Галоўныя напрамкі

26 снежня 2011 года да выканання абавязкаў першага намесніка старшыні райвыканкама — начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання прыступіў Барыс Яфрэмаў. Прапануем чытачам інтэрв’ю з ім.

 — Барыс Сяргеевіч, распавядзіце коратка пра сябе.

 — Нарадзіўся і вырас я на Лепельшчыне, у вёсцы Дзямешкава. Пасля школы паступіў у Беларускі аграрна-тэхнічны ўніверсітэт, скончыў яго ў 2003 годзе.

Першым месцам працы стаў калгас “Палітаддзелец”, быў там інжынерам. У 2005 годзе мне прапанавалі пасаду галоўнага інжынера райаграсэрвіса. Праз два гады прызначылі намеснікам старшыні райсельгасупраўлення па механізацыі. У 2010 годзе мяне перавялі ў Віцебск, займаў пасаду намесніка старшыні абласнога камітэта сельскай гаспадаркі і харчавання зноў жа па механізацыі. Зараз вярнуўся на малую ра­дзіму. Калектыў, з якім цяпер працую, на самой справе даўно знаёмы. Прычым не толькі ўласна ўпраўленне, а і многія інжынеры, вадзіцелі, трактарысты непасрэдна ў сельгасарганізацыях.

 — Якія, на ваш погляд, найбольш вострыя праблемы ў сельскагаспадарчай галіне раёна?

 — Кадры — напрамак востры не толькі ў раёне, а і ва ўсёй вобласці. Якасць падрыхтоўкі кадраў масавых рабочых прафесій незадавальняючая. Часта даводзілася бачыць сітуацыі, калі выпускніка сярэдняй спецыяльнай навучальнай установы нанава вучылі працаваць. Бывала, што асобныя механізатары належным чынам не даглядалі тэхніку, што прыводзіла да сур’ёзных паломак.

 Важнай задачай лічу павелічэнне выпуску сельгаспрадукцыі пры адначасовым зніжэнні затрат. Зніжэнне сабекошту адзінкі выпускаемай прадукцыі забяспечвае большы прыбытак, рэнтабельнасць. Рэнтабельнасць, прыбытковасць вытворчасці стаяць сёння ў шэрагу першачарговых дзяржаўных задач.

 — Акрэсліце найбольш перспектыўныя галіны.

 — Адназначна, малочная жывёлагадоўля. Вырошчванне збожжавых на Лепельшчыне — не зусім перспектыўная справа з-за глебавых і кліматычных умоў. Тут мы не даб’ёмся такіх высокіх вынікаў, як на Брэстчыне ці на Гомельшчыне. А вось у вытворчасці малака бачу перспектывы. У бліжэйшай — будаўніцтва яшчэ пяці малочнатаварных фермаў. Магчыма, яны будуць не такія робатызаваныя, як у “Заазер’і”, тым не менш пастараемся іх абсталяваць паводле апошняга слова тэхнікі. І раслінаводства будзе ў сваю чаргу скіравана на вырашэнне галоўнай задачы — забеспячэнне жывёлагадоўлі кармамі.

 Другі напрамак, дзе абавязкова трэба прыкласці сілы, — агароднінная прадукцыя. Вырошчваць бульбу, буракі, моркву, капусту, іншую агародніну  навучыліся, а вось захоў­ваць — не зусім. Такім чынам атрымліваюцца прыкрыя сітуацыі, калі восенню і ў пачатку зімы мы ядзім сваю бульбу, буракі і моркву па прымальных коштах, а ўжо ў канцы зімы і вясною вымушаны за валюту набываць агародніну замежнага вырошчвання. У бліжэйшыя гады трэба пабудаваць шэраг сховішчаў для агародніны, а таксама па магчымасці наладзіць у гаспадарках першасную перапрацоўку прадукцыі.

 Аднак найбольшую ўвагу ўсё ж будзем звяртаць на малочную жывёлагадоўлю, бо адна з яе асноўных пераваг — рэгулярная грашовая выручка. Сельгасарганізацыі кожны дзень здаюць малако і за яго атрымліваюць даход.

 — Па адукацыі вы інжынер-механік. Хачу задаць пытанне ў вашай кампетэнцыі. Не раз даводзілася чуць пра перавагі імпартнай сельгастэхнікі перад айчыннай: і больш прадукцыйная, і меней паломак, і больш камфортная…

 — Не згодзен з вамі. І вось па якіх пунктах. Па-першае, навейшыя ўзоры беларускай сельгастэхнікі ў многім ствараюцца з улікам і на аснове навейшых дасягненняў сусветнага сельскагаспадарчага машынабудавання. Таму беларускія трактары, камбайны не дужа адстаюць ад імпартных па прадукцыйнасці, надзейнасці і камфорце. А вось пра розніцу ў коштах і гаварыць не будзем.

 Па-другое, кошт запчастак і сэрвіснага абслугоў­вання… Патлумачу на прыкладзе. У Брэсцкай і Гродзенскай абласцях доля імпартнай тэхнікі ў парках сельгасарганізацый даходзіць да 60 — 70%, а на Віцебшчыне — сітуацыя адваротная. Калі сёлета пачаліся ператрусы з валютай, набыць запчасткі да замежных сельгасмашын стала праблемай. У той жа самы час забеспячэнне запчасткамі тэхнікі МТЗ, “Гомсельмаша”, “Лідсельмаша”, “Бабруйскаграмаша” ішло без збояў.

 — Мы гутарым больш пра вялікія гаспадаркі дзяржаўнай формы ўласнасці. Давайце звернем увагу на селяніна. У якіх галінах вам бачыцца найбольш перспектыўным прыкладанне яго сіл?

 — Апроч агародніцтва практыка паказала прыбытковасць на невялікіх плошчах садоўніцтва, у прыватнасці, вырошчвання ягадных кустоў: парэчак, маліны, суніц і г. д. У Глыбоцкім, Віцебскім раёнах бачыў прыватных гаспадароў, сялян, якія на гэтым спецыялізуюцца, іх гаспадаркі выраслі да вялікіх плошчаў. На час уборкі наймаюць да 150 — 200 чалавек штодзённа. Некаторыя нават набывалі за мяжой спецыяльную тэхніку для ўборкі ягад з кустоў. У Беларусі, на жаль, падобная тэхніка пакуль што не выпускаецца. Каштаваў такі камбайн каля сямі тысяч еўра. На Лепельшчыне, ведаю, у Пышнянскім сельсавеце ёсць тры падобныя гаспадаркі. Яны стабільна працуюць, выпускаюць неабходную людзям прадукцыю. У далейшым мы будзем толькі спрыяць ім.

 Ёсць таксама вопыт вырошчвання ў асабістых гаспадарках даволі вялікіх аб’ёмаў лекавых траў, часнаку. За гэту прадукцыю сяляне атрымліваюць неблагія даходы. Словам, перспектывы ёсць як у буйных дзяржаўных сельгасарганізацый, так і ў аднаасобных сялян-вытворцаў.

Васіль МАТЫРКА.

 На здымку: Барыс Яфрэмаў.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>