Баброва будоўля

    За 1,2 кіламетра ад мікрараёна Сельгастэхніка знаходзіцца вялікая сажалка — па старой Аэрадромаўскай дарозе, там, дзе цяпер на тупіковай ветцы знаходзіцца эстакада для выгрузкі вайсковых грузаў. Тое месца — любімы прыстанак для адпачынку мясцовых жыхароў.
Дык вось, 28 мая 2009 года я выпадкова трапіў туды з вудай. Выцягнуў 20 карасёў агульнай вагой 1,1 кілаграма. Для мяне, рыбалова ад выпадку, улоў нечуваны.

Ашчасліўлены ўдачай, некалькі разоў прыходзіў туды. Вынік — нулявы. У чым справа? Запомніўся першы раз — навідавоку ў ціхае надвор’е хваля быццам гіганцкім абдымкам падганяла карасёў да прынады. Аднойчы прыхапіў рыбалоўны касцюм — штаны па самыя пахі, літр кіпеню, каб заліваць у іх, калі замярзаць буду. Палез у халодную ваду.
На дзіва, усяму целу было цёпла. Адзінай памылкай стала лёгкая сарочка, замест якой павінен быў апрануць цёплы світар.
З першых крокаў улез у бузу. Ногі застапарыліся. Вады — па пахі, у касцюм пачынае залівацца.
Апіраючыся на кій, выбраўся на бераг. Абышоў сажалку даўжынёй метраў з дзвесце і шырынёй на палову таго з боку Лепеля. Палез адтуль, дзе ўлетку вуду закідваў. Там, дзе раней у галёшах заходзіў,— вады па пояс. І там завяз у бузе. Задыханы, адпачыў на спілаванай бабром алешыне ды пачаў дахаты збірацца.
Ведаў, што заўсёднік рыбалкі на сажалцы — мой сусед Генька Махонь. Па мабільніку выклікаў яго.
Генька — аматар прыроды ўсім на зайздрасць. Вядро карасёў у сажалцы навуджваў і столькі ж падасінавікаў у ваколіцах адначасова знаходзіў. Адсюль і пачынаецца галоўны аповед.
— Тады да цябе рыбу прывабіла звычайная хлебная падкормка. А ў тым, што пасля клёву не было, твая віна, — удакладніў сябар.
І Генька столькі мне цікавага распавёў пра наваколлі сажалкі, якую я ахрысціў Эстакадаўскай, што я за галаву схапіўся.
— Мы з табой сядзім на спілаваных бабром алешынах. Твая ацэнка дзейнасці звяроў?
— Шкоднікі прыроды!
— А колькі яны зрэзалі непрамысловай драўніны? Мільённую частку кубаметра? Якая шкода ад таго прыродзе?
— Чаму тады сабе на хату піламатэрыял не сцягнулі?
— А вось пасля такога пытання і не пакажу табе яго хату. Бабёр не на будоўлю дрэвы валіць, а каб зубы стачыць, якія бязмерна растуць. І карой харчуецца. Абгрызае яе і пад ваду зносіць для гніення — гнілая яна вельмі смачная. Рыбу ж ён нутром не пераносіць — выключна расліннай ежай харчуецца. Дарэмна з ім ваюе выдра. З хаты выганяе. А ён, гаротнік, паддаецца. Выдру знішчаць трэба, а баброў берагчы.
— Дык чаму тады мне баішся паказаць бабровую хату?
— А раптам здасі звярынае жытло браканьерам? Ёсць паразіты, якія палююць на бяскрыўднага звярка. Хваляцца, што мяса па смаку на ялавічыну падобнае, рыбай не патыхае. І бабровы струмень ад мужчынскай слабасці ратуе.
— Калі напішу такое, не стане гэта рэкламай браканьерству на бяскрыўдную істоту?
— Паляванне на бабра ўвогуле забаронена. Браканьеры ж усе яго выгоды і без нашай з табой рэкламы ведаюць. Наадварот, лічу, што публікацыяй узнімеш грамадства на абарону бяскрыўднай істоты. Няхай сквапнікам тое мяса ўпоперак горла стане.
Распавёў Генька і гісторыю сажалкі. У забалочанай лагчыне ўтварылі яе бабры — ручай у возера Бораўна плацінай перагарадзілі. Раней па дне ён пехатой хадзіў. І я б крышку раней, да мокрай зімы, скрозь прайшоў бы яе ў рыбалоўным касцюме. А нядаўна бабры плаціну ўмацавалі, сажалку ў возера ператварылі.
— Пайшлі, пакажу плаціну.
На тупіковым насыпе чыгункі — плаціна з галля. Там, дзе я ў ботах летась пераходзіў.
— Цяпер тут табе па шыю будзе, — сказаў Генька, быццам сам тое збудаванне ўзвёў. — А баброў тры гады тут не было — з’елі іх мясцовыя нелюдзі.
Уладзімір ШУШКЕВІЧ.
На здымку: Эстакадаўская сажалка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>