Свята на скрыжаванні

У Чэрцах усяго дзве вуліцы. Адна, шырокая, цэнт­ральная, бяжыць праз вёску амаль за два кіламетры. Запачаўшыся на аршанскай шашы, дабягае яна да суседняй вёскі Адамаўка. Пасля таго, як у Чэрцах пабудавалі новы мікрараён, гэтыя дзве вёскі фактычна зліліся ў адну, і толькі старыя назвы нагадваюць, што гэта розныя населеныя пункты. Другая вуліца ў Чэрцах вузенькая, кароткая, затое ўтульная, заўсёды ў зелені, у кветках. Упрыгожваюць яе і бярозы, што ў свой час пасадзілі вучні

былой школы абапал стадыёна. Вуліца імкне да школы, якой ужо няма, а засталася толькі назва — вуліца Школьная, дзе сялілася пераважна мясцовая інтэлігенцыя – настаўнікі, якія і дагэтуль тут жывуць. Так што назва, дадзеная вуліцы значна пазней, чым паявіліся на ёй першыя пасяленцы, адпавядае сапраўднасці.

Сустракаюцца ж дзве вуліцы ля магазіна, на скрыжаванні, у вёсцы кажуць, “на крыжах”. Тут і вырашылі зрабіць свята. Чэрцы яшчэ сто гадоў таму былі не вёскаю, а двума маёнткамі – паноў Пальчэўскіх і Кладніцкіх. Цікава, што да гэтага часу захавалася адна з хат, у якой колісь жылі панскія парабкі. Якая ж гэта трывалая пабудова! Муры, на якіх стаялі пабудовы стогадовай даўнасці, не разбіць аніякай кувалдай. А потым Чэрцы ўзгадваюцца дваром з дваццаці васьмі жыхароў у складзе Гарадчэ­віцкай воласці Лепельскага павета. Толькі пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі маёнткі былі ператвораныя ў вёску, у якую паз’язджаўся са свету народ. Пра гэты факт доўгі час нагадвалі мясцовыя мянушкі – “залескія”, “баравенскія”, “кардзякі” і г.д.

 Росквіт вёскі прыйшоўся на сямідзясятыя гады мінулага стагоддзя. Хоць Чэрцы і не былі цэнтральнаю сядзібаю калгаса “Новы шлях”, гэтую ролю выконвала суседняя Адамаўка, але ж аб’екты сацкультбыту раслі тут як на дражджах. Значна пашырыліся плошчы мясцовай васьмігодкі і нават збіраліся зрабіць яе сяродняй школаю, побач з’явіліся школьны інтэрнат і сталовая, вырас новы будынак сельсавета з прасторнай залаю для рэгістрацый шлюбаў, у той жа будынак пераехала і паштовае аддзяленне. У вёсцы былі фельчарска-акушэрскі пункт і ветлячэбніца, магазін і комплексны прыёмны пункт, пазней паявіліся пральны камбінат і лазня, куды папарыцца з’язджаліся з усяго раёна. Праўда, доўгі час не было клуба, толькі бібліятэка, а на танцы моладзь хадзіла ў Адамаўку. Пабудавалі і цагляныя домікі для калгасні­каў, і нават адзін двухпавярховік.

* * *

 Другая хваля жыццёвых сіл прыліла да вёскі акурат у дзевяностыя гады, калі тут немцы пачалі будаваць дамы для перасяленцаў з чарнобыльскіх раёнаў. Прыехаў не адзін дзясятак маладых сем’яў, якія засялілі пустэчу між Чэрцамі, Адамаўкай і надалі паселішчам “другое дыханне”. На месцы апусцелых фермаў раслі будаўнічыя цэхі, невялікія, але людзям знайшлася праца.

 Зараз Чэрцы — на тэрыторыі сортавыпрабавальнай станцыі. Тут пабудавана агароднінасховішча, аднаўляюць старую жывёлагадоўчую ферму, культурніцкія ўстановы збіраюцца разам пад адным дахам былой васьмігодкі. Тут пасяліўся ўжо пасля капітальнага рамонту фельчарска-акушэрскі пункт, чакаецца пераезд пошты, клуба і  бібліятэкі.

 Што хаваць, жыццё ў вёсцы ўжо не бурліць, як у тыя ж сямідзясятыя ці нават дзевяностыя гады. Мо таму, што, асабліва ў “старых Чэрцах”, заста­ліся пераважна пенсіянеры, праўда, ёсць падставы і для аптымізму. Справа ў тым, што эстафету адраджэння вёскі ўсё смялей падхопліваюць дачнікі, якія выкупляюць старыя пахілыя хаціны і акультурваюць іх. Глядзіш, то там, то тут – весялеюць Чэрцы. Дачнікам  падабаецца. Дзіва што, побач такое прыгожае, маляўнічае возера, бойкая шашэйка на Оршу і Лепель, дый да райцэнтра рукой падаць – якіх-небудзь дзесяць кіламетраў.

 Калі верыць адной з версій, тутэйшае возера гэтае называлася Чэрці і дало назву вёсцы з зусім няпростым норавам. Гіпотэзы гіпотэзамі, але вёсцы даўно было патрэбнае агульнае, вясёлае, разняволенае свята, якое б не толькі павесяліла, але і паяднала лю­дзей.

 І вось яно адбылося. Запоўненая людзьмі лавачка, прынесеная на скрыжаванне, да магазіна, і абнадзейвала, і насцярожвала ў адначассі. Нядзеля. На сортастанцыі, між тым, працоўны дзень. Што зробіш – пільніца. Вунь і паляводы пад’язджаюць сюды, прама на сене, якое вязе трактарок. Арганізатар свята прыклейвае да плота фотагазету. Газета маляўнічая і інфарматыўная. Людзі тут жа ўскокваюць з лавачкі і абступаюць фотагалерэю, на якой многія пазнаюць сябе ў дзя­цінстве. Выпуск васьмікласнікаў з далёкіх сямі­дзясятых, сем’і мясцовых настаўнікаў, большасці якіх, на жаль, ужо няма ў жывых. Колішні старшыня калгаса, малады – ледзьве пазналі. Ды тут амаль уся гісторыя Чэрцаў эпохі росквіту сацыялізму! Газету збіралі па каліву, хто прыносіў здымкі бібліятэкарцы, да каго сама яна заходзіла дадому. Людзі з настальгіяй успаміналі сваю маладосць, дзяліліся каштоўнымі звесткамі і пажоўклымі рарытэтнымі фота з сямейных альбомаў.

 Зінаіда Уладзіміраўна — не толькі культработнік, але і старэйшына вёскі, у розныя гады выбіралася дэпутатам мясцовага савета. Яна ведае вясковыя праблемы і клопаты, знаходзіцца ў гушчыні тутэйшага жыцця. Каму, як не ёй, быць арганізатарам свята вёскі! Бярэ ў рукі мікрафон і звяртаецца з прывітаннем да землякоў. Гучыць музыка. Гэта прыехалі павіншаваць вяскоўцаў культ­работнікі з Лепеля, Старога Лядна, з суседніх Горак, якія ўжо займелі пэўны досвед у арганізацыі падобных святаў. Пасля Зінаіда Семянько выкажа шчырыя словы ўдзячнасці сваім калегам-культработнікам за галасістую і прафесійную падтрымку канцэртам, які спадабаўся амаль усім.

 З першымі акордамі падыходзяць людзі да магазіна. І адкуль бярэцца народ! Канчаткова развейваюцца мае сумненні наконт масавасці свята. У самы яго разгар налічваю больш за семдзясят гледачоў, якія тут жа становяцца і ўдзельнікамі. Некаторыя жартуюць – ужо ў Чэрцах столькі і народу нямашака, колькі сабралася на свята вёскі. У кожным жарце ёсць доля праўды. Справа ў тым, што, як і кожная вёска, улетку Чэрцы напаўняюцца “гарадскімі ўнукамі”. І тут, на свяце, насамрэч багата моладзі, падлеткаў і нават малых дзяцей, якім вельмі дарэчы прыйшліся торцікі, падораныя да свята старшынёй сельсавета са словамі “Каб вам тут саладзей жылося…”

 Святочная праграма праходзіць у форме расповеду пра вяскоўцаў са шчырымі словамі віншаванняў і песнямі ў іх гонар. Так-так, гэта вельмі таленавітая і працавітая вёска, з якой выйшлі ў свет паважаныя і заслужаныя людзі, якімі яна можа па праву ганарыцца. Знарок не называю нічыіх імёнаў, каб не пакрыўдзіць іншых, неназваных, бо лёс кожнага чалавека па-свойму ўнікальны, варты ўвагі.

 Урэшце, не вытрымліваюць гледачы і пад гукі вясёлай музыкі пускаюцца ў скокі – аж пыліць вакол. Весялосць і азарт, энергія і задор перадаюцца іншым, лунаюць над вёскаю, і ў гэты момант яна здаецца самай шчаслівай на свеце. Можа, яно і насамрэч так.

 Віктар ЛЯШЧЫНА.

На здымках:  ля фотагазеты, дзе сабрана гісторыя вёскі.

 Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>