Альтэрнатыўны варыянт

Апошнім часам у рэдакцыю паступае шмат пытанняў на тэму кошту і якасці прадукцыі мясцовага малочнакансервавага камбіната. Чытачы газеты абураныя нечаканым значным павышэннем кошту, прынамсі, на смятану і тварог.
Калі яшчэ нядаўна можна было без усялякіх цяжкасцяў набыць у краме тварог двухпрацэнтнай тлустасці па цане 2320 рублёў за пачак, а таксама дзевяціпрацэнтнай тлустасці коштам 2820 рублёў за пачак,

то ў студзені раптам дзевяціпрацэнтнага тварагу не стала, а, як альтэрнатыва, паявіўся пяці- і дзесяціпрацэнтны прадукт коштам адпаведна 6280 і 7280 рублёў за пачак. Што да таннага двухпрацэнтнага тварагу, то яго ў першыя дні пасля падаражэння можна было набыць хіба толькі зранку. Пад вечар жа паліцы магазінаў горада запаўняў пераважна тлусты і дарагі тварог. Цяпер пра смятану. Зноў жа, нечакана ў студзені заміж звыклай “23-працэнтнай” ва ўпакоўках па 0,25 і 0,5 кг і коштам адпаведна 2610 і 4980 рублёў вытворца прапанаваў смятану 18-працэнтнай тлустасці. За ўпакоўку такога прадукту ёмістасцю 0,25 кг трэба было заплаціць 6260 рублёў, а за 0,5 кг смятаны — 10870 рублёў. Чаму так дэталёва прыводжу гэтыя лічбы? Каб зразумець логіку павышэння кошту на гэтыя прадукты. Выходзіць, што смятана страціла пяць працэнтаў тлустасці і ў той жа час падаражэла больш як у два разы. Чаму? Як бачна, па адной прычыне: на ўпакоўках новага прадукту побач з яго назвай паявілася прыстаўка “бія”. Каб высветліць, што ж яна азначае і чаму выклікала шмат пытанняў у пакупнікоў, я накіраваўся на малочнакансервавы камбінат. Гутарым з кіраўніком прадпрыемства Аляксандрам Міхайлоўскім. Пры нашай размове прысутнічаюць таксама іншыя спецыялісты камбіната. Пачынаю з асабістага досведу. Люблю нятлусты тварог лепельскай вытворчасці: смачны, карысны (бо нятлусты) — меней халестэрыну. Але ж апошнім часам рэпутацыю сваю ён яўна “падмачыў”, прычым, літаральна. Пакуль купіш і прывязеш дадому такі тварог, з сумкі трэба сыраватку выліваць. Вось і нядаўна выліў па дарозе частку жаданага прадукту. Добра, прадаўцы ў магазіне прадбачліва загарнулі мой брыкецік тварагу ў поліэтыленавую плёнку. Пытаюся ў кіраўніка камбіната, па якой прычыне цячэ тварог? Спачатку той паставіўся да пытання з недаверам, маўляў, пакажыце мне той пачак. Нечакана зазваніў тэлефон на стале ў Міхайлоўскага. Той падняў трубку і ўключыў гучную сувязь. Было добра чуваць, як свае прэтэнзіі да якасці малочнай прадукцыі прадпрыемства выказвае жанчына — сумбурна, горача, з яўнай крыўдаю. Сэнс яе даволі доўгага расповеду можна выказаць карацей: тварог цячэ, смятана кіслая. І прытым усё значна падаражэла. * * * Дык у чым жа справа? Спецыялісты камбіната ў прысутнасці кіраўніка выказваюць свае аргументы. Справа ў тым, што рэнтабельнасць пры вытворчасці гэтай прадукцыі складае ўсяго шэсцьдзясят працэнтаў. Сярэдняя закупачная цана па камбінаце на сыравіну — 2667 тысяч за тону. Для вырабу адной тоны смятаны трэба тры тоны малака. Сабекошт малака, закладзены толькі ў адной тоне смятаны, складае 24 мільёны рублёў. Такім чынам, толькі пры вытворчасці смятаны прадпрыемства сёння нясе страты больш як на мільярд рублёў. На камбінаце шукаюць выйсце. Павялічыць цану на сваю прадукцыю яны не могуць, бо існуюць гранічна-мінімальныя адпускныя цэны. Выхад адзін — увядзенне новых відаў прадукцыі. Вось мы і прыйшлі да той загадкавай прыстаўкі “бія”, якая дапамагае прадпрыемству прыводзіць кошты на смятану ў адпаведнасць з яе рэальным сабекоштам, а пакупніку — паправіць здароўе. Прынамсі, так упэўнены на камбінаце. Чытаем вытрымку з адказу дырэктара МКК на запыт рэдакцыі наконт якасці новай прадукцыі: ”Біяпрадукты — прадукты, вырабленыя бясшкодным для чалавека спосабам, без выкарыстання генетычна-мадыфікаваных інгрэдыентаў, без сінтэтычных дабавак (кансервантаў, фарбавальнікаў, араматызатараў і г. д.), з сыравіны, якая вырашчана пад строгім кантролем, без сельскагаспадарчай хіміі, антыбіётыкаў, паскаральнікаў росту. Унікальнасць біясмятаны заключаецца ў тым, што яна ўтрымлівае жывыя біфідабактэрыі. Такім чынам, біясмятана валодае не толькі спажывецкімі ўласцівасцямі звычайнай смятаны, але і ўласцівасцямі, абумоўленымі лячэбна-прафілактычным эфектам прадукту”. Для большай пераканаўчасці мне прадэманстравалі ўзоры выпускаемай прадукцыі. На талерачках раскладзены розныя гатункі тварагу, смятаны. І тое не цячэ, і гэта не кіслае. Усё найлепшай якасці. Магчыма, як кажуць, “прама з печы” ды на талерачку. А вось калі ў машыну, а потым у магазін, а потым у сумку… * * * А што да прэтэнзій пакупнікоў — тлумачу. Не смятана кіслая з прыстаўкаю “бія”, а цана на яе. Тое ж і з тварагом. Пакуль танны быў, людзі не звярталі ўвагі, што вадкі. Калі ж тварог “падмачыў рэпутацыю” сваёю цаною, абурыліся. І ўсё ж, чаму цячэ тварог? На камбінаце дапускаюць, што пры вытворчасці асобных відаў гэтай прадукцыі магчыма выдзяленне сыраваткі. Такая тэхналогія. Дык дзе ж выйсце? З гэтай “бядою” мог бы лёгка справіцца гандаль. Вось і зараз у адным магазіне па просьбе пакупніка загорнуць пачак тварагу дадаткова яшчэ ў плёначку, а ў іншым адмовяцца. Правільна, яны не абавязаны вырашаць праблемы пастаўшчыка. Ды і плёначка тая, як паказаў мой выпадак, не такая надзейная. Дырэктар МКК паабяцаў, што гэта праблема праз месяц-другі будзе вырашана. Тварог будуць фасаваць у абгортку з ленкавера і, акрамя таго, яшчэ класці ў поліэтыленавы пакет. Навучаны горкім досведам камбінатаўскіх прамысловых навінак, я пацікавіўся, як гэта скажацца на кошце прадукту? — Ніяк. Кошт прадукту залежыць ад сыравіны, а не ад упакоўкі, — адказаў Міхайлоўскі. Зразумела, у прадпрыемства свае праблемы, свае вытворчыя пытанні, іх трэба вырашаць. Аляксандр Мікалаевіч давёў, што за апошні год выраслі цэны на закупку сыравіны ў сельгаспрадпрыемстваў у 2,4 раза. І атрымліваецца, што камбінат авансуе гэтыя прадпрыемствы на пяць — сем месяцаў наперад. Пакуль што МКК за кошт экспарту, які складае шэсцьдзясят працэнтаў ад аб’ёму вытворчасці, можа часткова змякчыць удар, нанесены павышэннем кошту на малочную прадукцыю. Але ж трэба нешта прадпрымаць глабальнае, магчыма, уводзіць датацыі для маламаёмных слаёў насельніцтва. Як важкі аргумент на карысць павышэння цэнаў на прадукцыю камбіната прывёў кіраўнік і факты масавай скупкі яе грамадзянамі суседняй Расіі. Што да “традыцыйнай” малочнай прадукцыі, якую выпускаў камбінат дагэтуль, то яна па-ранейшаму будзе паяўляцца на прылаўках магазінаў, але не так часта, як гэтага б хацелася. Скажам, смятану 23-працэнтнай тлустасці плануюць пастаўляць па пятніцах і суботах. А як жа ў іншых раёнах, пытаюся, напрыклад, на Барысаўшчыне можна купіць танную 12-працэнтную смятану, якая каштуе крыху болей як дзве тысячы рублёў? Аказваецца, магутнасці нашага камбіната па прычыне яго спецыфікі — вытворчасць сухога малака — не дазваляюць праводзіць такія эксперыменты з цэльнамалочнай прадукцыяй. Па словах кіраўніка МКК, праз некаторы час, на жаль, знікне з прылаўкаў і таннае паўтарапрацэнтнае малако, якое саступіць месца вітамінізіраванаму трохпрацэнтнаму, а таксама малаку звычайнаму 3,2-працэнтнай тлустасці, даволі таннаму. Людзі займелі ўжо досвед самастойнай пераапрацоўкі паўтарапрацэнтнага малака — паспяхова робяць з яго кефір (дарэчы, неблагі, густы, лыжка стаіць у тым кефіры) і нават тварог. Нядаўна знаёмая падзялілася тэхналогіяй прыгатавання такога тварагу. Казала, з двух пакетаў атрымліваецца ладны кавалак тварожнай масы. А яшчэ такое малако… замарожваюць у маразілках, каб не закісала ды надаўжэй хапіла. Калі я падзяліўся такімі “сакрэтамі” на камбінаце, там шчыра здзівіліся, навошта марозіць малако? Гэтага нельга рабіць ні ў якім разе, бо ўся каштоўнасць прадукту знікае. Дарэчы, пра каштоўнасць. Ці не загінуць тыя самыя біфідабактэрыі, якія, як вядома, захоўваюць жыццяздольнасць толькі пры пэўных тэмпературах, пад час захоўвання малочных біяпрадуктаў у магазіне, а тым болей дома? І ці не стане, такім чынам, смятанка простай, звычайнай? Але гэта ўжо тэма іншай гаворкі.

Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>