Другая маладосць

Яны ўсе — не юнага дзясятка: старэйшаму — пад восемдзесят пяць, малодшай — пад шэсцьдзясят. Але ў іх клубе не прынята ні лічыць гады, ні пахваляцца імі. Тут пахваляюцца чым заўгодна: звязаным шалікам ці вышытай сурвэткай, пачутай новай песняй ці ўдалай акампаніроўкай. З гонарам распавядаюць пра цікавыя паездкі, дзеляцца ўражаннямі пра пачутае, пабачанае, прачытанае ў прэсе.


А пра гады, якія кожны з іх пражыў, вядома ж, не марна, маўчаць. Узрост ім крышачку замінае, часам падводзіць здароўе, і таму не так часта, як хацелася б, яны наведваюцца ў свой клуб, не так далёка выпраўляюцца з экскурсіямі. Але яны навучыліся адчуваць сябе шчаслівымі і ў тых варунках, якія ім даступныя. Кажуць: “Хочаш быць шчаслівым — будзь ім!”
Ветэраны нарадзіліся ў тую эпоху, калі патрыятычным аптымізмам была прасякнута ўся краіна, навучыліся радавацца жыццю, калі былі маладымі. І гэтыя аптымізм, радасць, маладосць не пакідаюць іх сённяшнім днём.
Народны клуб “Ветэран” быў заснаваны пры РДК у 1988-ым, яшчэ ў той вялікай краіне іх маладосці, без якой яны сябе не ўяўлялі. Нарадзіўся ён на аснове харавога калектыву, які складаўся з ветэранаў вайны і працы нашага горада. Роўна дваццаць гадоў таму калектыў атрымаў званне народнага, якое трэба кожныя тры гады пацвярджаць.
Вось і налета, перш чым сустракаць свой юбілей, трэба ў сакавіку пацвердзіць ганароднае званне народнага, дзеля чаго рыхтуюць сур’ёзную канцэртную праграму да ацэнкі строгага журы. Даваць канцэрты для іх — справа не новая. Хор удзельнічае ў многіх мерапрыемствах Дома культуры: святы Перамогі, Незалежнасці, дні пажылых людзей, інвалідаў, чарговая гадавіна Кастрычніцкай рэвалюцыі і г.д. Дваццаць два актывісты, якія спяваюць у ветэранскім хоры, складаюць і касцяк інтэлектуальнага клуба, дзе абмяркоўваюць культуру, эканоміку, палітыку, спрачаюцца па выхаваўчых пытаннях. Яны ж ездзяць з канцэртамі на прадпрыемствы. Пабылі на малочнакансервавым камбінаце, наведалі Стаі, Юркоўшчыну, Чарэйшчыну, сустракаліся з воінамі ў Заслонаве і Бароўцы, ездзілі ў Дуброўна на фестываль “Не старэюць душой ветэраны”. Атрымалі дыплом за высокую сцэнічную культуру. Крыху раней ездзілі ў Полацк і ў Вялікія Лукі. Дагэтуль з цеплынёю ўзгадваюць тыя паездкі, прыемна здзіўляюцца, што дзеці ў школах іх добра прымаюць, уважліва слухаюць іх канцэрты. А што тут здзіўляцца! Хтосьці скажа: сучасныя дзеці “віртуальныя”, інтэрнэтныя. Так. Яны ўсе “Вконтакте”, дзе ў кожнага свая старонка, на якіх часта змяшчаюць мудрыя, разумныя цытаты — мода такая пайшла ў моладзі на выказванні мудрых. Дык вось, на адной з такіх старонак я неяк прачытаў: “Важны не ўзрост, а што ў чалавека ў галаве”. І калі шукаць да моладзі правільны падыход, яна абавязкова зразумее цябе і ацэніць, як бы ні серабрыліся твае скроні…
Вось і зараз, калі наведаў клуб ветэранаў, тыя акурат рыхтаваліся да вечара Сяргея Ясеніна, паэта вечна маладога і, як лічылі ў свой час, дзёрзкага, у юначым задоры. Першым паяўляецца ў невялікім утульным пакойчыку, дзе яны заўсёды збіраюцца, “актыў” — хармейстр Надзея Томскіх і акампаніятар Анатоль Раманоўскі.
У нязмушанай атмасферы творчай суполкі пачаліся ўспаміны. Анатоль Антонавіч прыгадаў, як віншавалі нядаўна з дзевяностагоддзем сталага сябра клуба Арцёма Палонскага. Арцём Маркавіч яшчэ не так даўно сам сюды прыходзіў, а зараз, шануючы яго ўзрост, вырашылі завітаць у госці да ветэрана. Колькі было радасці, колькі ўспамінаў! Калісьці Арцём Палонскі і Анатоль Раманоўскі разам працавалі ў музычнай школе. З таго часу жыццёвыя сцежкі іх цесна перапляліся.
У клубе “Ветэран” ёсць рупныя майстрыхі: Ганна Маславатая вышывае, Валянціна Рэут і Ганна Скалабан вяжуць, Раіса Дзямко пляце бісерам, Анастасія Сцяпанава піша вершы. Тут шмат галасістых песеннікаў, таленавітых чытальнікаў і проста грамадска актыўных людзей — усіх і не пералічыць.
Кіруе клубам “Ветэран” Юлія Кунчэўская.
Заставацца маладым можна ў любым узросце.
Міхась ВАЛОХА.
На здымку: удзельнікі народнага клуба “Ветэран”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>