Праца і адпачынак
— У сёлетнім ліпені з’ездзіла з сяброўкамі ў крымскі Судак, — кажа лепяльчанка Іна Хацкевіч. — Дзесяцісутачны адпачынак па пуцёўцы нашмат перасягае кароткатэрміновыя экскурсіі ў Піцер і Кіеў, дзе раней давялося пабыць. Ніякіх спешкі, беглага агляду славутасцяў па прынцыпу “галопам па еўропах”, аўтобуснай стомленасці ад частых пераездаў. Атрымаўся сапраўдны адпачынак з усімі экзатычнымі адметнасцямі — мора, горы, паўднёвы каларыт.
Настолькі спадабалася, што абавязкова збяру грошай і налета паеду ў Егіпет. Гэта, можна сказаць, мая блізкая жыццёвая мара.
Іна — малады спецыяліст. Менш як два гады таму скончыла Барысаўскі політэхнічны каледж па спецыяльнасці “Тэхнік-цеплатэхнік”. Працуе тэхнікам энергетычнага сектара ЛКУВП ЖКГ “Лепель”.
— Іна, што цябе падштурхнула выбраць не зусім жаночую спецыяльнасць?
— Бацькі параілі. Сказалі, што гэта спецыяльнасць заўсёды запатрабаваная.
— Не шкадуеш аб выбары?
— Што вы! Працаваць цікава. Інакш не паступала б на спецыяльнасць “Цеплагазазабеспячэнне, вентыляцыя і ахова паветранага басейна” завочнага аддзялення Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.
— Як вольны час бавіш?
— Езджу да сяброў-аднагрупнікаў у Барысаў. Па камп’ютары з імі перапісваюся. Шукаю навіны ў інтэрнэце.
— Якая жыццёвая сітуацыя найбольш запомнілася?
— Навучанне ў каледжы і, як ужо казала, адпачынак у Крыме. Спадзяюся, што гэта была разведка маіх будучых далёкіх вандровак па свеце.
Уладэімір ШУШКЕВІЧ.
На здымку: Іна Хацкевіч.
Фота аўтара.