Вандроўкі на байдарках

У артыкулах “Сляды даўніны” (№87 ад 1 лістапада 2011 года), “Шляг “з варагаў у грэкі?”(№1 ад 4 студзеня 2012 года) і “Перакрыжаванне шляхоў” (№4 ад 13 студзеня 2012 года) выказваліся меркаванні аб тым, што адно з найбольш ажыўленых адгалінаванняў старажытнага воднага гандлёвага шляху “з варагаў у грэкі” на працягу шэрага стагоддзяў (а, магчыма, і тысячагоддзяў) праходзіла з Балтыйскага мора праз рэкі Заходняя Дзвіна — Ула — Лукомка — возера Лукомскае — рэкі Цытранка — Гнілка — Дзеражанка — Эса — Цэнтралка — возеры Аношкаўскае (Оч) — Безадэннае — рэкі Юраўка — Гурба — Вялікая — Бярэзіна — Днепр — Чорнае мора.

Ускосным падцверджаннем гэтага з’яўляюцца і звесткі, змешчаныя ў кнізе “Памяць. Лепельскі раён” аб Бярэзінскай воднай сістэме, гісторыі яе праектавання, будаўніцтва і эксплуатацыі. У прыватнасці, у гэтым друкаваным выданні энцыклапедычнага зместу гаворыцца, што яшчэ ў перыяд знаходжання зямель цяперашняй Беларусі ў складзе Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай былі зроблены спробы складання праектаў найбольш зручнага злучэння рэк і азёр сістэмы Бярэзіны і Улы. Спецыялісты атрымалі загад правесці даследчыя работы на мясцовасці. Быў складзены будаўнічы праект, аднак задума не ажыццявілася.
Пры гэтым у якасці галоўнай ставілася задача стварыць дастаткова шырокія і паўнаводныя шляхі для транспарціроўкі праз прыродныя вадаёмы (рэкі, азёры, пратокі) перш за ўсё вялікіх аб’ёмаў высокаякаснай драўніны, таму што яшчэ 200 — 300 гадоў таму назад велізарныя прасторы Верхняга Прыдняпроўя і Прыдзвіння, басейны рэк Бярэзіны і Эсы былі амаль суцэльна пакрытыя густымі спелымі лясамі.
У канцы XVIII стагоддзя прадпрымальны мясцовы памешчык Чацкі пісаў рускаму імператару: “…Пры нязмерных раскошных лясах, якія пакрываюць частку Мінскай губерні ў басейне вярхоўяў Бярэзіны і Эсы, землеўладальнікі, аднак, перацягваюць свой лес сухім шляхам і, сплаўляючы па мала прыстасаваных для гэтага рэках, ледзь толькі праз два гады мелі мажлівасць даставіць яго ў чысты фарватэр Дзвіны або Дняпра. З гэтай прычыны той жа самы транспарт абыходзіцца надзвычай дорага, так што, напрыклад, мачтавае бервяно абыходзіцца 9 рублёў, і ўжо аднаго гэтага дастаткова, каб даказаць неабходнасць Бярэзінскага канала”.
Пасля гэтага дырэктар водных камунікацый мясцовага краю граф Сіверс атрымаў указ імператара Паўла I ад 23 лютага 1797 года аб наладжванні адпаведных “водных зносін паміж рэкамі Дняпром і Заходняй Дзвіной пры дапамозе Бярэзіны”.
Будаўніцтва было распачата ў 1797 годзе і ў асноўным закончана ў 1805 годзе. Гэта было буйное і складанае гідратэхнічнае збудаванне для таго часу. Водны шлях злучыў раку Бярэзіну, Сергучскі канал, раку Сергуч, азёры Манец і Плаўна, Бярэзінскі канал, возера Бярэшча, раку Бярэшча, Верабскі канал, раку Эсу, возера Проша, 1-ы Лепельскі канал, возера Лепельскае, 2-і Лепельскі канал, раку Улу, Чашніцкі канал, раку Заходнюю Дзвіну. 14 шлюзаў рэгулявалі ўзровень вады ў сістэме. Такім чынам, ажыццявілася мара многіх пакаленняў мясцовых жыхароў. Высокаякасны лес з Віцебскай і поўначы Мінскай губерняў стаў сплаўляцца па водным шляху да Балтыйскага і Чорнага мораў. Прадметамі вывазу праз Бярэзінскую водную сістэму былі таксама драўнінны вугаль, дзёгаць, смала, пушніна, хлеб, лён, масла, сала і іншае.
Чаму ж не было выкарыстана для ўзвядзення Бярэзінскай воднай сістэмы менавіта само гэта адно з найбольш ажыўленых адгалінаванняў старажытнага воднага гандлёвага шляху “з варагаў у грэкі”? Лічу, што перш за ўсё з-за таго, што яго ўчасткі ад возера Лукамскае праз рэкі Цытранку — Гнілку — Дзеражанку і да ракі Эса, а асабліва ад возера Безадэннага праз рэкі Юраўку — Гурбу — Вялікую і да ракі Бярэзіна, праходзілі амаль па суцэльных балотах, якія па тэхнічных магчымасцях таго часу (а ў некаторых месцах нават і пры сучасным тэхнічным узбраенні) проста немагчыма было меліяраваць, а без гэтага нельга было на іх пабудаваць каналы з эфектыўнай рэгуляцыяй водных патокаў з дапамогай шлюзаў.
Затое па частцы апошняга названага адрэзка старадаўняга воднага гандлёвага шляху “з варагаў у грэкі” ад возера Безадэннага і да ракі Бярэзіна, які захаваўся амаль у нязменным выглядзе (толькі вельмі звузіўся, заіліўся і зарос у асобных месцах нізкарослымі дрэўцамі, хмызняком і кустоўем з-за поўнай адсутнасці яго выкарыстання ўжо на працягу больш як двух стагоддзяў), можна арганізоўваць турыстычныя падарожжы на байдарках для тых аматараў вандровак, якія аддаюць перавагу актыўнаму адпачынку на ўлонні прыроды, пажадаюць убачыць непаўторныя краявіды Бярэзінскага біясфернага запаведніка, яго разнастайную флору і фаўну, азнаёміцца з пасяленнямі баброў у глухіх балотах (з ніколі не зарастаючымі “вокнамі”, куды, дарэчы, пешшу дабрацца проста немагчыма), дзякуючы чаму гэтыя міралюбівыя звяркі ў пачатку XX стагоддзя і захаваліся ад поўнага знішчэння толькі тут, у адным месцы, а ў 1925 годзе на гэтых унікальных, адметных прыродных прасторах быў створаны запаведнік — прыродаахоўная дзяржаўная ўстанова сусветнай значнасці.
Мікалай ГАРБАЧОЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>