Ваенны мост

З пятага ліпеня па 30 лістапада на рацэ Ула ніжэй па цячэнні ад вёскі Заслонава працавалі ваенныя будаўнікі, якія ўзводзілі новы мост. Канструкцыя атрымалася на славу. Хоць і драўляная, аднак здольная прапускаць нават танкі, гусенічныя і колавыя машыны вагой да 50 тон!

Аднак гэты мост — выключна для забеспячэння задач баявой падрыхтоўкі падраздзяленняў 19-ай механізаванай брыгады. На ім адточваюць навыкі ваджэння механікі-вадзіцелі танкаў, БМП і бронетранспарцёраў.

Для транспарту прамысловых, сельскагаспадарчых і іншых арганізацый рух па новым мосце катэгарычна забаронены ў мэтах захавання бяспекі і прадухілення ДТЗ. Для перапраў праз Улу даўно дзейнічае капітальны бетонны мост у межах Заслонава.

 Трансгранічнае супрацоўніцтва 

З Латвіі вярнулася інструктар-метадыст аддзела спорта і турызму райвыканкама Вольга Маханенка. Яна брала ўдзел у канферэнцыі па трансгранічнаму супрацоўніцтву ў сферы турызму краін балтыйскага рэгіёна — Латвіі, Літвы і Беларусі. Праходзіла на базе Рэзэкненскага культурнага цэнтра. Акрамя нашага раёна ў канферэнцыі ўдзельнічалі спецыялісты па аграэкатурызму з Браслаўшчыны, Міёршчыны, Полаччыны, Глыбоччыны, а таксама з Гродзенскай вобласці, прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь і інш.

У нашым рэгіёне рыхтуецца падпісанне праекта па кулінарнай спадчыне. Гэта адзін з сарака васьмі праектаў па аграэкатурызме, якія будуць ажыццяўляцца ў трох краінах.

 Качкі зімуюць 

Ужо студзень, а на рэках і азёрах яшчэ няма лёдавага покрыва. Гэта радуе дзікіх качак, якія не паляцелі ў вырай. На рацэ Ула яны зімавалі і ў мінулыя гады, паколькі некаторыя ўчасткі воднай паверхні не замярзалі і ў моцныя маразы. Але такога цёплага надвор’я, як сёлета, птушкі не чакалі. Некаторыя з іх плаваюць ужо нават па парах, мабыць, спадзяюцца, што хутка ўжо пачнецца сапраўдная вясна, наступіць перыяд гнездавання.

 Журавель застаўся ў Аношках 

  Нашы жураўлі зараз далёка на поўдні чакаюць вясны, каб вярнуцца ў родныя гнёзды. Але адзін журавель увесь час знаходзіцца ў Аношках і не думае ў вырай адлятаць. Гэта студня. Знасіўся стары журавель, згнілі жардзіны. І тады па ініцыятыве мясцовага сельсавета было вырашана паднавіць старую студню. Прывезлі жэрдкі, сабраліся талакою аношкаўскія гаспадары, прыехалі камунальнікі, старшыня Слабадскога сельсавета Валерый Садоўскі. За колькі гадзінаў разам справіліся. З мясцовых жыхароў ладзілі студню Сяргей Гарбачоў, Аляксандр Дасанаў. Стала студня як новенькая, але ў спрадвечным “жураўліным” абліччы, такая, якой карысталіся і дзяды, і прадзеды.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>