Рыбацкае шчасце

Бацька з сынам, Генадзь і Кірыл Неметавы – апантаныя рыбаловы. Пры любой спрыяльнай нагодзе і разам, і паасобку выпраўляюцца на вадаём, каб паспытаць рыбацкага шчасця. Маці Валянціна Мікалаеўна часам непакоіцца, асабліва ў пачатку і канцы зімы, калі лёд яшчэ крохкі, нетрывалы. Аднак цяпер можна лавіць спакойна, тым больш, што вяртанне з рыбалкі без здабычы – выпадак крайне рэдкі, выключны.

Гэтым разам пагодлівым суботнім днём бацька з сынам выехалі на возера Рачное, што каля Вялікага Жэжліна, папярэдне налавіўшы жыўцоў у Кордзіках, тамашнія плотачкі даспадобы шчупакам. Прыехалі, прасвідравалі палонкі, пачалі ставіць жарліцы. Не прайшло і гадзіны, як спрацавала першая паклёўка, флажок падняўся і затрымцеў на ветры. Падбеглі да палонкі, пацягнулі за леску.

— Ого, учапілі мы рыбіну кілаграмаў на дзесяць, не меней, падводзім яе акуратна, без рыўкоў. Шкада бу­дзе, калі такі трафей сарвецца, — падбадзёрваў Генадзь сына.

З паўгадзіны не здавалася рыбіна, але памалу падцягнулі яе да лёду. Тут мужчыны нават на хітрыкі пайшлі, прысыпалі ваду жменяй снегу, каб не спалохаць святлом сваю здабычу. Да палонкі падвялі, а выцягнуць рыбіну неяк – морда толькі па вочы ўлазіць у яе. Давялося яшчэ дзве дзіркі свідраваць побач і пашыраць адтуліну. Генадзь крукам за жабры ўрэшце падчапіў шчупака, і вось жаданая здабыча ляжыць на лёдзе.

У першыя імгненні цяжка было паверыць сваёй удачы – такая велізарная рыбіна, нібы бервяно! Крыху аддыхаліся, супакоіліся, затым адцягнулі шчупака далей ад палонкі і прадоўжылі лоўлю. У тую суботу ўдача і далей спадарожнічала бацьку і сыну, яшчэ сем рыбін злавілі вагой ад 800 грамаў да паўтара кілаграма.

Самы галоўны трафей змясціўся ў багажніку машыны, толькі скруціўшыся ў кола. Прыехаўшы дахаты, узважылі яго на бязмене – стрэлка паказала 13,5 кілаграма.

— Такога шчупака злавілі ўпершыню, — у адзін голас кажуць мужчыны, — звычайна трапляюцца экзэмпляры па сем-восем кілаграмаў, да дзесяці. Гэты – рэкордны.

— Што ж цяпер з ім рабіць, — разважае Валянціна Мікалаеўна, — засмажыць на патэльні ці пусціць у юшку. Гэта не лепшы варыянт, бо рыбіна старая, касцістая. Можна яе перакруціць на рыбныя катлеты. А яшчэ лепей – запечаны фаршыраваны шчупак – суперстрава да святочнага стала.

Васіль МАТЫРКА.

На здымку: Кірыл і Генадзь з трафеем.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>