі, то ўзнімаліся на паверхню, то апускаліся ў зямныя нетры, але не пакідалі верхняга слою глебы, не засыпаліся прынесеным вятрамі пылам. Вось чаму амаль праз чатыры стагоддзі (яшчэ ў сярэдзіне 1990-ых гадоў) мясцовым аматарам даўніны ўдавалася на паверхні вострава без асаблівых цяжкасцей адшукваць сярэбраныя манеты Вялікага княства Літоўскага XVI-XVII стагоддзяў і перадаваць на пастаяннае захоўванне ў краязнаўчы музей.
У XVI стагоддзі ў нашым краі ў гандлі пераважна выкарыстоўваліся сярэбраныя і білонныя (сплаў металаў) грашовыя адзінкі. Грош уяўляў сабою сярэбраную манету масай 2,5 грамы. Літоўскі грош быў роўны 10 пенязям. Мела хаджэнне і сярэбраная манета – паўпенязь. Рубель быў роўны 100 грошам (літоўскім, польскім, чэшскім), а з 1534 года – 100 капейкам. Сярэбраныя манеты – дваяк, траяк, шастак – былі вартасцю адпаведна 2, 3 і 6 грошаў. Выкарыстоўваліся таксама дынарыі (маса 0,3 грамы), талеры (маса 26-29 грамаў) і іншыя. Вінаватых за падробку манет у той час чакаў суровы прысуд – смяротнае пакаранне.
У другой палавіне XVI стагоддзя конь або вол каштавалі дзве капы грошаў (капа – адзінка лічэння, роўная 60), карова – 100 грошаў, за свінню плацілі 20 грошаў, авечку – 15 грошаў. Рознымі былі тады цэны на прадукты харчавання. Капу жыта або пшаніцы можна было купіць за 20 грошаў, грэчкі – 8, ільну – 24 грошы. Бочка віленская (крыху больш 406 літраў) морквы або буракоў каштавала 6 грошаў, агуркоў салёных, цыбулі – 20 грошаў.
Параўнальна дорага цаніліся жалезныя вырабы: сякеру і касу можна было набыць за 6 грошаў, серп – 2 грошы. Надзвычай таннай была праца рамеснікаў. Майстрам за сані, напрыклад, плацілі 2 грошы, за панарад (павозку) – 6 грошаў, за дугу – 2 пенязі (пенязь – дзесятая частка гроша).
Ілья ЯНУШ,
краязнавец.