Дыпламаваныя «Сунічкі»

Не ведаю, не пытаўся, ці любіць Вераніка Хомбак збіраць лясныя ягады. Але адны з іх — “Сунічкі” — збірае яна вось ужо некалькі дзесяцігоддзяў. Ох, і прыемныя ж яе “Сунічкі”! Людзі не нахваляцца, бо ад іх — адно задавальненне. Веранікіны “Сунічкі” не растаюць у роце прыемнай слодыччу, а танцуюць на сцэне. Радуюць гледача амаль столькі часу, колькі сама Вераніка Аляксандраўна шчыруе на культурнай ніве Лепельшчыны.


А прыехала яна сюды з Новалукомля, па накіраванні, як скончыла аддзяленне харэаграфіі мастацкага вучылішча. Накіравалі маладога спецыяліста харэографам у Стайскую дзіцячую школу мастацтваў традыцыйнай культуры. Гады тры папрацавала выкладчыкам, затым узначаліла гэтую ўстанову. Было гэта амаль дваццаць гадоў таму назад. На той час Вераніка вучылася завочна ў інстытуце культуры па спецыяльнасці “сацыяльная педагогіка”.
А неўзабаве нарадзілася ідэя сабраць “Сунічкі”. Сёння гэта слынны не толькі на Лепельшчыне, але і далёка за яе межамі фальклорна-харэаграфічны калектыў, амаль шэсцьдзясят дзяцей са Стай і навакольных вёсак. Чатыры рознаўзроставыя групы. Усе дзеці вучацца ў Стайскай сярэднай школе, а пасля ўрокаў з задавальненнем бягуць у школу мастацкую. Што іх там прываблівае?
Сцэна? Магчыма, бо сцэна ўзвышае чалавека, робіць яго характар больш устойлівым, а інтэлект — больш вытанчаным. Сапраўды, бясконцыя творчыя гастролі “Сунічак” пашыраюць дзіцячы далягляд, павялічваюць кола знаёмстваў, спрыяюць прывыканню іх да соцыума. Дзеці пабывалі ў трох замежных краінах: Польшчы, Чэхіі, Расіі. Шмат ездзяць па роднай Беларусі. Стайскія “Сунічкі” знайшлі сабе новых сяброў і сярод расонскіх “Нежачак”, і сярод полацкіх “Знічак”. Гэта калектывы, падобныя нашаму, з якімі не аднойчы сустракаліся. Абменьваюцца вопытам, разам цікава і творча праводзяць час.
А магчыма, дзяцей прывабліваюць яркія, прыгожыя, каларытныя танцавальныя касцюмы, у якіх выступаюць на сцэне. Вераніка Аляксандраўна вельмі ўдзячная мясцовым уладам, якія спрыяюць набыццю такіх касцюмаў. Спрыяюць фінансамі, бо сцэнічная вопратка вельмі дарагая, і набыць яе звычайнаму дзіцячаму вясковаму калектыву без чыёйсьці фінансавай дапамогі проста нерэальна. Але ж хочацца, каб і наш Лепель быў годна прадстаўлены на розных фестывалях у розных гарадах і краінах.
Нашы “Сунічкі” атрымалі больш за семдзесят дыпломаў рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню, больш за трыццаць — абласнога. Абласны навукова-метадычны цэнтр на аснове гэтага калектыву зняў фільм пра танцы на Лепельшчыне. Нядаўна “Сунічкі” пабывалі на выніковым канцэрце Віцебскай вобласці ў Мінску. А крыху раней былі ўдастоены дыплома ЮНЭСКА за захаванне нематэрыяльнай культурнай спадчыны.
Зрэшты, магчыма, і трэці фактар спрыяе цікавасці вясковых дзяцей да танцаў. Гэта фактар аўтэнтычны, фальклорны. Бо да гэтага часу іх вучылі танцаваць мясцовыя бабулі-энтузіясткі. Творчае супрацоўніцтва з імі ў “Сунічках” працягваецца і цяпер, хаця і не так актыўна. Што зробіш, бабулі пастарэлі, танцаваць на сцэне ім ужо цяжка. А вось даць каштоўныя парады, дапамагчы з творчым матэрыялам — гэта заўсёды калі ласка.
Такім чынам, Стайская школа мастацтваў традыцыйнай культуры фактычна працуе “ ў фармаце “Сунічак”, хаця гэта і розныя паняцці. У школе больш за сотню вучняў, сямнаццаць выкладчыкаў, праходзяць урокі баяна, акардэона, спеваў і, вядома ж, харэаграфіі. А паколькі кіраўнік і школы, і фальклорнага калектыву адзін — Вераніка Аляксандраўна Хомбак, — то натуральна, што яны як бы зліваюцца ў адно творчае цэлае, узаемна дапаўняюць і абагачаюць адзін аднаго. Мастацкая школа працуе на “Сунічкі”, а ў сваю чаргу “Сунічкі” працуюць на імідж роднай школы. Ды і не толькі яе. Фальклорна-харэаграфічны калектыў са Стаяў становіцца адным з культурніцкіх “брэндаў” Лепельшчыны. І цалкам лагічна, што яго кіраўнік Вераніка Хомбак прызнана лепшай па прафесіі і стала дэлегатам раённага злёту перадавікоў.
В. ЛЯШЧЫНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>