Кветкі для Прэзідэнта

  Сродкі масавай інфармацыі змясцілі фотаздымак, дзе на пярэднім плане побач з Прэзідэнтам на навагоднім свяце ў Палацы рэспублікі — хлопчык Максім і дзяўчынка Яна. Дзеці ўручылі на прэзідэнцкай ёлцы кветкі кіраўніку дзяржавы. Яна Стрэльчанка жыве ў Лепелі, вучыцца ў чацвёртым класе СШ №3.

Мы сустрэліся з ёю на зімовых канікулах.

— Якія ўражанні ты, Яна, прывезла з Мінска?

Замест адказу дзяўчынка дэманструе вялізную, кілаграмы на тры, каробку з цукеркамі і сімпатычнага плюшавага дракончыка.

— Раскажы падрабязней.

— У сталіцу ехалі з камфортам, на некалькіх аўтобусах. На месцы я раптам даведалася, што буду ўручаць кветкі Прэзідэнту.

— Хвалявалася?

— Думаю, што не, — замест Яны адказвае мама, далучыўшыся да нашай размовы. Ведаеце, Яна прывыкла выступаць на сцэне, не губляецца ў розных неардынарных сітуацыях.

— Я апранула сваю любімую сукенку колеру золата, — горда заяўляе дзяўчынка, — і мы з Максам пайшлі на ёлку да Прэзідэнта.

— Бачу, вы пасябравалі з незнаёмым хлопчыкам Максімам?

— Не скажу, каб пасябравалі, але добра пазнаёміліся, бо разам былі цэлых два дні.

— І што ты сказала Прэзідэнту, калі дарыла кветкі?

— Словы я даручыла казаць Максіму, бо ён быў як бы не пры справе, з пустымі рукамі, а я трымала  букет пунсовых ружаў.

А Яна не промах: па слова ў кішэню не палезе. Цікава, чаму менавіта ёй, дзяўчынцы з правінцыйнага горада, даручылі такую пачэсную місію?

Яна, нібы падслухаўшы мае думкі, працягвала:

— Я везла Прэзідэнту дыск са сваімі песнямі. Шкада, мне не да­зволілі яго ўзяць з сабой на ёлку.

—  А якія песні ты хацела падарыць?

— Запісы маіх выступленняў на розных конкурсах.

Справа ў тым, што дзяўчынка ўжо з чатырох гадоў ходзіць на вакал і танцы ў школу мастацтваў, з пяці — іграе на фартэпіяна. Вакал і музыку выкладае ў яе Таццяна Ермаковіч. Пра такіх кажуць: педагог па прызванні — Божы дар. Дзякуючы выкладчыцы Яна пачала ездзіць на розныя конкурсы ўжо з ранняга дзяцінства. Пяцігадовай дэбютавала на сцэне мясцовага РДК з песняй “Каралева будучыні”. У восем гадоў брала ўдзел у ІІ Міжнародным конкурсе дзіцячай і юнацкай творчасці “Кубак Еўропы”, дзе заняла трэцяе месца. Пазалетась атрымала дыплом ІІ ступені на  “Залатой ліры”. Удзельні­чала ў “Халі-хало”.  Затым пачала займаць першыя месцы: на рэспубліканскіх конкурсах “Новы рух” і “Шаную цябе, Белая Русь”, на рэгіянальным рэспубліканскім конкурсе “Ружа вятроў” у Беларусі. Паехала ў Маскву, і там стала пераможцай, пасля чаго Яну за­прасілі ў Чэхію.

— Паедзеш?

— Патрэбны фінансы, — удакладняе мама. — Вось бы якога спонсара знайсці.

— Яна, ты задаволеная “ёлкай у Прэзідэнта”? Што табе болей за ўсё там спадабалася?

— Вядома, задаволеная! Болей за ўсё — цудоўная казка-мюзікл “Усё магчыма ў Новы год”.  Там дабро змагаецца з хлуснёю, з цемраю — і перамагае.

— Любіш казкі?

— Я сама іх пішу. Хочаце, пачытаю вам сваю казку пра тое, як стары добры гном вучыў злога гнома дабру? Я пішу і апавяданні.

— Пісьменніцай будзеш?

Яна задумваецца:

— Не, хутчэй за ўсё, актрысай…

  Уладзімір МІХНО.

  На здымку: Яна Стрэльчанка з навагоднімі падарункамі ад Прэзідэнта.

  Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>