Адзін у полі не воін

Крылатае выслоўе, вынесенае ў загаловак нататак, арганічна дапасуецца да тэмы публікацыі. Размову на гэты раз павядзём аб паўсядзённых стасунках органаў мясцовай улады з грамадскімі і палітычнымі фарміраваннямі. Без партнёрскіх адносін нельга гаварыць аб дынамічным функцыянаванні рэгіёна па ўсіх напрамках сацыяльнага, эканамічнага і культурнага развіцця.
Дарэчы, на Лепельшчыне зарэгістраваны тэрытарыяльная пярвічная арганізацыя Аграрнай партыі і раённая арганізацыя Камуністычнай партыі Беларусі, а таксама 20 грамадскіх арганізацый.

Злучае грамадскія аб’яднанні і палітычныя партыі раённы каардынацыйны Савет. Апошні з’яўляецца пастаянна дзеючым калегіяльным органам па выпрацоўцы і правядзенні ўзгодненых мерапрыемстваў, накіраваных на сумесную рэалізацыю дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі і падтрымку стабільнасці ў рэгіёне, і ўзаемадзейнічае з аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. У склад раённага Савета ўваходзяць кіраўнікі ўсіх арганізацыйных структур грамадскіх фарміраванняў і палітычных партый. Старшынёй абраны Васіль Канстанцінавіч Майзус, які кіруе Лепельскай раённай арганізацыяй Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў.
Ветэранскай арганізацыі выдзелена памяшканне, набыты камп’ютар, пастаянна аказваецца метадычная дапамога. 15 лютага сёлетняга года з ветэранамі сустрэўся старшыня райвыканкама Б. С. Яфрэмаў і яго намеснікі. Насычаны дыялог меў канструктыўны характар, прысутныя атрымалі адказы на свае пытанні. А ўвогуле ўдзельнікі грамадскіх фарміраванняў запрашаюцца на ўсе мерапрыемствы, якія праводзяцца органамі ўлады.
Галоўная мэта дзейнасці арганізацыі — абарона канстытуцыйных правоў і свабод ветэранаў, асоб пенсійнага і сталага ўзросту, вырашэнне шырокага спектра праблем ветэранскага руху. Ветэраны цесна працуюць з установамі адукацыі, аховы здароўя, ваенным камісарыятам, грамадскімі фарміраваннямі.
Зразумела, дзейнасць палітычнай партыі альбо грамадскай арганізацыі не абмяжоўваецца толькі вырашэннем статутных задач, а накіравана на рэалізацыю актуальных у дадзены момант праблем рэгіёна. У прыватнасці, прафсаюзныя арганізацыі аказваюць матэрыяльную дапамогу, арганізоўваюць аздараўленне работнікаў і іх дзяцей, забяспечваюць абарону інтарэсаў і сацыяльных гарантый працаўнікоў. Дзякуючы супольным намаганням уладных структур наймальнікаў і прафсаюзаў у калектывах пануюць стабільнасць, забяспечваецца занятасць і своечасовая выплата заработнай платы, вырашаюцца сацыяльныя праблемы.
— Не ў поўнай меры прафсаюзы наладзілі плённыя стасункі з наймальнікамі і дамагліся усебаковага выканання патрабаванняў Дырэктывы №1, — адзначыў у гутарцы начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ігар Урбан. — На вытворчасці не зжыты парушэнні працоўнай і тэхналагічнай дысцыпліны. Існуюць праблемы ва ўзаемадзеянні з суб’ектамі гаспадарання недзяржаўнага сектара эканомікі, дзе ўплыў прафсаюзаў адсутнічае альбо недастатковы. Кранёмся хаця б выхаваўчай і прафілактычнай работы з асацыяльнымі асобамі. Выпівохі, прагульшчыкі не павінны заставацца па-за зонай увагі прафсаюзнага актыву…
Прыкметна актывізуецца паўсядзённая работа раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”. Намаганні актыву накіраваны на развіццё сацыяльнай актыўнасці, ініцыятывы грамадзян, кансалідацыю грамадства, удзел у рэалізацыі сацыяльных праектаў і дзяржаўных праграм, падтрымку моладзі і грамадскі кантроль у складзе грамадскіх прыёмных. Разам з аддзелам ідэалагічнай работы райвыканкама летась праведзена акцыя «У новы год з Белай Руссю: традыцыі, сучаснасць, будучыня». У мерапрыемстве бралі ўдзел ветэраны працы, якія ўнеслі важкі ўклад у развіццё раёна, маладыя кіраўнікі, рэзерв кадраў раёна, старшыні пярвічных арганізацый «Белай Русі». У рамках акцыі адбыўся абмен вопытам дзейнасці, адкрыта грамадская прыёмная на базе сярэдняй школа №3, адбыліся экскурсіі на ААТ «Лепельскі МКК», СВФ «Заазер’е», КУП «ДРАЦ «Жамчужына».
У шэрагах раённай структуры «Белай Русі» — 470 чалавек, аб’яднаных у 24 пярвічныя ячэйкі.
— Ігар Генадзьевіч, лагічным працягам нашай гутаркі стала б моладзевая тэматыка. Маю на ўвазе стасункі ўладных структур з раённай арганізацыяй ГА «БРСМ». Наколькі актыўны і прагматычны вектар рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі?
— Пачну з таго, што РК ГА «БРСМ» працаўладкоўвае штогод 600 — 700 маладых людзей, якія бяруць удзел у рэканструкцыі і добраўпарадкаванні жывёлагадоўчых фермаў і азеляненні райцэнтра. Рэгулярна праводзяцца мерапрыемствы, прысвечаныя памятным датам і дзяржаўным святам: ваенна-спартыўная гульня «Зарніца», аўтапрабег па месцах баявой славы, прысвечаны Дню Перамогі, акцыі «Мы — грамадзяне Беларусі!», «За Беларусь!», «Да абароны Айчыны гатовы!», «Я памятаю! Я ганаруся», «Квітней, Беларусь», «За любімую Беларусь», турыстычныя злёты. На працягу некалькіх гадоў маладыя людзі спаборнічаюць па джып-трыяле, які збірае ўдзельнікаў не толькі з Рэспублікі Беларусь, але і з блізкага замежжа.
Моладзь творча асвойвае інтэрнэт-рэсурсы. І гэтая акалічнасць не магла застацца па-за ўвагай моладзевага фарміравання. Раённая арганізацыя пашырае сваю прысутнасць у інтэрнэт-прасторы. Рэгулярна абнаўляецца інфармацыя на сайце райвыканкама і lepel.by, праводзяцца конкурсы ў групах і на старонках сацыяльнай сеткі «Вконтакте» (545 удзельнікаў). Летась раённая арганізацыя лідыравала ў абласным конкурсе на лепшае асвятленне сваёй работы ў інтэрнэт-прасторы.
Задавальняцца дасягнутым, па словах І. Урбана, недаравальна. Праблемы існуюць. Найперш варта не толькі падумаць, а і прыняць эфектыўныя захады па росце шэрагаў моладзевай арганізацыі. Актыўней варта ствараць пярвічныя арганізацыі на прадпрыемствах і ў арганізацыях.
— Выхаванне ў юнакоў і дзяўчат актыўнай жыццёвай пазіцыі, пачуцця грамадзянскасці, патрыятызму прасочваецца і на яскравых прыкладах работы іншых грамадскіх фарміраванняў…
— Важны аспект закранулі. У вызначаным рэчышчы працуюць таксама раённыя арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» і грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз афіцэраў». Падчас святкавання Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў і Дня абаронцы Айчыны членамі гэтых аб’яднанняў штогод ладзяцца ўрачыстыя сходы ў вайсковых часцях Бароўкі і Заслонава, установах адукацыі. Сіламі гэтых арганізацый пабудаваны і адкрыты памятныя знакі, прысвечаныя воінам-інтэрнацыяналістам у Заслонаве і Бароўцы. На працягу чатырнаццаці гадоў праводзіцца раённы турнір па баскетболе на прыз воіна-інтэрнацыяналіста І. Д. Салаўёва.
Патрыятычнаму выхаванню моладзі, супрацоўніцтву з грамадскімі арганізацыямі, удзелу ў грамадска-палітычным жыцці пільную ўвагу ўдзяляе раённая арганізацыя Камуністычнай партыі Беларусі. Творчы запал уласцівы партыйцам. Жывуць яны паўнакроўным жыццём. Назаву толькі апошнюю акцыю — паездку на малую радзіму Героя Савецкага Саюза, былога першага сакратара ЦК КПБ П. М. Машэрава.
— Нельга ўявіць, Ігар Генадзьевіч, вірлівае шматграннае жыццё рэгіёна без удзелу жанчын. Апрача вытворчай дзейнасці яны па праве з’яўляюцца захавальніцамі сямейнага ачага. Пры ўсёй штодзённай занятасці знаходзяць вольную хвілінку і для грамадскіх спраў…
— Сапраўды, так. Лепельская раённая арганізацыя ГА «Беларускі саюз жанчын» трымае руку на пульсе падтрымкі сям’і , сацыяльных гарантый жанчын, выхавання дзяцей, удзельнічае ў рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №18, Прэзідэнцкай праграмы «Дзеці Беларусі», Нацыянальнай праграмы па дэмаграфічнай сітуацыі. Жаночы актыў, вобразна кажучы, іграе першую скрыпку ў правядзенні рэспубліканскіх акцый «Здароўе жанчыны — здароўе нацыі», «Сям’я без гвалту» і інш. Жаночыя саветы не застаюцца ўбаку ад наладжвання мерапрыемстваў, прысвечаных Дню маці, Дням жанчын, сям’і, абароны дзяцей, дням навагодніх і калядных святаў для дзяцей-сірот, шматдзетных сем’яў і сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў.
Колькі слоў пра раённае аддзяленне ГА «Беларускі Фонд міру». Актывісты актыўна ўдзельнічаюць у рэалізацыі сацыяльна-культурных праграм і патрыятычных акцый. Скажам, раённы турнір па баскетболе на прыз воіна-інтэрнацыяналіста І. Салаўёва нязменна праходзіць пры падтрымцы Фонду міру. Фінансуюцца таксама мерапрыемствы па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў, добраўпарадкаванне памятных месцаў і воінскіх пахаванняў. У бягучым годзе прадпрыемствамі і арганізацыямі раёна ўжо сабрана больш за 12 мільёнаў рублёў у Фонд міру.
Вызначаны прыярытэтныя мерапрыемствы да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Вялікай Перамогі. У далейшым неабходна арганізаваць збор грашовых ахвяраванняў для названых мэт ад структур недзяржаўнай формы ўласнасці.
Натуральна, здаровым людзям лягчэй адаптавацца да зменлівых умоў жыцця. Людзям з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі працэс сацыяльнай адаптацыі даецца цяжэй. Ім лягчэй жыць там, дзе інвалідаў успрымаюць нароўні з усімі. У многім спрыяе гэтаму, у прыватнасці, дзейнасць раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства інвалідаў» і інвалідаў па зроку. Высілкі фарміравання нацэлены пераважна на сацыялізацыю інвалідаў, падтрыманне і раскрыццё іх творчага патэнцыялу, рэалізацыю комплексу пытанняў па стварэнні безбар’ернага асяроддзя, аказанне адраснай дапамогі. Арганізацыі творча і мэтанакіравана супрацоўнічаюць з упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, установамі аховы здароўя. Сумесна наладжваюцца культурна-масавыя мерапрыемствы, аказваецца гуманітарная дапамога.
Арганізацыі інвалідаў поруч з тэрытарыяльным цэнтрам праводзяць мерапрыемствы, прысвечаныя Дню жанчын. У чэрвені 2013 года таварыства інвалідаў і аддзелы фізкультуры, спорту і турызму, па справах моладзі раённага выканаўчага камітэта правялі турыстычны злёт для дзяцей-інвалідаў на возеры Люсеніца.
Цёплым і запамінальным стаў Дзень маці, калі былі ўручаны падарункі матулям, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў. Нялёгка ім даеццца кожны дзень, але нашы слаўныя жанчыны не апускаюць рук, сямейны ачаг палае зырка і натхнёна. Пад іх пяшчотным крылом дзеці не адчуваюць нейкай абдзеленасці, адчужанасці ад навакольнага асяроддзя.
«Зорка надзеі» ярка палае на культурным небасхіле Лепельшчыны. Людзі з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі дэманструюць свае здольнасці ў прыгожым пісьменстве, песеннай творчасці, дэкламаванні. Неаднойчы даводзілася бываць на гэтым творчым фэсце, шчыра апладзіраваў выступоўцам, захапляўся няспыннай крыніцай творчых фантазій і памкненняў.
Падсумоўваючы нашы разважанні і высновы, адценім такую дэталь: грамадскім арганізацыям, на наш погляд, варта актыўней займацца амаладжэннем сваіх шэрагаў, актывізаваць работу па фарміраванні здаровага ладу жыцця, духоўным удасканаленні моладзі, узмацненні інфармацыйнай і асветніцкай працы па напрамках гісторыі Беларусі і Лепельшчыны. А ў цэлым высілкі партый і грамадскіх арганізацый накіраваны на вырашэнне актуальных праблем насельніцтва, растлумачэнне палітыкі беларускай дзяржавы і зняцце сацыяльнай напружанасці, грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне, прапаганду духоўных і маральных каштоўнасцяў беларускай нацыі.
Уладзімір ШАЎЧЭНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>