Вяргіні пад дажджамі

 Пышна квітнеюць пад нуднымі асеннімі дажджамі познія вяргіні, бархатцы, пятуніі. Пышна — у квецені! Так і просіцца тая прыгажосць у аб’ектыў рэпарцёрскага фотаапарата. То тут, то там спыняем машыну — раблю здымкі. Пакуль фатаграфую тое хараство, Валянціна Навагран, старшыня Пышнянскага сельвыканкама, распавядае пра гаспадароў цудоўных кветнікаў. Валянціна Сцяпанаўна ў Пышне працуе даўно, людзей добра ведае. Можа пра кожнага распавесці і робіць гэта з ахвотай: “Вось тут “загадвае кветкамі” Анастасія Кулевіч.

Сама яна працуе ў “паляўнічым доміку” ў Слабодцы. А гэта сядзіба пенсіянера Паўла Кубера, якая, дарэчы, пару гадоў таму была прызнана лепшай на раённым конкурсе”.

Шмат цікавых людзей на Пышняншчыне — дамавітых, працавітых. З вялікім задавальненнем распавядае старшыня пра сваіх аднавяскоўцаў, якія жывуць у Звяздзе — Таццяну Дзівіну, Ніну Ісаковіч, старэйшыну вёскі Таццяну Мазго, жыхароў вуліцы Азёрнай Яўгенію Губіч, Галіну Мацкевіч, Яўгенію Глухаву. Шмат чаго перажылі гэтыя людзі, багата пабачылі ў жыцці, але засталіся чыстымі душою. Руплівыя ў гаспадарцы. Яны сваю душэўную чысціню, чалавечую дабрыню ўвасабляюць у кветках.

Пышна — вёска немалая, амаль тры сотні чалавек яе насельніцтва. У сельсавеце толькі два буйныя населеныя пункты. Дзвесце трыццаць жыхароў у Звяздзе. Астатнія ж вёсачкі мініяцюрныя. Усяго іх дваццаць тры, у некаторых па дзве — тры хаты засталося.
Галоўная праблема гэтага аддаленага ад райцэнтра ляснога ягадна-грыбнога краю — небагаты выбар працы. Прынамсі, так лічыць старшыня. Справа ў тым, што на тэрыторыі сельсавета амаль адны прыватныя фермерскія гаспадаркі. Вунь, напрыклад, да жывёлагадоўчай фермы сялянскай фермерскай гаспадаркі Лявіцкага толькі зараз падводзяць водаправод, да гэтага працаўнікі мусілі цягаць вёдрамі ваду, каб напаіць кароў.
Людзі хто дзе шукаюць працу — уладкоўваюцца на сезон у фермерскую гаспадарку “Сад”, якая зараз фактычна разгалінавалася на тры, што належаць Памалейку, Быкаву, Славецкаму. Ездзяць на комплекс у Дражна. Адрадзілася, праўда, жывёлагадоўчая ферма ў Звяздзе, дзякуючы сумесным намаганням малочнакансервавага камбіната і СВФ ”Заазер’е”. Усё болей упэўнена заазерцы бяруць пад патранаж і пышнянскія землі, наводзяць на іх парадак. Напрыклад, адноўленая ферма ў Звяздзе ці не адна з лепшых у раёне. Сёлета на яе базе праходзіў абласны семінар.
* * *
Шмат хто на Пышняншчыне летам зарабляе ў лесе, балазе лясы тамтэйшыя багатыя на грыбы і ягады. Іншыя жывуць са сваіх гаспадарак. Яскравы таму прыклад — прыватная гаспадарка Зінаіды і Сяргея Прывадаў, у якіх мы пабывалі таксама. Жыццё іх вартае асобнага расповеду. Вось кажуць, што працаваць няма дзе, жыць няма за што. Але ж чаму адны знаходзяць сабе працу і заробак, а іншыя толькі крыўдуюць і чакаюць немаведама чаго!? Пакуль яны свае крыўды заліваюць танным віном.
Амаль усюды на Пышняншчыне ёсць асфальт. Той самы “мяккі”. Як казалі раней, “армянскі”. Зімою дарогі чысцяць адпаведныя дарожныя службы, так што аўталаўкам, якія абслугоўваюць большасць населеных пунктаў, нескладана дабрацца да самых аддаленых вёсак. Горш летам: змагацца з бур’яном абапал дарог на Пышняншчыне паспяваюць не заўсёды. Травастой часта перамагае ў тым супрацьстаянні. Вось і зараз бензакасілка, якую набыў сельсавет, зламалася, і трава забуяла, нягледзечы на восень, нават у цэнтры Пышна.
Моладзі, вядома, не так шмат у гэтых мясцінах, з’язджае ў горад, дзе лепей, дзе цікавей на іх погляд, тым болей, што, па словах старшыні, ужо шмат гадоў тут не будуюць жылля. Але ж, падумайце, ці так лёгка жыллём абзавесціся і ў горадзе? Паспрабуйце сёння зняць у Лепелі кватэру альбо прыватны дом.
Моладзі няшмат, большасць — пенсіянеры, таму на ўвесь сельсавет — восемдзесят дзве ўласныя каровы, якіх пажылыя людзі пільнуюцца да апошняга. Адна жанчына нават даільны апарат купіла. Затое колькасць трактароў на ўласных падвор’ях нязменна павялічваецца, цяпер іх ужо пятнаццаць. Не так і мала, калі ўлічыць, што ва ўласнасці жыхароў Пышняншчыны знаходзіцца 222 гектары ворыўнай зямлі. Апрацоўваюць сваю, дапамагаюць і суседзям.
Пенсіянераў не надта цягне ў клуб, але ж захаваліся на Пышняншчыне і ўстановы культуры. У Звяздзе, у Пышне працуе філіял музычнай школы, а таксама іншыя аб’екты сацкультбыту, неабходныя кожнаму: пошта, магазін, нават бальніца сястрынскага догляду, выгляд якой значна палепшыўся апошнім часам пасля грунтоўнага рамонту. Рабілі рамонт у дзённым стацыянары, у калідорах, палатах, зараз мяняюць вокны. Ёсць і школа, хоць і нешматлюдная. Калектыў яе таксама не спадзяецца на “манну нябесную”, бо добра разумее: школа з такой колькасцю вучняў (няма і паўсотні) застанецца толькі ў тым выпадку, калі сама сябе забяспечыць і стане самадастатковай. Таму і грошы зарабляць самі навучыліся дзякуючы шэрагу платных паслугаў, і рамонт стараюцца рабіць сваімі сіламі.
* * *
Пышняншчына — партызанскі край. Помнікі ўстаноўлены ў Слабодцы, Поплаўках, а ў Пышне — цэлы комплекс. Выдзелена трыццаць мільёнаў рублёў на іх абуладкаванне. Палова сродкаў ужо асвоена — закупілі пліты і слупы для агароджы. У гэтай справе дапамагаюць і шэфы.
Памятаюць у Пышне і пра грамадзянскія могілкі, да ўсіх іх ёсць пад’езды. Грунтоўная дарога да могілак, што на дзве вёскі — Поплаўкі і Звязда, — зроблена яшчэ за іншым часам. Паступова змагаюцца, у асноўным сваімі сіламі, і з аварыйнымі дрэвамі, як на могілках, так і ў вёсках, і са спарахнелымі нічыйнымі хатамі. Забурылі і закапалі пяцьдзясят пяць такіх хат і яшчэ запланавалі знесці чатыры. Шкада толькі, што на месцы іх не спяшаюцца вырастаць новыя.
Палівам жыхароў Пышняншчыны забяспечваюць лясніцтвы на сваім транспарце, а таксама прыватнікі, якіх зараз усё болей спецыялізуецца на падобных паслугах. Праўда, паслугі апошніх зусім не танныя. Многім дровы маглі б абысціся і значна танней, бо ў лясніцтвах можна выпісаць танны сухастой і арганізаваць яго самавываз. Насельніцтва не праяўляе тут ініцыятывы. Усе чакаюць гатовых дроў. Пенсіянераў, людзей са слабым здароўем, тых, у каго няма ўласнай тэхнікі, зразумець можна, але чаму гэтым не хоча займацца моладзь?
Аднойчы на рынку ў горадзе — дзе ж яшчэ!? — пачуў размову дзвюх жанчын. Адна гараджанка, другая вяскоўка. Кожная на свае праблемы скардзілася. Слухала вясковая скаргі гарадской на тое, што ёй тут дыхаць няма чым (спякота стаяла), дый кажа: “У чым справа? Пераязджай жыць у вёску”. “А не, — сумелася нестарая яшчэ кабета, — у вёсцы працаваць шмат трэба”. Запалі мне ў душу тыя словы. Можа вяскоўцам як узнагарода ад Бога за працу штодзённую, вясковую, нястомную і “ўсе зручнасці” пад бокам: і лес, і возера, і чыстае паветра. На жаль, не ўсе маладыя гэта разумеюць і няшмат хто выбірае такія “зручнасці”, бо тут, у вёсцы, каб жыць годна, “працаваць шмат трэба”.
Уладзімір МІХНО.
На здымках: заняткі ў мясцовым філіяле музычнай школы.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>