Каб зіма не застала знянацку

— На балансе ўчастка кацельных і цеплавых сетак КУВП ЖКГ “Лепель” — 13 кацельняў у горадзе і раёне, — паведаміў начальнік участка Віктар Дзёмка. — Гэта перш за ўсё цэнтральная гарадская кацельня, якая забяспечвае ацяпленне і гарачае водазабеспячэнне большай часткі жыллёвага фонду Лепеля, асноўнай колькасці прадпрыемстваў, устаноў. Шэраг вытворчых і сацыяльных аб’ектаў у нашым горадзе ацяпляюцца, на іх паступае гарачая вада з кацельняў электрамеханічнага завода, прадпрыемства меліярацыйных сістэм, цэнтральнай раённай бальніцы і абласной бальніцы для дзяцей з захворваннямі апорна-рухальнага апарата.

Акрамя таго, для сельскіх жыхароў працуюць кацельні нашага камунальнага прадпрыемства ў Стаях, Поў­свіжы, Слабадзе, Домжарыцах, Пышне, Валосавічах і Грыгаравічах. Усяго на ўчастку кацельных і цеплавых сетак рупяцца больш за 80 чалавек, а непасрэдна перад самім пачаткам новага ацяпляльнага сезона іх колькасць будзе нават некалькі павялічана.

 — Што ўжо зроблена па падрыхтоўцы да ацяпляльнага перыяду?

 — Праведзены прафілактычны рамонт усяго кацельнага абсталявання. Устаноўлены новыя, сучасныя помпы ў кацельнях прадпрыемства меліярацыйных сістэм, у Слабадзе і Грыгаравічах. Гэтыя помпы вельмі эканамічныя, спажываюць меней электраэнергіі, дазваляюць эканоміць энергетычныя рэсурсы.

 — Колькі шматкватэрных дамоў абслугоўваеце ў горадзе і раёне?

 — Больш за 140. Да іх пракладзены цеплавыя сеткі агульнай працягласцю 61,8 кіламетра. Апрасаваны сістэмы ацяплення 35 жылых дамоў, зроблена гідрапнеўматычная прамыўка ўсіх цеплатрас. Заменены асобныя ўчасткі цепласетак, агульная даўжыня якіх складае больш за адзін кіламетр.

 — Што зроблена па гарачым водазабеспячэнні?

 — Устаноўлены новыя, пласцінкавыя бойлеры ў шматкватэрных жылых дамах па вуліцах Савецкая, 73а і Максіма Горкага, 27. Бу­дзе зманціраваны такі бойлер і ў жылым доме па вуліцы Калі­ніна,66а.

 Для надзейнага гарачага водазабеспячэння ў цэнтральнай кацельні цяпер працуе адзін кацёл на мясцовым паліве.

  На цэнтральнай кацельні зараз функцыянуе і газапоршневая ўстаноўка, якая, акрамя ўсяго іншага, выпрацоўвае танную электраэнергію.

 Мікалай ГАРБАЧОЎ.      

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>