Прыватная тэхніка

Завершаны тэхнічны агляд сельскагаспадарчай тэхнікі, прыватных гаспадароў. Па яго выніках гутарым з галоўным інспектарам дзяржаўнага тэхнічнага нагляду райсельгасхарчу Станіславам Кажаном.


— Па папярэдняй дамоўленасці са старшынямі сельвыканкамаў я выязджаў у вёскі, аглядаў тэхніку. Старшыні па тэлефонах, у прыватных гутарках папярэджвалі ўладальнікаў трактароў аб маім прыездзе. Дарэчы, інфармацыя пра тэхагляд была загадзя змешчана і ў “Лепельскім краі”. Газета папулярная сярод вяскоўцаў, людзі прачыталі і пачалі рыхтаваць тэхніку.
Патрэба ў падобным мерапрыемстве даўно наспела. Не сакрэт, што ў прыватным уладанні ў вяскоўцаў знаходзіцца ўжо даволі шмат разнастайнай сельгастэхнікі. Не заўсёды яна ў належным стане. Гаспадары мяркуюць, маўляў, я на сваім агародзе езджу, мне і так добра. Але ж яны выязджаюць на вуліцы, дарогі, дзе паняцце бяспека руху — не пусты гук.
— Станіслаў Генадзьевіч, як адгукнуліся вяскоўцы на падобную ініцыятыву?
— Станоўча, асабліва ў аддаленых сельсаветах — Слабадскім, Баброўскім. Яны амаль усе выказваліся: “Добра прыдумалі, нам не трэба ехаць у Лепель, гнаць тэхніку за пятнаццаць — дваццаць кіламетраў — усё на месцы!”
— Колькі адзінак тэхнікі прайшло працэдуру?
— 19 трактароў былі прадстаўлены для агляду. Усе яны мелі неабходны набор дакументаў, рэгістрацыйныя знакі, былі ў спраўным стане, прыгодным для эксплуатацыі на дарогах рэспублікі. Таму без праблем прайшлі тэхагляд. Акрамя гэтага, былі прадстаўлены яшчэ чатыры незарэгістраваныя раней адзінкі сельскагаспадарчай тэхнікі. Аднак яны мелі дакументы, якія пацвярджаюць законнасць набыцця, таму зарэгістраваныя ў адпаведнасці з законам. Пры сабе я меў дзяржаўныя рэгістрацыйныя нумары, бланкі, пячатку, таму рэгістраваў на месцы.
— Аднак, наколькі ведаю, у грамадзян ва ўладанні больш за 23 адзінкі сельскагаспадарчай тэхнікі. Чаму астатнія не агледжаны?
— Я працую на пасадзе інспектара дзяржтэхнагляду некалькі месяцаў, з сярэдзіны лета, таму адказваю толькі за тэхніку, якую паспеў абследаваць сам. Шмат тэхнікі агледзеў мой папярэднік Аляксандр Клундук увесну, а таксама летась.
Між тым, даволі шмат тэхнікі знаходзіцца ва ўладанні вяскоўцаў без рэгістрацыі: трактар ёсць, а дакументаў на яго няма. Здавалася б, тэхніка дагледжаная, спраўная, а інспектар дзяржтэхнагляду зарэгістраваць яе не можа. Набывалі гаспадары па-рознаму: хтосьці яшчэ ў 90-ыя гады купіў у расфарміраваным калгасе спісаны трактар ці камбайн, хтосьці сабраў сабе памочніка ў гаспадарцы з вузлоў і агрэгатаў. Вырашыць сітуацыю, на думку аўтара, магла б рэгістрацыя ўсёй прыватнай сельгастэхнікі па факце ўладання, так званым явачным парадкам, як гэта было зроблена два гады таму ў адносінах скутараў. Дадзеная мера дапамагла б навесці парадак у гэтай сферы, паставіць тэхніку, вузлы і агрэгаты на ўлік.
— Станіслаў Генадзьевіч, як бы вы акрэслілі тэхнічны стан прыватнай сельгастэхнікі?
— Здавальняючы, асабліва калі ўлічыць, што некаторым экзэмплярам больш за 20 — 30 гадоў. Відаць, што гаспадары даглядаюць іх, своечасова рамантуюць. Да тэхагляду многія нават пафарбавалі сваіх “жалезных коней”. Але некалькі трактароў у Каменскім сельсавеце мелі стан непрыглядны. Маторы ў іх працавалі, гарэлі фары, мільгалі павароты, але выглядалі неахайна.
— На якія паказчыкі звярталася асаблівая ўвага?
— Найперш, на дакументы, якія пацвярджаюць законнасць набыцця тэхнікі. Па-другое, на элементы, якія неабходны для бяспечнага ўдзелу ў дарожным руху. Правяралі тармазы, прасілі скрануцца з месца і затармазіць. Некалькі Т-25 мелі праблемы з пакрышкамі. Пратэктар на іх яшчэ не сцёрты, ездзіць можна было б, аднак многім з іх больш за 20 гадоў, ад старасці гума патрэскалася, што можа стаць прычынай паломкі ў дарозе. Гаспадарам указана на магчымую небяспеку.
— Ці мяркуеце працягваць падобную практыку?
— Практыку працягваць будзем, але ў іншай форме. Сумясцім тэхагляд прыватных сельгасмашын і тэхнікі ў сельгасарганізацыях. Не сакрэт, што сельгасработы — справа сезонная, пачынаецца ўвесну. Перад пачаткам пасяўной, у сакавіку — красавіку, буду аб’язджаць усе мехдвары, аглядаць тэхніку, выдаваць допускі. З гэтай справай можна было б управіцца, скажам, да абеду, а другую палову дня прысвяціць агляду тэхнікі прыватнай, ці наадварот. Час ёсць, прадумаем.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: трактар Васіля Шкіндзера прайшоў тэхагляд.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>