Рэканструкцыя ў Казіншчыне

Ферма ў Казіншчыне — адна з дзвюх малочнатаварных, якія дзейнічаюць у ААТ “Лядна”, другая працуе ў вёсцы Слабодка. Калі ў пачатку года паўстала пытанне, на якой праводзіць рэканструкцыю, вырашылі на карысць першай. Там, хоць і стаяла новае малочнае абсталяванне, усё ж стан усіх астатніх канструкцый патрабаваў сур’ёзнага рамонту. І пачалося…

Не будзем апісваць рамонтна-будаўнічы працэс, яго і так кожны можа сабе ўявіць: будаўнічы друз, пыл, няўвязкі

з пастаўкамі матэрыялаў, праблемы з будаўнічымі кадрамі. Аднак усё мінула, і зараз вачам тых, хто выязджае з Казіншчыны, паўстае новая карціна: пасярод поля, абгароджаная пафарбаванымі бетоннымі плітамі, стаіць канструкцыя, падобная на арачнік, пакрытая бела-сінім спецыяльным тэнтам, а за ёй зіхацяць новым шыферам знаёмыя будынкі фермы. Прыехаўшы на двор, адразу скіроўваюся да гэтай новай канструкцыі. Там якраз знаходзіцца загадчыца фермы Таіса Вашчук.

Жанчына вілкамі падсоўвала сянаж, які раскідалі жывёлы, назад, бліжэй да секцый, а пасля налівала ваду ў жалабы-паілкі. У жалезным арачніку пад тэнтавым пакрыццём, падзеленым на некалькі секцый, стаяць больш за сотню цялушак. Нягледзячы на марозны ранак, у памяшканні было цёпла.
— Таісія Васільеўна, у мяне склалася ўражанне, што зімой пад тэнтам жывёле ўсё ж будзе халодна, зашмат корму пойдзе на абагрэў.
— Так здаецца толькі на першы погляд, на самой справе тут вельмі цёпла. Мы на дзень адчыняем абедзве брамы, каб быў пастаянны прыток свежага паветра, і на ноч адну браму пакідаем адчыненай. Зімой таксама маразоў не баімся. Карова — жывёла, якая ў працэсе жыццядзейнасці выдзяляе шмат цяпла, а тут іх — больш за сотню.
— Кармоў хапае?
— Так. Сёлета назапасілі дастаткова, асабліва сенажу. Яшчэ адна яма кукурузнага сіласу засталася з мінулага года.
— У кароўніках звычайна гной выдаляецца транспарцёрам, а тут ніякага гноевыдаляльнага механізму не бачу…
— Тут іншая сістэма прадугледжана. У тарцах арачніка акрамя галоўных ёсць яшчэ па дзве бакавыя брамы, дастаткова вялікія, каб праехаў “Амкадор”. Папярэдне жывёлу выпускаем у загон — і трактар можа вычышчаць гной.
Варта зазначыць, што цялятнікі ў арачнай канструкцыі пад тэнтам — далёка не новае ў жывёлагадоўлі. Ужо больш за пяць гадоў такі спосаб утрымання маладняку буйной рагатай жывёлы практыкуецца на Палессі. Мінулай зімой, у пару, калі слупкі тэрмометраў апускаліся ніжэй за -250, спецыялісты гаспадарак нашага раёна ездзілі туды пераймаць вопыт. Нават у самыя марозныя дні і ночы жывёла адчувала сябе камфотна.
Несумненны плюс такога кшталту пабудоў — эканамічнасць. Адзін арачнік каштуе каля мільярда рублёў, у той час пабудова новага кароўніка з традыцыйных матэрыялаў — у некалькі разоў болей. Служыць жа ён можа гэтак жа доўга, абслугоўванне — нашмат таннейшае. У той час як звычайнаму памяшканню перыядычна патрабуецца складаны капітальны рамонт, тут падобную ролю можа выконваць простая замена тэнту раз на некалькі гадоў.
* * *
З Таццянай Васільеўнай перайшлі ў памяшканне, дзе на той момант праходзіла дойка. Папрасіў пазнаёміць з калектывам.
— У арачніку працуюць два Валерыі — Праскаловіч і Занько. Даеннем кароў займаюцца Вольга Жарнасек, Святлана Кірпічэнка, Святлана Казлоўская і Генадзь Мірановіч. Слесарам па малакапровадзе працуе Уладзімір Жарнасек, а на гноевыдаленні — Анатоль Кірпічэнка. Бычкоў даглядае Юрый Аўсіевіч. Як бачыце, у нас працуюць дзве сямейныя пары. Акрамя таго, яшчэ чацвёра вартаўнікоў. Заработная плата залежыць ад надояў малака. За апошні месяц яна склала крыху больш за два мільёны рублёў. На раздоі нецеляў даярка зарабляе яшчэ болей, але і праца там цяжэй.
— Раскажыце пра рэканструкцыю жывёлагадоўчага будынка.
— Ад былога кароўніка засталіся толькі сцены і бетонная падлога. Усе ўнутраныя канструкцыі, апоры, бэлькі, кроквы, латы, дах — новыя. Абсталяваны бытавы пакой для работнікаў, усталяваны новы ацяпляльны кацёл.
— Аднак спынімся больш падрабязна на вытворчых магутнасцях…
— Даільная сістэма на ферме яшчэ да рэканструкцыі была новая, усталяваная летась. Малако доіцца закрытым цыклам, таму цалкам мяняць абсталяванне сэнсу не мела. Нашы работнікі, Гена Мірановіч з напарнікам, акуратна разабралі даільную сістэму, пранумаравалі камплектуючыя і паклалі ў склад. Пасля таго, як памяшканне было гатовае, яго зноў зманціравалі. Мантаж заняў каля паўмесяца. Зусім без абнаўленняў не абышлося. Новыя халадзільнікі разлічаны на чатыры тоны.
— Новыя вароты заказвалі на рамзаводзе?
— Не, нашы ўмельцы зварвалі тут, на месцы. Іх рабілі спецыяльна такіх памераў, каб магла праехаць габарытная тэхніка. Для гэтага нават сцены паднялі яшчэ на тры цагліны.
— Бачу, тут замест прывычных паілак зманціраваны жалабы, у якія вада ліецца з крана.
— І паверце, такая сістэма нашмат зручнейшая за ранейшую. Вады наліваеш поўна — усе каровы п’юць, колькі ім патрэбна. А ранейшыя паілкі часта забіваліся рэшткамі сена, сіласу, даводзілася чысціць іх, прабіваць дротам.
Адным словам, працаваць у абноўленым памяшканні больш прыемна і зручна. З насцярожанасцю жывёлаводы чакаюць надыходу першай зімы: як пакажуць сябе новыя памяшканні, ці будзе цёпла, ці не змерзне вада ў водаправодзе? Хаця водазабеспячэнне — асобная праблема для фермы ў Казіншчыне. Напор вады недастатковы. А спажывае ферма ні многа, ні мала — да 500 кубаметраў штомесяц.
І напрыканцы — некалькі лічбаў. Усяго на рэканструкцыю фермы ў Казіншчыне затрачана каля трох мільярдаў рублёў. Прагназуемы тэрмін акупальнасці — чатыры гады. З надыходам перыяду масавых расцёлаў надоі вырастуць.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: Генадзь Мірановіч поіць цяля.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>