Па новай тэхналогіі

IMG_1813ААТ “Лепельскі малочнакансервавы камбінат” — прадпрыемства, якое дынамічна развіваецца, нарошчвае аб’ёмы вытворчасці, экспарту прадукцыі і разам з тым праводзіць значную работу па мадэрнізацыі вытворчых магутнасцяў. Пра гэтыя аспекты дзейнасці гутарым з намеснікам дырэктара па камерцыйных пытаннях Аляксеем Садоўскім.
— Аляксей Міхайлавіч, якімі падзеямі адзначыўся год, які прайшоў з часу мінулага Дня горада?


— Падзей шмат, распавесці ёсць пра што. Якраз за прайшоўшы год узвялі новую робатызаваную ферму на 400 галоў буйной рагатай жывёлы ў Старым Лепелі. Будавалі яе з чыстай пляцоўкі, пачалі мінулай восенню, увядзенне ў строй плануем на працягу бліжэйшых двух месяцаў. Варта зазначыць, што гэта ўжо не адзінкавы пілотны праект, як калісьці было ў Юркоўшчыне. Цяпер новыя фермы будуць будавацца з разлікам пад робатызацыю, выкарыстанне даільных залаў. Каштарыс праекта склаў каля 60 мільярдаў рублёў, сродкі выдзелены Банкам развіцця ў рамках рэспубліканскай праграмы мадэрнізацыі.
У склад акцыянернага таварыства ўваходзіць філіял у Докшыцах. Тут дзейнічае прыёмы пункт, які выкарыстоўваў састарэлае абсталяванне, працаваў у зношаных будынках. Першай задачай стаў рамонт вытворчых памяшканняў, месцамі — капітальны. Акрамя гэтага абноўлена абсталяванне для прыёму малака: ёмістасці, малакаправоды.
Значныя работы праводзяцца ў Талачынскім філіяле. На працягу бягучага года там цалкам абноўлена кампрэсарнае і халадзільнае абсталяванні, абноўлены цэхі па вытворчасці масла і сыроў, функцыянуе лінія нанафільтрацыі сыроваткі.
— Шмат разоў чуў словы з прыстаўкай нана-…
— Адзін з выпускаемых у Лепелі прадуктаў — сухая сыроватка. Штодня мы вазілі з Талачына па 90 тон вадкай сыроваткі, гэта шэсць аўтацыстэрнаў. Тут яе на нашым абсталяванні згушчалі, высушвалі і атрымлівалі 4,7 тоны канчаткова гатовага прадукту. Вы ўявіце сабе, якія ішлі энергазатраты на высушванне больш за 80 тон вады!
Новая лінія нанафільтрацыі ў Талачыне ўяўляе сабой набор фільтраў з мікраскапічнымі порамі, якія прапускаюць ваду і затрымліваюць часцінкі сыроваткі. У выніку адфільтроўваецца больш за 75 тон вады, атрымліваецца каля 15 тон прамежкавай фракцыі, якая і канчаткова высушваюцца ў Лепелі. Падлічваем эканомію: фільтрацыя танней за выпарванне, для дастаўкі 15 тон прамежкавай фракцыі дастаткова аднаго рэйса, а не шасці.
— А што зроблена за год у Лепелі?
— Працягваем праграму мадэрнізацыі, распачатую некалькі гадоў таму. Не так даўно завяршылі мантаж і запусцілі новую каагенерацыйную ўстаноўку. Цяпер прадпрыемства амаль цалкам знаходзіцца на аўтаномным энергазабеспячэнні. Кацельню абнавілі летась, запусцілі яе ў пачатку года забяспечыўшы прадпрыемства цяплом. Як вядома, для выпарвання вільгаці з малака патрабуецца шмат цяпла, вось і выкарыстоўваем свае ўстаноўкі, закупляем толькі прыродны газ.
Наступным крокам стала забеспячэнне вытворчасці электрычнасцю. Патрэбы ў час максімальнай загрузкі — 1,5 мегавата ў гадзіну. Але так бывае не пастаянна, некалькі месяцаў за год. У асноўным неабходна каля 0,7 — 0,8 мегавата ў гадзіну. Набылі і ўстанаўліваем каагенератар магутнасцю ў адну мегават-гадзіну, што дазволіць большую частку года не засілкоўвацца ад гарадскіх электрасетак. Эканомію можа падлічыць любы. Кілават-гадзіна электраэнергіі для індывідуальных спажыўцоў каштуе 563,8 рубля. Тарыф для прадпрыемстваў прыблізна ў тры разы большы. Мегават складае тысячу кілаватаў.
А кожны рубель эканоміі — гэта зніжэнне сабекошту прадукцыі, з чаго ў выніку атрымліваюцца перавагі ў жорсткай канкурэнтнай барацьбе, асабліва на замежных рынках збыту.
— Акрэсліце, калі ласка, перспектывы да наступнага Дня горада.
— Не хачу раскрываць усіх сакрэтаў, тым больш, што асноўны праект яшчэ на ўзроўні планаў і дамоўленасцяў. Скажу толькі, што мы мяркуем пашырыць вытворчую базу. Дзеля гэтага вывучаем прапановы вядучых кампаній свету. Наш галоўны інжынер Уладзімір Віннік, вывучаючы прапановы, параўноўваючы вытворчыя характарыстыкі абсталявання, аб’ехаў усю Еўропу, дабраўся аж да Індыі. У канцы верасня будзем праводзіць конкурс і прымаць рашэнне. Хацелася б выбраць такое абсталяванне, якое б было актуальным на працягу як мінімум дзесяці гадоў, а з перспектывай мадэрнізацыі — да 50. Калі ўсё ўдасца, Лепельскі МКК будзе прэтэндаваць на статус буйнейшага вытворцы малочнай прадукцыі ў рэспубліцы.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>